20 красавiка 2024, Субота, 0:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як у войнах з Масквой нашы продкі ўмацавалі дзяржаўную сістэму ВКЛ

1
Як у войнах з Масквой нашы продкі ўмацавалі дзяржаўную сістэму ВКЛ

Пачатак 16 стагоддзя - важны перыяд у гісторыі Беларусі.

Кароль памёр, жыве кароль. Смерць Казіміра Чацвёртага, польскага караля і вялікага князя Літоўскага, азначала ўзвядзенне на трон ВКЛ Яна-Альбрэхта, які ўжо заняў сваё законнае месца на троне Польшчы. Так павінна было адбыцца паводле Крэўскай уніі. Але ліцвінскія арыстакраты захацелі мець свайго князя, які б выконваў іх волю і не абапіраўся на польскую знаць. Таму вялікім князем Літвы быў абвешчаны Аляксандр. Правіць Вялікім княствам Літоўскім літвіны даверылі яму 20 ліпеня 1492 года, піша «Літвін».

Паны-рады абралі князем менавіта Аляксандра, пры ўмове, што ён будзе развязваць важныя справы княства, напрыклад, пытанні абароны краіны, напісанне законаў і пытанні міжнародных дачыненняў, толькі з улікам іх меркаванняў. Аляксандр павінен быў прысвячаць паны-рады ва ўсе дзяржаўныя справы і прыслухоўвацца да іх меркаванняў.

КАРОЛЬ ПОЛЬШЧЫ КАЗІМІР IV

У перыяд праўлення Аляксандра прайшло некалькі войнаў з Масквой. Так, вынікамі няўдалай для Літвы вайны з Масквой (пачалася ў 1492 годзе, а скончылася амаль праз два гады) стала тое, што ворагам ВКЛ адышла частка Верхаўскіх княстваў і Вяземскае княства (цалкам).

Стасункі паміж Літвой і Масквой не палепшыліся нават пасля таго, як князь Аляксандр ажаніўся на Алене Іванаўне, дачцэ Івана III, кіраўніка Маскоўскага княства. Васіль III прадаўжаў умешвацца ў Літоўскія справы, а ягоныя спробы далучыць Літоўскае княства да Масквы ну ніяк не ўдаваліся, таму войны літвінаў з маскавітамі ўспыхвалі зноўку і зноўку.

Напрыклад, вайна, якая пачалася ў 1500 годзе, доўжылася тры гады. У самым пачатку адбылася бітва пры Вадрашы, непадалёк ад горада Дарагабужа. Вынікам буйной бітвы стаў разгром літоўскага войска, галоўнакамандуючым якога з'яўляўся гетман Астрожскі, маскоўскія баяры захапілі гетмана ў палон.

Таксама маскоўскія войскі разбуралі Полацк, Смаленск, Віцебск, Воршу і Мсціслаў. Кровапралітная вайна скончылася падпісаннем мірнай дамовы, у якой значылася, што Чарнігаў, Гомель, Старадуб, а таксама Тарапецкае, частка Мсціслаўскага і Бельскае княства прызнаваліся законнай вайсковай здабычай Масквы і аддаваліся ёй навечна.

Але падчас праўлення князя Аляксандра маскоўцы не былі адзінымі ворагамі Літвы. Вялікае Літоўскае княства пакутавала яшчэ і ад сталых набегаў крымскіх татар. 1502, 1503, 1505 гады азначаліся сутычкамі з татарамі, якія ўвесь час рабавалі Случчыну, Наваградак, Менск, адводзілі тысячы літвінаў у крымскую няволю.

У 1506 годзе татары дабраліся ў сваіх набегах нават да Ашмянаў, Гародні, Клецка, Ваўкавыска. Яны агнём і мячом прайшлі праз Менск, праз Петрыкаў, Брагін і Мазыр. Ужо налета іх набегі былі спыненыя ў бітве пад Клецкам.

Да Клецка князь Аляксандр выслаў раць пад камандаваннем свайго найлепшага палкаводца ваяводы Глінскага. Ліцвінскія войскі, змагаючыся з вялікай адвагай і ахвярнасцю, здолелі разграміць орды татараў колькасцю сорак тысяч коннікаў. Глінскі добра правучыў ардынцаў. Пасля такой моцнай паразы татары набегаў на ліцвінскія вобласці больш не ажыццяўлялі.

19 жніўня 1506 года князь Аляксандр памёр. Але ягоную справу працягнуў Жыгімонт Першы, празваны Старым. Каб захаваць унію паміж Польскім каралеўствам і Вялікім княствам Літоўскім, польскі сейм абраў Жыгімонта каралём. 8 снежня гэтага ж года ён быў каранаваны.

Неўзабаве пачалася вайна з Масквой, якая скончылася у 1507 годзе. Пасля шэрагу ваенных правалаў ліцвінскім войску некаторыя ўсходнія надзелы Вялікага княства Літоўскага адышлі да Масквы.

Наступная вайна пачалася ў 1512 годзе, яна доўжылася ледзь не на дзесяць гадоў. Войску Жыгімонта Старога ў 1514 годзе ўдалося адбіць Смаленск. У тым жа годзе, 8 верасня, прайшла бітва пад Воршай, тады літоўскімі войскамі камандаваў Канстанцін Астрожскі, які дамогся сапраўднага трыумфу ваеннага мастацтва літвінаў, перамогшы 80-тысячнае войска маскоўскіх ваяводаў.

Жыгімонт праводзіў актыўную наступальную ваенную палітыку на паўднёвых рубяжах Рэчы Паспалітай. У набегі на асманаў накіроўваліся атрады казакоў, якія руйнавалі цытадэлі татараў і туркаў у Крыме. У 1524 годзе гетман Канстанцін Астрожскі нават захапіў разам з казацкім атаманам Астапам Дашкевічам моцную Асманскую цытадэль ля Чорнага мора - Ачакаў.

За Жыгімонтам Першым Старым Рэчы Паспалітая вярнула сабе таксама Любеч і Гомель. Адбылося гэта пасля вайны, распачатай ў 1534 годзе і скончанай праз тры гады.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках