19 красавiка 2024, Пятніца, 17:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пенсійная рэформа ў Літве: ці магчыма такое зрабіць у Беларусі?

18
Пенсійная рэформа ў Літве: ці магчыма такое зрабіць у Беларусі?

Пенсіі нашых паўночных суседзяў вырастуць прыкладна ў паўтара раза.

У суседняй з Беларуссю краіне ў рамках пенсійнай рэформы ўсе працоўныя жыхары, маладзейшы за 40 гадоў, з 1 студзеня сталі ўдзельнікамі прыватнага пенсійнага назапашвання. Цяпер яны маюць паўгода на тое, каб вызначыцца, ці будуць яны браць удзел у дадатковым назапашванні або не, паведамляе «Белсат».

З гэтага года на 0,55% паніжаны ўнёскі работнікаў у «Содру» (аналаг фонду сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАН) і на 1% - падаходны падатак. Дзякуючы гэтаму, заробкі ў сярэднім павялічацца на некалькі дзясяткаў еўраў. Напрыклад, калі літовец бярэ «на рукі» 1000 еўраў, ягоная заплата вырасце на 52 еўры, паведамляе DELFI.

Аднак гэтая частка заробку пойдзе не ў кішэні грамадзян, а на дадатковае пенсійнае назапашванне, у сістэму якога і ўключылі ўсіх працоўных літоўцаў, маладзейшых за 40 гадоў. Удзельнічаюць у фондах і тыя, хто дагэтуль адкладваў на пенсію дадаткова, незалежна ад іхняга веку. Дадатковае пенсійнае назапашванне не варта блытаць з пенсіяй на старасць, якую бяруць усе чыста жыхары Літвы, якія атрымалі неабходны стаж. У лістападзе 2018 года яна ў сярэднім складала 320 еўраў. Дзякуючы дадатковым назапашванням, яе можна будзе павялічыць.

Ці можна адмовіцца ад сістэмы?

Так, кожны працоўны жыхар Літвы маладзейшы 40 гадоў можа адмовіцца ад удзелу ў назапашванні да 30 чэрвеня. Тых, хто не паведаміць аб адмове, уключаць у сістэму, і выйсці з яе ўжо нельга. Тых, хто адмовіцца, кожныя тры гады зноў будуць уключаць у сістэму, але не больш за тры разы.

Як павялічацца пенсіі?

Пенсія ў Літве з мінулага года складаецца з дзвюх частак - агульнай і асабовай. Агульная частка залежыць ад стажу. Напрыклад, калі стаж складае 35 гадоў, то пенсія складае 174 еўры. І, чым большы стаж, тым вышэйшая асноўная частка пенсіі. Індывідуальная частка залежыць ад унёскаў у «Содру».

На сайце «Содру» ёсць калькулятар, які прагназуе Вашу пенсію. Напрыклад, Вы мужчына, вам 39 гадоў, на пенсію вы пойдзеце ў 2045-м годзе, раней ніколі не ўдзельнічалі ў пенсійных фондах і штомесяц бераце 1000 еўраў заробку (да падаткаў). Калі вы адразу будзеце адлічваць ў фонд 3% штомесяц, то Ваша пенсія складзе 701 еўра. Калі Вы спачатку будзеце адлічваць 1,8%, а пасля 2022 года 3% штомесяц, Ваша пенсія складзе 687 еўраў. Калі ж Вы адмовіцеся рабіць дадатковыя ўзносы, то Ваша пенсія складзе 469 еўраў.

«Рэформа? Якая рэформа?»

Выказаць сваё стаўленне да рэформы карэспандэнт «Белсата» папрасіў грамадзян Літвы. Але мала хто наогул ведаў, у чым палягаюць змены. «Рэформа? Якая рэформа?» - зазвычай чулі мы ад літоўцаў. Адказаць на нашы пытанні пагадзіўся Кястуціс Рымкявічус. Шчыра кажучы, яму таксама давялося спачатку вывучыць пытанне. Паводле ягоных слоў, пенсійная рэформа ў Літве мае надаць большую стабільнасць дзяржаўнаму фонду сацыяльнага страхавання, а таксама натхніць людзей больш думаць пра сваю будучыню.

- Рэформа дастаткова добрая. Ніякая сістэма дзяржаўнага рэгулявання не вызваляе асобу ад адказнасці думаць пра сваю будучыню і фінансы, якія яму альбо ёй патрэбныя для выжывання. Добрая інвестыцыя або проста прыватны ашчадак - толькі так людзі могуць зрабіць свой выхад на пенсію больш бяспечным. У кожным выпадку, самая лепшая рэформа і імпульс для росту будучых пенсій - гэта рабіць вашу краіну больш багатай, больш бяспечнай і больш стабільнай. Вось чаму, на маю думку, дэмакратыя, нацыянальная абарона і моцная эканоміка з'яўляюцца істотнымі чыннікамі, якія вядуць да сацыяльнай бяспекі ўсіх чальцоў грамадства, - падкрэсліў Кястуціс Рымкявічус.

Ці магчыма правесці такую рэформу ў Беларусі?

Пра патрэбу ўвядзення назапашвальных схем у Беларусі ў размове з Belsat.eu заявіла акадэмічная дырэктарка Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC Кацярына Барнукова.

- Рабіць гэта, вядома, было б лепш за ўсё так, як гэта зроблена ў Літве. Гэта значыць, частку грошай, якія раней плаціліся ў ФСАН, перанакіраваць у добраахвотнае пенсійнае страхаванне, хоць чалавек можа выявіць ініцыятыву і адмовіцца, - заявіла суразмоўца.

Але праблема ўвядзення такой сістэмы ў Беларусі ў тым, што беларусы стануць плаціць менш у ФСАН. І хоць на працягу апошняга года фонд быў прафіцытны, гэты прафіцыт, на думку экспэрткі, неўзабаве знікне.

- Таму мы цяпер не можам сабе дазволіць узяць адтуль частку грошай. Гэта можна было зрабіць ў 2000-х, калі ФСАН безупынна паказваў прафіцыт, але мы гэты момант прапусцілі. Цяпер гэта зрабіць дастаткова цяжка, - падкрэсліла Кацярына Борнукова.

На ейную думку, калі цяпер ФСАН не будзе атрымліваць частку сродкаў, то няма чым будзе плаціць пенсіі сённяшнім пенсіянерам. Разам з тым, ёсць варыянт, які б дазволіў развязаць гэтую праблему: пачаць прыватызацыю, а даходы ад яе накіраваць на кампенсацыю дэфіцыту ФСАН. І тады можна было б пакрысе уводзіць у дзеянне назапашвальны элемент сістэмы, упэўненая экспэртка.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках