19 красавiка 2024, Пятніца, 22:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

А чаму б чыноўнікам не папрацаваць за $ 100?

28
А чаму б чыноўнікам не папрацаваць за $ 100?
ОКСАНА ЮШКЕВИЧ

Прадпрымальніца адказала Мінпрацы.

Паводле працоўнага кодэкса Беларусі велічыня працоўнага тыдня не павінна перавышаць 40 гадзінаў.

Але апошнім часам пачасціліся выпадкі, калі арэндадаўцы загадваюць прадпрымальнікам, у дамовах арэнды быць на працоўным месцы неадлучна ад 48 да 70 гадзінаў за тыдзень. За парушэнне дамовы выпісваюць штрафныя санкцыі.

У адказ на абурэнне ІП Міністэрства працы заявіла, што «прадпрымальнікі не з'яўляюцца працаўнікамі» і нормы працоўнага заканадаўства (працоўны час, адпачынак, працоўныя адпачынкі) на іх не распаўсюджваюцца.

Па каментар сайт Charter97.org звярнуўся да прадпрымальніцы, актывісткі грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Аксаны Юшкевіч.

– Як Вы пракаментуеце такое стаўленне ўладаў да цэлага класу беларускага грамадства. Ці з'яўляецца такі падыход парушэннем права чалавека?

– Што тычыцца дамовы, якую заключае індывідуальны прадпрымальнік з юрыдычнай асобай, арандуючы ў яе памяшканне, напрыклад, у гандлёвым цэнтры ці на рынку – яны самі вызначаюць час сваёй працы. Незалежна ад таго, што прапісана ў працоўным кодэксе. А нашае заканадаўства вельмі моцна адстае ў развіцці.

Гэта трэба дапрацоўваць і гэта не пытанне, не праблема арэндадаўца або юрыдычнай асобы. Гэты нюанс вызначвае толькі ІП, калі ён арандуе тое ці іншае месца.

Што тычыцца нашага заканадаўства, Міністэрства антыманапольнага рэгулявання, калі Міністэрства працы заяўляе, што індывідуальны прадпрымальнік не з'яўляецца працаўніком – гэта вялікая памылка і зман. Бо ён працуе на сябе, як наймальнік і як працаўнік.

Калі на іх думку ІП – не працаўнік, чаму тады з яго вылічваюцца тыя самыя падаткі, ФСАН і г.д. Гэтае пытанне, як бачым, нашай дзяржавы ўвогуле не тычыцца. Гэта значыць, на іх думку, наш бізнэс трэба загнаць яшчэ глыбей у яму.

Дзяржавай абсалютна нічога не робіцца, каб падняць бізнэс, стварыць спрыяльныя ўмовы для развіцця малога і сярэдняга бізнэсу. Я ўжо не кажу пра нейкае крэдытаванне і дапамогу з боку дзяржавы. Крэдыты на развіццё бізнэсу даюцца пад велізарны адсотак. Не кожны прадпрымальнік, бізнэсмэн, юрыдычная асоба ў краіне можа сабе дазволіць такія крэдыты.

Каб атрымаць крэдыт, трэба ўнесці хоць бы 10% ад сумы крэдыту сваіх сродкаў. Наша заканадаўства вельмі моцна адстае ў развіцці. Каб не ўзнікала падобных калізій – разыходжанняў паміж фактамі і тэорыяй – трэба, каб гэтая тэорыя адпавядала, ішла ў нагу з часам. Тады падобных пытанняў увогуле узнікаць не будзе.

– З чым, на Вашу думку, звязанае ўзмацненне ў апошні час ціску на прадпрымальнікаў з боку ўладаў?

– З тым, што дзяржаўная казна апусцела і трэба ўсялякімі спосабамі – не толькі ціскам на ІП – гэта выпраўляць. Да прыкладу, усім вядомая пастанова «Менсктранса» пра ўзмацненне кантролю за безбілетны праезд – гэта ўсё звёны аднаго ланцуга. Гэта значыць, ціск на ІП – гэта адзін з кірункаў папаўнення казны. Гэта доўжылася, доўжыцца і будзе доўжыцца, пакуль цяперашняя ўлада не зменіцца.

– Як Вы ацэньваеце патрабаванне да ІП праводзіць 70 гадзінаў на працоўным месцы? Наколькі гэты графік рэальна сумяшчаць з нармальным жыццём?

– Гэта залежыць ад той сферы, у якой заняты прадпрымальнік на тэрыторыі юрыдычнай асобы. Ёсць такія кірункі, што дастаткова працаваць і 5 гадзінаў за дзень, а ёсць, дзе мала і 12 гадзінаў. Што тычыцца, напрыклад, раздробнага гандлю, то асноўны гандаль прасоўваецца і прыбытак атрымліваецца ў гандлёвых цэнтрах або на рынках.

А, да прыкладу, кірунак грамадскага харчавання, калі ідзе няспынная плынь, нават 12-гадзінны працоўны дзень – гэта мала. Людзі ўвесь час ідуць і ўвесь час хочуць есці, нягледзячы на тое, што правільнае харчаванне – гэта харчаванне 3 разы на дзень і падвячорак.

Я мяркую, што гэтае пытанне павінна карэктавацца не дзяржавай. Дзяржавай толькі ў тым выпадку, калі яна на заканадаўчым узроўні дасягне таго развіцця, якое ідзе ў 21 стагоддзі і будзе развівацца разам з грамадствам. Бо грамадства значна хутчэй развіваецца, чым заканадаўства. А пакуль гэтага не здарыцца, будуць адбывацца такія сітуацыі.

Наша заканадаўства развітое на ўзроўні 70-х гадоў. Кожны чалавек, які гэтым займаецца – гэта ведае. Уладам не варта соваць свой нос у прыватны бізнэс. Для пачатку ім трэба стварыць такія ўмовы, у якіх бізнэс будзе развівацца. Калі ж у дзяржаве ўсё хоча трымаць і кантраляваць адзін чалавек, то ён і суне ўсюды свой нос. Да таго часу, пакуль гэта будзе доўжыцца, нічога добрага не будзе!

Прыватны бізнэс, на тое ён і прыватны, каб умяшальніцтва ў яго дзяржавы было мінімальным. Гэта датычыцца і працы на дамову падраду – колькі чалавек гадзінаў адпрацуе, за столькі ён і атрымае. А паколькі заробкі ў нас у краіне пакідаюць жадаць лепшага, то зразумела, чаму людзі вымушаныя працаваць 12–15 гадзінаў. Тут нічога дзіўнага няма.

– Ці можна сёння гаварыць пра розныя формы прымусовай працы ў Беларусі?

– Так, вядома. У нас усё ў краіне ў добраахвотна-прымусовым парадку. Добраахвотна – гэта сарказм. На самай справе цяпер усё адбываецца ў прымусовым парадку – у любой справе, у любым кірунку, нават драбносткі.

Па прыклады хадзіць далёка не трэба. Вернемся зноў да апошняй пастановы «Менсктранса». Чаму гэта здарылася, мы выдатна разумеем. Гэтак жа і ў іншых кірунках. Я не думаю, што супрацоўнікі «Менсктранса», тыя самыя кантралёры, будуць спыняць транспарт пасярод дарогі ў добраахвотным парадку. Так, з аднаго боку, гэта іх прыбытак, заробак. З іншага боку, усё ж такі ў кожнага з іх павінны пераважаць чалавечыя якасці. Яны ідуць туды пад прымусам. Ім трэба за нешта карміць дзяцей.

Тое самае – дэкрэт аб «дармаедах», закон «аб адтэрміноўцы» і гэтак далей. У мяне пытанне, навошта нашаму ўраду ствараць новыя законы, дэкрэты, указы, нарматыўныя акты, калі дастаткова ўдасканаліць старыя? Гэта наколькі трэба адставаць у развіцці і быць прагнымі людзьмі, каб дзеля грошай ствараць умовы для выжывання людзей. Сказаць, што гэта – здзек з народу, гэта не сказаць абсалютна нічога! Ні адзін нармальны кіраўнік дзяржавы не будзе ствараць падобную ерась. Усё ствараецца для таго, каб падтрымаць сваё эга, утрымліваць сапраўдных дармаедаў. У прымусовым парадку ўсе ідуць на службу, на працу, выконваюць загады, якія не адпавядаюць нарматыўна-прававым актам. Ствараецца гэта не ў добраахвотным парадку, а ў прымусовым!

– Вы ўдзельнічалі ў кампаніі для збору подпісаў. Што Вам апавядалі людзі пра парушэнне іх правоў – у тым ліку і працоўных? Што абурае людзей больш за ўсё?

– Супрацоўнікі прадпрыемстваў, якія знаходзяцца на дзяржаўным балансе, казалі, што іх прымушаюць падпісваць бланкі толькі тых кандыдатаў, якія былі загаданыя зверху. Гэта значыць, зноў ідзе прымус. Не з сваёй ініцыятывы, а ў прымусовым парадку, пагражаючы звальненнем з працы, ствараючы там умовы для выжывання.

Людзям не падабаецца тое, што да гэтага часу адбываецца дэградацыя грамадства, адставанне ад развіцця ў соцыуме, і не толькі на 20–25 гадоў.

Людзей ні ў што не ставяць – не выконваюцца ніякія правы. Навошта ствараць законы, каб яны заставаліся толькі на паперы, у тэорыі. 95% людзей жывуць ніжэй за сярэдні ўзровень і часам не атрымліваюць 3 месяцы заробкі ў той час, калі ў нас праводзяць Еўрапейскія гульні.

Улады выдаткоўваюць вялікія грошы на набыццё дарагой нерухомасці і аўтамабіляў. Трэба ж аднекуль браць грошы – вось яны і бяруць у народа. Людзі ж, адпрацаваўшы 15 гадзінаў за дзень, атрымліваюць на пенсіі 100 даляраў... Я хацела б паглядзець на якога-небудзь нашага чыноўніка, які пастаіць такую колькасць гадзінаў на нагах і набегае кіламетраў 15 за гэты прамежак часу. Згодны ён атрымаць 100 даляраў ці не згодны? Як бы ён потым рэагаваў на гэта?

Людзі катэгарычна супраць, каб Лукашэнка заставаўся ва ўладзе. Бо ідзе поўны ігнор з боку чыноўнікаў, яны ніяк не рэагуюць на просьбы і выказванні людзей. Людзей ні ў што не ставяць. Парушаюцца правы чалавека і гэта будзе доўжыцца да часу, пакуль будзе цяперашняя ўлада.

Трэба кардынальна сітуацыю памяняць!

Напісаць каментар 28

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках