11 снежня 2019, Серада, 5:57
Засталося зусім крыху
Рубрыкі

Як беларус змагаецца за гістарычную спадчыну сваёй вёскі

1
Як беларус змагаецца за гістарычную спадчыну сваёй вёскі
ІГАР ГРЫШАНАЎ

Актывіст з Аршанскага раёна спрабуе выратаваць маёнтак 19 стагоддзя.

У вёсцы Межава Аршанскага раёна стаіць шляхецкі маёнтак 19 стагоддзя. Захоплены гісторыяй свайго краю, Ігар Грышанаў ужо працяглы час шукае дапамогі ў выратаванні экалагічнай і гістарычнай спадчыны Межава, піша «Белсат».

«У думках уявіце сабе, што тут чысціня, прыгажосць, чароўнае возера – папросту экасцежка. Для кожнай асобы будзе цікава прыйсці і паглядзець, як будавалі ў 18–19 стагоддзях, – спадар Ігар паказвае нам разбураны дах будынку. – Няўжо немажліва знайсці шыфер, каб захаваць гэты гістарычны будынак?»

Экалагічны стан – таксама пад пагрозаю. Бераг возера завалены аскепкамі бетонных плітаў, кавалкамі арматуры, галлём ды спілаванымі дрэвамі. Ігар Грышанаў кажа, што спілаваныя дрэвы ляжаць тут нікому не патрэбныя ўжо два месяцы:

«Каму яны перашкаджалі, дзеля якіх мэтаў іх спілавалі, чаму яны тут валяюцца?»

Дапаўняюць сумную карціну рэшткі кацельных. Верхнія часткі вялікіх металёвых цыстэрнаў, што стаялі побач, даўно зрэзалі на металалом. А што не здолелі выцягнуць, пакінулі.

«Вось, жывая смала! І ўсё гэта за 5 метраў ад возера. Мазут! Мазут, пах салідолу!», – абураецца Ігар Грышанаў.

На думку спадара Ігара, галоўную небяспеку для навакольнага асяроддзя Межава стварае каналізацыя, якая сцякае ў возера.

Тутэйшыя не вельмі ахвотна распавядаюць пра праблему, якая не развязваецца ўжо чатыры гады. Бо… баяцца згубіць працу, якой не так шмат у невялічкіх паселішчах.

Але некаторыя, як спадарыня Наталля, усё ж такі пагаджаюцца выказацца:

«Гэтая праблема існуе тут, як я пачала тут жыць. Бялізну немагчыма пасушыць – смурод на ўсю вуліцу!»

З Межава каналізацыйныя сцёкі трапляюць у раку Аршыцу, на якой стаіць Ворша, а далей, праз Днепр, – у Чорнае мора. Але ні чыноўнікі, адказныя за ахову прыроды, ні мясцовы сельсавет займацца пытаннем не спяшаюцца. У тэлефоннай размове з Таццянаю Пілецкай, кіраўніцаю справамі Межаўскага сельсавету, мы намерыліся даведацца, чаму ж гэтак адбываецца:

«Атрымліваецца, што цяпер там не працуе каналізацыйная помпавая станцыя (КПС). Але перыядычна гаспадарка робіць там прыборку. Ну, а ў перспектывах у плане развіцця Аршанскага раёну будзе рэканструкцыя ачышчальных збудаванняў і КПС. Але гэта, атрымліваецца, планы на 2021–2022 гады», – распавяла кіраўніца справамі Межаўскага сельсавету Таццяна Пілецкая.

Наталля Парэчына з Цэнтру экалагічных развязанняў раіць мясцовым жыхарам падрыхтаваць скаргі ў Інспекцыю прыродных рэсурсаў, Цэнтр гігіены і эпідэміялогіі ды Інспекцыю аховы жывёльнага і расліннага свету:

«Усе тры арганізацыі плюс сельскі савет або Аршанскі райвыканкам – гэта ўсё структуры, якія павінныя развязваць гэтае пытанне. Калі жыхары напішуць заяву або скаргу і яе падпішуць не менш за 30 жыхароў, тады ў адпаведнасці з заканадаўствам гэтую праблему павінны вырашыць з выездам на месца».

Эколаг дадае, што сітуацыя ў Межава ўжо цягне на крымінальную адказнасць, таму паскораць працэс звароты ў медыі ды адміністрацыю кіраўніка краіны:

«Не будзе ніякага добрага дзядзі ці божанькі, які прыйдзе ў гэтую вёску і раптоўна вырашыць пытанне. Не будзе такога, трэба змагацца за свае правы. І калі гэтага людзі не будуць рабіць, то за іх гэтага ніхто не зробіць».

Пакуль жа мясцовыя жыхары не рызыкуюць у сваім возеры лавіць рыбы і купацца. А Ігар Грышанаў тым часам піша скаргі ва ўсе вядомыя інстанцыі і спадзяецца на лепшае.