28 сакавiка 2024, Чацвер, 18:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Батуты» ад Рагозіна

6
«Батуты» ад Рагозіна
ДЗМІТРЫЙ РАГОЗІН
ФОТА: ТАСС

Кіраўнік NASA распавёў пра поўнае скасаванне запрашэння для кіраўніка «Раскосмасу».

Кіраўнік NASA Джым Брайдэнстайн назваў ціск Сената прычынай скасавання запрашэння для кіраўніка «Раскосмаса» Дзмітрыя Рагозіна. Пра гэта ён распавёў у інтэрв'ю Washington Post (пераклад - newsader.com). З ягоных слоў, цэлы шэраг кангрэсмэнаў сказаў, што «прыезд Рагозіна з'яўляецца дрэннай ідэяй». «З гэтай прычыны я прыняў пастанову скасаваць гэтае запрашэнне», - сказаў Брайдэнстайн.

Газета прыводзіць заяву сенатаркі-дэмакраткі Джын Шахін, з падкамітэту, які займаецца асігнаваннямі на карысць NASA.

«Пасланне Амерыкі Крамлю павінна быць адназначным: у дзеянняў ёсць наступствы. Запрашэнне ад Брайдэнстайна Дзмітрыю Рагозіну, аднаму з вядучых архітэктараў крамлёўскай агрэсіі супраць суседзяў, дэзавуюе наша пасланне і падрывае асновы нацыянальнай бяспекі ЗША. Рагозін прадэманстраваў, што аддае перавагу выбіраць канфлікт замест супрацоўніцтва. Гэта запрашэнне аслабляе сусветную рэпутацыю ЗША, дэманструючы тую лёгкасць, з якой расейскія чыноўнікі могуць абыходзіць трансатлантычныя санкцыі», - сказала Шахін.

Як адзначалася, яе падтрымаў іншы сенатар ад Дэмакратычнай партыі - Марк Уорнер.

Першапачаткова Брайдэнстайн паведамляў пра перанос візіту Рагозіна на няпэўны час, аднак пасля ўзмацнелай крытыкі наважыў адклікаць запрашэнне, тлумачыць Washington Post. У інтэрв'ю газеце кіраўнік NASA патлумачыў сваю пазіцыю ў дачыненні да Рагозіна спробай «захаваць трывалыя працоўныя стасункі, якія былі б аддзеленыя ад геапалітыкі», што, з ягоных слоў, «было добра для абедзвюх краін».

«Раскосмас» заяўляў, што чакае «афіцыйных тлумачэнняў пазіцыі NASA» з нагоды візіту расейскай дэлегацыі ў ЗША. Ведамства паведаміла пра тое, што расейскі бок пакуль не прыпыніў падрыхтоўку «перамоўнай пазіцыі ў супрацоўніцтве бакоў».

«Батуты» ад Рагозіна

Запрашэнне, якое адпраўленае Брайдэнстайнам Рагозіну ў кастрычніку, было ўзгодненае загадзя: у чэрвені амерыканскае міністэрства фінансаў выдала адпаведны дазвол кіраўніку «Раскосмаса» на наведванне ЗША. Без спецыяльнага дазволу асобы з санкцыйных спісаў ЗША не маюць права ўязджаць на амерыканскую тэрыторыю.

У перыяд з 2013 да 2018 года Брайдэнстайн займаў пасаду сенатара ад Рэспубліканскай партыі. Прэзідэнт Дональд Трамп прапанаваў яго кандыдатуру на пасаду кіраўніка NASA ў верасні 2017 года. У красавіку ён быў зацверджаны на гэтай пасадзе Сенатам, дзе большасць месцаў належыць рэспубліканцам.

Падчас свайго візіту ў Расею, які адбыўся ўвосень мінулага года, Брайдэнстайн назваў Міжнародную касмічную станцыю «цудам супрацоўніцтва» паміж дзяржавамі.

Амаль 20 гадоў амерыканцы і расейцы сумесна працуюць на МКС. З 2011 года - пасля закрыцця ў ЗША ўласнай пілатуемай праграмы палётаў - амерыканцы лётаюць да МКС на расейскіх караблях «Саюз», аплачваючы 80 мільёнаў даляраў за кожнае пасадачнае месца. З гэтага года, як чакаецца, амерыканскія астранаўты пачнуць спадзявацца ў гэтым пытанні на прыватныя касмічныя кампаніі ЗША - SpaceX і Boeing.

Узаемныя візіты амерыканскіх і расейскіх прадстаўнікоў касмічных галін - даўняя традыцыя. Яна была перапыненая пасля таго, як пасаду кіраўніка «Раскосмаса» заняў грамадзянін РФ з амерыканскага «чорнага спісу» асобаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Амерыкі.

Пасля ўвядзення санкцый супраць РФ у 2014 годзе Рагозін, нагадвае выданне, прапанаваў амерыканцам выкарыстаць для палётаў на арбіту «батуты» замест расейскіх апаратаў «Саюз».

У кастрычніку 2018 года ўпершыню за дзесяцігоддзі старт ракеты «Саюз» з расейскім і амерыканскім экіпажам скончыўся аварыяй. Каманду ўдалося выратаваць. Незадоўга дагэтуль у бытавым адсеку карабля «Саюз» была знойдзена дзірка, якая стала прычынай уцечкі паветра з МКС. У красавіку 2017 г. пры вяртанні капсулы «Саюза» з экіпажам на борце ў ашалёўцы апарата ўзнікла расколіна. Пра гэта стала вядома ад амерыканскага астранаўта праз паўгода пасля інцыдэнту. «Раскосмас» тады маўчаў пра здарэнне.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках