25 красавiка 2024, Чацвер, 19:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сённяшнія 30-гадовыя беларусы могуць застацца без пенсій

76
Сённяшнія 30-гадовыя беларусы могуць застацца без пенсій

Салідарная пенсійная сістэма дае збой.

1 кастрычніка ў Беларусі адзначаецца Міжнародны дзень паджылых людзей. Але ці здольная беларуская дзяржава забяспечыць сваіх цяперашніх і будучых пенсіянераў? Паразважаць пра гэта прапануе belsat.eu.

Што маем?

Паводле Белстату, у нашай краіне на пачатак 2019 года пражывала 2,09 млн людзей, старэйшых за 60 гадоў. Гэта больш, чым кожны пяты жыхар Беларусі. За апошнія дзесяць гадоў колькасць людзей сталага веку павялічылася на 322 тыс. чалавек, або на 18,2 %.

З 2017 году ў Беларусі стала падвышаецца пенсійны век. На сёння ён складае 61,5 года для мужчынаў і 56,5 для жанчын, а праз тры гады дасягне 63 і 58 гадоў адпаведна.

Сярэдні памер прызначаных пенсіяў паводле веку – Br 446,84. Пры гэтым мінімальная працоўная пенсія складае Br 242,88, калі чалавек працаваў 25 (мужчына) ці 20 (жанчына) гадоў. Сацыяльная пенсія тым, хто не мае такі стаж – Br 115,46. Разам з тым шэраг катэгорыяў пенсіянераў можа разлічваць на дадатковыя выплаты, што павялічваюць іхную пенсію.

Апошні раз пенсіі ў краіне павялічваліся 1 жніўня. Да канца гэтага года плануецца выйсці на суадносіны сярэдняй пенсіі па ўзросту і сярэдняй зарплаты на ўзроўні не ніжэй за 40 %.

На дзяржаву спадзявацца не варта

А на якія пенсіі змогуць разлічваць беларусы, якім сёння 30-35 гадоў? Пра гэта мы распыталі навуковую супрацоўніцу Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтру BEROC Марыю Акулаву.

Паводле суразмоўцы, даследаванне, праведзенае перад пачаткам падвышэння пенсійнага веку, паказвала, што забяспечыць устойлівасць дзейнай пенсійнай сістэмы без правядзення рэформаў не атрымаецца. Інакш давядзецца зноў падвышаць пенсійны век – не менш, чым да 65-67 гадоў як для мужчынаў, так і жанчын. І гэта толькі для таго, каб забяспечыць сённяшніх пенсіянераў.

Марыя Акулава адзначыла важнасць якаснага рэфармавання пенсійнай сістэмы. Напрыклад, неабходна ўносіць назапашвальны элемент. Таксама патрабуюць рэформы сістэмы дапамогі беспрацоўным і жанчынам у дэкрэце. Але «гэта цяжкі і балючы працэс», які да таго ж патрабуе ўстойлівага функцыянавання эканомікі.

Таму трэба «ўжо з гадоў 30 пачынаць самастойна адкладваць пэўныя грошы» на старасць.

«Хай то будзе нейкае добраахвотнае страхаванне, ці якія-небудзь дэпазіты. Калі ў сённяшніх умовах разлічваць, што мне 30 і я да 65 буду працаваць, то не факт, што будзе нейкае гарантаваная пенсія з боку дзяржавы», – заявіла эканамістка.

Адкладваць 10 % прыбытку

Экспэртка мяркуе, што рызыкі незахавання ашчаджэнняў, як гэта было падчас распаду СССР, зараз няма, бо істотна вырас прафесіяналізм Нацыянальнага банку. А тыя, хто не давярае беларускім банкам, могуць звярнуцца да замежных. Можна скарыстацца і паслугамі міжнародных страхавых кампаніяў, якія «паказваюць сябе дастаткова паспяхова на рынках цягам дзясяткаў гадоў». Варыянтам інвеставання Марыя Акулава назвала і карпарацыйныя аблігацыі буйнога гульца, у якога «верагоднасць таго, што ён здуецца ці схлопнецца, невысокая».

На сваю дадатковую пенсію суразмоўца раіць адкладваць хаця б 10 % штомесяцовага прыбытку, каб ствараць «паступова падушку бяспекі».

Марыя Акулава не выключае, што прыкладна праз пяць гадоў улады Беларусі могуць прыступіць да пэўных рэформаў у сацыяльнай сферы, «бо адкладваць [вырашэнне пытання. – Рэд. Belsat.eu] робіцца ўсё цяжэй і цяжэй».

Напісаць каментар 76

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках