29 сакавiка 2024, Пятніца, 2:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Уратаваць шарагоўца Мадуру

37
Уратаваць шарагоўца Мадуру
ФОТА: БелТА

Неразумна спадзявацца на ахову, калі ўлада выслізгвае.

Няма бязвыхадных сітуацый. Нават у вышэйшых уладаў. Як бы ні прыпякала таго ці іншага правадыра, у кожнага дзесьці ёсць запасны варыянт. Толькі ў хвіліну крайняй небяспекі не трэба панікаваць і хапацца за аўтамат, каб утрымаць крэсла. Значна прасцей усё цвяроза ўзважыць і бесстаронна ацаніць сітуацыю. Аднак менавіта ў гэтым пункце дыктатары пачынаюць ліхаманкава мітусіцца і ўчыняюць фатальную памылку.

Неразумна спадзявацца на ахову, калі ўлада выслізгвае. Усё ляціць пад адхон. Растлумачыць немагчыма, чаму гэта Чаўшэску, які падазраваў усіх у нявернасці даверыўся раптам сваёй прадажнай сігуранцы. А мудры правадыр Муамар наогул ўявіў, што ў выпадку небяспекі яго стануць абараняць шалапутныя дзяўчаты з блізкага кола. Для такіх мудрых правадыроў - недаравальная памылка. Але ўрок забываецца. І ўжо ў іншай частцы зямной кулі паўтараецца той жа сцэнар.

А выратаваць шарагоўца дыктатара ў такой сітуацыі можа толькі сябра. Калі ўзгадае і патэлефануе. У той самы момант, калі ўсе рэсурсы ўжо вычарпаныя, і самыя верныя тантон-макуты, ці хто там наўзамен, ужо азіраюцца па баках - куды б шмыгануць?

Палымянаму таварышу Мадуру пашанцавала. Яшчэ не самкнулася кола, як прагучаў тэлефонны званок. Высветлілася, што гэта сябра. З сонечных Драздоў. Запэўніў, што гордая Венесуэла заўсёды можа разлічваць на падтрымку беларускай стараны. Брацкім абдымкам праз акіян перашкодзіла хіба толькі дзіўная фраза, быццам падрыхтаваная загадзя нейкай сумнай канторай. «Катэгарычна не падтрымліваем усялякае замежнае ўмяшанне ва ўнутраныя справы суверэннай дзяржавы, у тым ліку накіраванае на дэстабілізацыю сітуацыі ў краіне».

Гэтаму шчыраму парыву, хай нават у канцылярскім выкладзе, не было б цаны, калі б не адная акалічнасць. Амаль у той жа час патэлефанаваў яшчэ адзін сябар - з Крамля. І словы суцяшэння ў яго былі амаль тыя ж: «Дэструктыўныя замежныя ўмяшанні груба парушаюць асноватворныя нормы міжнароднага права». Выпадковае супадзенне?

З інфармацыйных каналаў папаўзлі разнастайныя чуткі. Быццам раптоўны парыў крамлёўскага кіраўніка і ягонага нязменнага хаўрусніка прадыктаваны не з добрымі пачуццямі, а халодным разлікам. З'явіліся нават канкрэтныя лічбы. Быццам бы наша мітуслівая ўлада ў надзеі на высокі прыбытак паспяшалася ўкласці ў зыбкую эканоміку Венесуэлы як мінімум паўмільярда даляраў. А Расея наогул павяла сябе безразважна - уляляшчыла туды ці то дваццаць, ці то ўсе дваццаць пяць мільярдаў зялёных. Дык ці варта здзіўляцца ўзніклым супадзенням? Мары пра магчымую нажыву нават у самых розных суб'ектаў заканчваюцца на здзіўленне аднастайна.

Народ, які цяпер пратэстуе на вуліцах і плошчах найбуйнейшых гарадоў Венесуэлы пакуль яшчэ нават усвядоміць не можа, як ён асірацее, калі вецер непазбежных перамен пагасіць зыркую паходню неўтаймоўнай улады. Страшна застацца без правадыра, сцвярджае правадыр. Тым больш, што ён неаднаразова заяўляў пра свой невычэрпны рэсурс. І гэта было праўдай.

Надоечы ён уручаў узнагароды афіцэрам, якія асабліва вызначыліся пры разгоне дэманстрантаў. Кожны з гэтых герояў атрымаў з рук свайго адважнага прэзідэнта па тры рулоны туалетнай паперы. Пагалоскі ды здзеклівыя ўсмешкі недарэчныя. У цяперашняй Венесуэле, якая ўпэўнена ідзе да высокай мэты дарогай, накрэмзанай правадыром, гэтыя сціплыя рулоны - неверагодны дэфіцыт. І калі таварышу Мадуру давялося ў такім выпадку распачаць свае стратэгічныя запасы, значыць справы там дрэнь.

І ўсё гэта адбываецца ў краіне, якая валодае неймавернымі запасамі нафты. Яны перасягаюць нават разведаныя запасы Блізкага Усходу. Мала таго, дык там яшчэ акіян, водныя шляхі для бесперашкоднага транспартавання гэтага дабра па ўсім свеце. Плодная зямля і адпаведны клімат - можна здымаць два ўраджаі на год, а пры жаданні ўсе тры. І які ўнікальны талент павінна мець улада, каб такую краіну давесці да картачнай сістэмы на прадукты харчавання, фантастычнай інфляцыі, ды яшчэ і масавай галечы. Ці варта здзіўляцца, што пратэсты і хваляванні там успыхваюць бессперапынна і доўжацца доўга.

Адзінокія дыктатуры раскіданыя па ўсім свеце. Вонкава яны быццам бы вельмі розныя. Але імкнуцца да аднаго ўзору. А таму бясконца любыя адна адной. Якія б абяцанні ні давалі яны сваім падданым, кожная з такіх экзатычных сістэм нарэшце прыходзіць да агульнага для ўсіх фіналу - рулона туалетнай паперы. У якасці неверагоднага дэфіцыту, высокай узнагароды за адданасць і эквівалентай аплаты за шчырую працу.

Аднак на доўгім шляху да гэтага цудоўнага знаку ўсеагульнага шчасця адбываюцца часам зусім фантастычныя падзеі. У гэтыя студзеньскія дні, калі ў далёкай Венесуэле разгараліся неабыякія жарсці, у нашай цудоўнай краіне, а дакладней, у ціхім і цалкам еўрапейскім Берасці, адбылося нешта незразумелае.

Ішоў снег. І маладая жанчына, як гэта звычайна здараецца ў такія дні ў розных кутках планеты, зляпіла снегавіка. А паколькі яна не аднойчы ўдзельнічала ў пратэстах гараджан супраць будаўніцтва акумулятарнага завода, здольнага адкідамі свінцу забруджваць яе ўлюбёны горад, надумала па-свойму ўпрыгожыць гэтае снежнае стварэнне. Прымацавала да яго аркуш, на якім былі напісаныя тры кароткія фразы.

«Прэч атруту! Не заводу! Гаспадарыць тут народу!»

Імгненна ўзнікла бескампрамісная варта тутэйшых парадкаў. Вывучыла снегавіка і гэтыя кароткія фразы. Не прапусціла стоеную пагрозу мясцовай стабільнасці. Склала пратакол аб правапарушэнні.

Усялякае здаралася ў краіне ў апошнія гады. Аднак прастадушныя снегавікі пераследаў пакуль не зазнавалі. Але гэтыя шчаслівыя часы доўжыліся не доўга. Снежную крамолу ўлада ўзяла на кантроль. А ці магло быць інакш у краіне пераспелай дыктатуры? Калі ў далёкай Венесуэле хістаецца братэрскі рэжым, якія тут могуць быць снегавікі?..

Страшна нават падумаць, што магло б здарыцца, калі б у спісе ўпрыгожванняў гэтага снежнага стварэння значыліся яшчэ і вусы. Чорныя. Злыя. Вядомыя ўсім.

А таму цалкам натуральна ўзнікае пытанне: а ці магла такая ўнікальная па сутнасці краіна не паспяшацца на дапамогу няўрымсліваму таварышу Мадуру? Дыктатары проста абавязаны адзін аднаго берагчы - больш няма каму. І калі хто-небудзь з іх раптам знікне з тэлеэкранаў, невядома, хто апынецца наступным на краі іх агульнай прорвы.

Гэта бездань глыбокая i страшная. Але каму паскардзіцца на злы лёс, калі менавіта ў гэтым кірунку ўважае за лепшае ісці ўся недарэчная ўлада?

З інстынктам спрэчкі недарэчныя.

Уладзімір Халіп, спецыяльна для Charter97.org

Напісаць каментар 37

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках