19 красавiка 2024, Пятніца, 2:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У РФ хочуць мець поўны кантроль над беларускімі НПЗ

46
У РФ хочуць мець поўны кантроль над беларускімі НПЗ

Масква не супраць зрабіць беларускія НПЗ «сваімі», каб кампенсаваць падатковы манеўр.

На Каляды ў сацсетках з'явіліся паведамленні, што Расея гатовая купіць беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы (НПЗ) у Мазыры і Наваполацку, каб мець магчымасць кампенсаваць ім наступствы падатковага манеўру. Tut.by паспрабаваў даведацца, ці маюць размовы падставы.

Расея завяршае падатковы манеўр у нафтавай сферы. У 2019-2024 гадах вывазная мыта на нафту ў РФ, якую не выплачвае Беларусь пры імпарце вуглевадароднай сыравіны, знізіцца з 30 да 0%. Адначасова з гэтым будзе павышацца падатак на здабычу карысных выкапняў, што можа прывесці да павелічэння ўваходнага кошту нафты для Беларусі да фактычна сусветнага ўзроўню. З 2019 года расейскі бюджэт кампенсуе сваім НПЗ рост коштаў на сыравіну з дапамогай так званага адмоўнага акцызу. Менск гэта дазволіць не можа, дык хацеў атрымаць кампенсацыю ад Расеі. Але пераднавагоднія перамовы кіраўніцтва дзвюх краін поспехам не ўвянчаліся. Крэмль пажадаў больш глыбокай інтэграцыі.

Расея ўвязвае пытанне кампенсацыі з прыватызацыяй беларускіх НПЗ на карысць расейскіх кампаній. Маўляў, кампенсацыю выплачваць будзем, але толькі сваім заводам.

За «Нафтан» і сваю долю ў Мазырскім НПЗ, Беларусь хацела б атрымаць 10 млрд даляраў, паведаміў Телеграм-канал «Газ-батюшка». Прыкладна ў гэтулькі (10,5 млрд даляраў) Менск ацэньвае свае страты ад падатковага манеўру на працягу найбліжэйшых 5 гадоў і хацеў атрымаць кампенсацыю.

«Так, [продаж пакета акцый] сапраўды [разглядаецца] як адзін з варыянтаў», - сказала інфармаваная крыніца. Яна адзначыла, што 42,58% акцый Мазырскага НПЗ ужо належыць расейскай «Слаўнафце», уладальнікамі якой з'яўляюцца «Раснафта» і «Газпрам нафта». «Але ў Расеі хочуць поўны кантроль і рэальна кіраваць заводам», - сказаў суразмоўца. Што тычыцца кошту ўгоды, то «пытанне абмяркоўваецца». «Але цалкам заводы ніхто не збіраецца прадаваць. Трэба засцерагчы [ад недружалюбных дзеянняў]», - сказала крыніца.

Варта нагадаць, што ў 2014 годзе ўлады Беларусі ўжо апавяшчалі ўмовы продажу пакета акцый Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода. Менск гатовы быў пакінуць у сябе 25% акцый, выставіўшы на продаж амаль 30% (17,76% акцый завода напрамую і 12% акцый праз выкуп 99,8% ТАА «МНПЗ плюс»). Кошт дзяржпакету не ўказваўся, але тады Беларусь ацаніла Мазырскі НПЗ у 4 млрд даляраў.

Акрамя таго, пакупнік на працягу пяці гадоў павінен быў цалкам забяспечыць сыравінай і Мазырскі НПЗ, і «Нафтан», пабудаваць яшчэ адзін нафтаперапрацоўчы завод магутнасцю да 8 млн тон у год, насыціць унутраны рынак Беларусі маторным палівам «у аб'ёмах, штомесяц узгодненых з канцэрнам «Белнафтахім», а таксама захаваць колькасць работнікаў Мазырскага НПЗ і высокі ўзровень заробку. Але ў выніку купляць пакет акцый беларускага НПЗ ніхто не пажадаў.

Напісаць каментар 46

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках