25 красавiка 2024, Чацвер, 16:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мірная рэвалюцыя: Як усходнія немцы далі рэжыму пад дых

8
Мірная рэвалюцыя: Як усходнія немцы далі рэжыму пад дых

У 1989 годзе ў Лейпцыгу адбыўся цуд – дзяржаўная машына дала збой.

На гадзінніку – шостая вечару. У царкве Святога Мікалая ў цэнтры Лейпцыга сканчаецца служба. Прыхаджане разам накіроўваюцца на вуліцу – да дзясяткаў тысячаў тых, хто сабраўся тут і на суседняй плошчы Карла Маркса. Сярод іх – падлеткі, маладыя сем'і, працоўныя, пенсіянеры... У гэты дзень, 9 кастрычніка 1989 года, блізу 70 тысячаў чалавек з усіх слаёў гэдээраўскага грамадства адважыліся выступіць супраць кіроўнай Сацыялістычнай адзінай партыі Нямеччыны (САПН). Такой вялікай дэманстрацыі ў ГДР – дзе пратэсты супраць камуністычнага ладу ў прынцыпе былі забароненыя – яшчэ не бачылі, піша dw.com.

Многія з пратэстоўцаў рыхтаваліся да горшага, у тым ліку да таго, што паліцыя пачне страляць. У горад да гэтага моманту былі ўведзеныя танкі, паўсюль былі відаць узброеныя салдаты і паліцыянты. Перад вачыма быў і свежы прыклад: у чэрвені таго ж 1989 г. былі жорстка спыненыя пратэсты на пекінскай плошчы Цяньаньмэнь. Тады загінула, паводле розных звестак, ад двухсот да тысячы чалавек.

Але адбыўся цуд: дзяржаўная машына дала збой. Людская плынь прайшла праз цэнтр горада, у тым ліку міма будынка мясцовых органаў дзяржбяспекі. Дэманстранты крычалі "Мы – народ!", "Свабода, свабодныя выбары!", "Не гвалту!". Многія з іх трымалі ў руках свечкі.

1989 год – палітычны і эканамічны крызіс ГДР

З тых часоў мінула ўжо 30 гадоў, але ўдзельнікі падзей добра памятаюць, якая панавала на вуліцах атмасфера. "Напружанне лунала ў паветры. Усе ведалі – гэта вызначальны дзень", – успамінае Катрын Малер Вальтэр (Kathrin Mahler Walther).

У 1989 годзе Катрын было 18 гадоў, і яна актыўна ўдзельнічала ў штотыднёвых "панядзелкавых дэманстрацыях", найбуйнейшай з якіх стала пратэставая акцыя 9 кастрычніка. Яе родны Лейпцыг – другі ў велічыні горад у ГДР пасля Усходняга Берліна – у 1980-я гады ператварыўся ў эпіцэнтр супраціву. Месцам сустрэчы нязгодных з афіцыйнай палітыкай стала царква Святога Мікалая, дзе кожны панядзелак а 17-й гадзіне праходзілі набажэнствы за мір. "Пасля таго як у той вечар не сталі страляць, нам стала ясна: цяпер краіна пачне адкрывацца, з намі пачнуць гаварыць", – апавядае Катрын Малер Вальтэр.

У 1989 годзе, праз 40 гадоў пасля заснавання ГДР, камуністычны рэжым знаходзіўся ў вельмі глыбокім палітычным і эканамічным крызісе. Усё больш людзей спрабавалі ўцячы з краіны, падтрымлівалі пратэставы рух. Хоць Міхаіл Гарбачоў ужо абвесціў у Савецкім Саюзе курс рэформаў, а краіны Усходняга блоку, як Польшча і Вугоршчына, паступова адкрываліся, усходненямецкае палітбюро і нязменны лідар ГДР Эрых Хонэкер (Erich Honecker) усімі сіламі працівіліся пераменам.

Роля (заходніх) СМІ ва ўз'яднанні Нямеччыны

Хоць гэдээраўская тэлевізія і не сказала пра пратэсты ні слова, пра шматтысячную лейпцыгскую дэманстрацыю ўжо на наступны дзень даведаўся ўвесь свет. Гэта здарылася дзякуючы двум аператарам, якія таемна знялі тое, што адбываецца, на камеру, схаваўшыся ў царкоўнай званіцы. Адным з іх быў Зігберт Шэфке (Siegbert Schefke). Яму было ясна, што "калі гэтыя запісы пакажуць на Захадзе, гэта стане пераломным момантам не толькі для ГДР і Нямеччыны, але таксама для Еўропы і ўсёй планеты".

Той самай ноччу запісы кантрабандай перадалі журналістам з ФРГ. Так насельніцтва ГДР, дзе ў большасці жыхароў працавалі заходненямецкія каналы, даведалася, што пратэст супраць аслабелага рэжыму стаў магчымы, а на гвалт дзяржава больш не наважылася.

Падзеі пачалі развівацца ўсё хутчэй. Усё больш людзей выходзіла на вуліцы, прычым цяпер ужо не толькі ў Лейпцыгу. Праз восем дзён палітбюро адхіліла генеральнага сакратара Хонэкера ад улады. А 4 лістапада 1989 года на плошчы Александрплац у Берліне свабоды меркаванняў і слова патрабавалі ўжо паўмільёна чалавек.

Чаму паліцыя не страляла ў дэманстрантаў у Лейпцыгу

Але чаму паліцыя і войска ў Лейпцыгу дазволілі людзям беспакарана пратэставаць? Чаму яны не сталі страляць, як гэта было падчас паўстання ў Берліне ў 1953 годзе і на дэманстрацыі ў Пекіне за некалькі месяцаў да гэтага?

Адной з прычынаў стала тое, што праваахоўныя органы папросту разгубіліся: яны не спадзяваліся на такую колькасць людзей і былі ўпэўненыя, што першымі ўжываць гвалт пачнуць дэманстранты. Стратэгіі, як рэагаваць на выключна мірны пратэст, у іх не было.

"Пратэстоўцы былі аднадушныя ў тым, што ўжываць гвалт нельга. Усе разумелі, што супраць нас – да зубоў узброеная махіна, якая толькі і чакае, каб нехта кінуў камень або напаў на паліцыянта. Абсалютная адсутнасць гвалту і адправіла дзяржаву ў накаўт. Мы проста не далі ніводнай падставы ісці супраць нас", – кажа Саша Ланге (Sascha Lange). Разам са сваім бацькам, комікам Берндам-Луцэм Ланге (Bernd-Lutz Lange), ён выдаў кнігу "Давід супраць Галіяфа" пра мірную рэвалюцыю ў ГДР, якую ён перажыў 17-гадовым юнаком.

Ягоны бацька быў адным з чальцоў "лейпцыгскай шасцёркі" – групы людзей, шмат у чым дзякуючы якой 9 кастрычніка 1989 года ў Лейпцыгу не пралілося ні кроплі крыві. Тры раённыя кіраўнікі САПН і тры вядомыя жыхары Лейпцыга заклікалі да разважлівасці як пратэстоўцаў, так і паліцыянтаў і салдатаў. Пры гэтым яны абяцалі асабіста змагацца за свабоду слова. Іх заклікі гучалі падчас дэманстрацыі з гучнагаварыльнікаў, устаноўленых у цэнтры горада. Гэтую ініцыятыву партыйныя дзеячы са сваім кіраўніцтвам у Берліне не абмяркоўвалі.

Падзенне Сцяны стала магчымым дзякуючы дэманстрацыі ў Лейпцыгу

Роўна праз месяц пасля лёсавызначальнай дэманстрацыі ў Лейпцыгу – 9 лістапада 1989 года – абрынулася Берлінская сцяна. Што гэтая падзея значыла для Нямеччыны, разумее кожны немец. А вось пра ролю папярэдніх пратэстаў у Лейпцыгу ведаюць не ўсе. Асабліва дрэнна інфармаваныя маладыя людзі і жыхары захаду краіны.

Гэта хвалюе многіх удзельнікаў "панядзелкавай дэманстрацыі". "Важна разумець, што жыхары Усходняй Нямеччыны самі вызвалілі сябе ад дыктатуры, пераадолелі свой страх, разам выходзілі на вуліцы 9 кастрычніка, а таксама да і пасля гэтага", – адзначае Катрын Малер Вальтэр. Як бы там ні было, той пратэст назаўжды ўвайшоў у гісторыю – як першая абсалютна мірная і бяскроўная рэвалюцыя Нямеччыны.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках