23 красавiка 2024, aўторак, 9:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Tagesspiegel: Пытанне пра пераемніка Пуціна ўзмоцнена займае Крэмль

9
Tagesspiegel: Пытанне пра пераемніка Пуціна ўзмоцнена займае Крэмль
ФОТА: AP

Нямецкае выданне прааналізавала планы расейскай улады.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў у сакавіку мінулага года галоўная рэдактарка тэлеканала Russia Today Маргарыта Сіманьян назвала Уладзіміра Пуціна "правадыром", хоць раней, заўважае нямецкае выданне Der Tagesspiegel, шэфа Крамля называлі "лідарам" (пераклад - inopressa.ru).

Ці не сталі словы Сіманьян першай прыкметай запланаваных змен у існай сістэме ўлады?

"У 2018 годзе моцныя і слабыя бакі пуцінскай сістэмы сталі відавочнымі як ніколі, - адзначае журналістка Юта Зомэрбаўэр. - Моцныя бакі: механізм мабілізацыі на пераабранне шэфа Крамля спрацаваў усё яшчэ безадмоўна. (...) Улетку ўлады арганізавалі бездакорны чэмпіянат свету ў футболе. Аднак неўзабаве пазначыўся і адваротны бок медаля: паспешлівае прыняцце спрэчнай пенсійнай рэформы, а таксама эканамічны спад выклікалі незадаволенасць. Ні рызыкоўныя ваенныя аперацыі, ні канфрантацыя з Захадам, якую ўлады падалі як кампанію абароны краіны, не змаглі да канца года ўзняць рэйтынг Пуціна".

З 2019 году пытанне пра наступніка Пуціна будзе ўзмоцнена займаць Расею, мяркуе журналістка. Сёння крамлёўская верхавіна насур'ёз абмяркоўвае Канстытуцыю і яе магчымую змену. Так, старшыня Канстытуцыйнага суда РФ Валерый Зоркін заклікаў у адным са сваіх артыкулаў да змены асноўнага закону з мэтай павышэння яго эфектыўнасці. Прэм'ер-міністр Дзмітрый Мядзведзеў апублікаваў у снежні эсэ, у якім ён падкрэсліў прыярытэт "традыцыйных расейскіх вартасцяў" перад правамі чалавека. Старшыня Дзяржаўнай думы Вячаслаў Валодзін прапанаваў ацаніць эфектыўнасць Канстытуцыі з дапамогай экспэртнай камісіі.

"Усё гэта сведчыць аб тым, што дэбаты пра Канстытуцыю будуць убірацца ў сілу і ў новым годзе. Але пакуль няясна, да чаго гэта прывядзе: можа быць, Пуцін будзе кіраваць да канца сваіх дзён? Гэтая мадэль сёння ўжо карыстаецца папулярнасцю ў некаторых суседніх краінах: кіраўнікі Казахстана, Таджыкістана або Беларусі не ведаюць меж свайго тэрміну паўнамоцтваў, - зазначае выданне. - Крэмль мог бы ўгледзець у гэтым "расейскую вартасць", што стала б канчатковай адмовай ад заходняй мадэлі дэмакратыі, на якую незалежная Расея арыентуецца прынамсі фармальна. Альбо адказныя асобы разглядаюць магчымасць стварэння калектыўнага органа кіравання? Асаблівай пасады для былога прэзідэнта? Умацавання пасады прэм'ера, якую Пуцін мог бы заняць, як у 2008 годзе? Пакуль гаворка ідзе пра тое, каб прамацаць настроі: ці паўстане сярод насельніцтва незадаволенасць або абыдзецца без яе?".

"Я заўсёды строга пільнаваўся і пільнуюся Канстытуцыі Расейскай Федэрацыі", - заявіў надоечы Уладзімір Пуцін. "Аднак, - заўважае Зомэрбаўэр, - гэта зусім не аргумент супраць яе змены".

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках