22 студзеня 2019, aўторак, 20:43
Дзякую вам
Рубрыкі

Жыхар Глыбокага: У кіраўніцы «дармаедскай камісіі» шыя ад золата гнецца

87
архіўнае фота
Крыніца: tut.by

У «дармаедскай камісіі» сядзіць больш за дзясятак чыноўнікаў, уключна з міліцыяй.

Блізу паўмільёна беларусаў запісалі ў базу так званых «дармаедаў». Як высветлілася, многія людзі патрапілі туды выпадкова. Адны ўжо пачалі разбірацца са сваім статусам і хадзіць па кабінетах чыноўнікаў. Іншых жа па чарзе выклікаюць на так званыя «дармаедскія камісіі».

Са слоў жа Андрэя Ж. з Глыбокага, якога ўжо тройчы выклікалі на такія камісіі з прыцягненнем участковага міліцыянта, ніхто там не прапануе канкрэтнай і добра аплатнай работы, паведамляе «Радыё Рацыя».

- Стаіш, як школьнік, які правініўся, і павінен тлумачыцца. Чалавек пятнаццаць там сядзела - усё райвыканкамаўскія, уключна з міліцыяй. Асноўная там у камісіі сядзіць жанчына - шыя ад золата гнецца, пальцы хутка зломіць ад гэтага золата. Такая дзелавая, што ідзі і знайдзі сабе працу. Дзе яе знайсці, калі яе няма. Калі б выклікалі, прапанавалі нейкую працу ці яшчэ што. Я схадзіў у цэнтр занятасці адзін раз, пасля гэтага маёй ногі там не будзе. Я прыйшоў у цэнтр занятасці, яны паглядзелі ў мой пашпарт і сказалі: «Ты на свой узрост даўно глядзеў?». Мне ў гэтым годзе ўжо 48 гадоў будзе.

Як дадае Андрэй Ж., ён ўважае сябе добрым спецыялістам і дарма на гэтую ўладу не будзе працаваць нават пад руляй аўтамата:

- Вы стварыце працоўныя месцы і плаціце людзям нармальныя грошы. Чалавек пойдзе працаваць, ён не будзе «дармаедам» сядзець. Ніхто не хоча працаваць задарма. Чаму мы павінны ісці працаваць задарма, калі чынушы сядзяць, набіваюць на нашым горы, на нашай працы сабе кішэні. Я павінен за капейкі ісці калупацца, каб жыць ад палучкі да палучкі.

Са слоў уладаў, камісія павінна інфармаваць грамадзян аб тым, што яны ўключаныя ў спісы так званых «дармаедаў». Спіс такіх грамадзян будзе фармавацца кожныя паўгода і актуалізавацца кожны квартал.

Як раней паведамляў Charter97.org, беларусы, якія жывуць за мяжой, распавялі пра свае ўражанні ад кантактаў з чыноўнікамі.