29 сакавiка 2024, Пятніца, 18:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Увесь такі супярэчлівы

31
Увесь такі супярэчлівы

Дыктатар загаворваецца ўсё больш дзіўна.

Тлумачэнне цытатаў Лукашэнкі – занятак, наўпрост скажам, бессэнсоўны. Таму што калі ён прамаўляе нешта важнае з гледзішча геапалітыкі, не варта спяшацца каментаваць і аналізаваць ягоныя словы. Трэба ўсяго толькі трохі пачакаць – і Аляксандр Рыгоравіч абавязкова вымавіць нешта зусім супрацьлеглае. Беларусы гэта ведаюць даўно і не спяшаюцца каментаваць. Спяшаюцца, як правіла, суседзі. А дарма.

8 кастрычніка падчас выступу на канферэнцыі «Менскі дыялог» Лукашэнка заявіў пра сітуацыю ў Данбасе: «І не трэба толькі пасля мне казаць, што гэта не канфлікт Расеі і Украіны. Тут дасведчаныя людзі, і гэтыя заявы нікому не патрэбныя». Рэпліка, несумненна, сенсацыйная – ва ўсякім выпадку, для ўсіх за межамі Беларусі. Рэакцыя з Масквы рушыла неадкладна – Дзмітрый Пяскоў тут жа парыраваў: «Тут можна толькі не пагадзіцца з гэтым тэзісам, таму што канфлікт на Данбасе з'яўляецца ўнутрыўкраінскім канфліктам. І Расея ніякім чынам не з'яўлялася, не з'яўляецца і не будзе з'яўляцца бокам гэтага канфлікту».

А мог бы не спяшацца і праслухаць увесь выступ. І тады высветлілася б, што выказвацца няма чаго і няма пра што, – Украіну, аказваецца, трэба «лячыць» ад Амерыкі: «Абмяркоўваючы і са сваім сябрам, Уладзімірам Уладзіміравічам Пуціным, і з іншымі, мы кажам, што мы ж увесь час змагаліся ў СССР супраць Захаду, супраць NATO, было гэтае супрацьстаянне. А сёння мы Украіну проста падарылі сваім ворагам, сваім спаборнікам, сваімі рукамі аддалі Украіну, калі разважаць у старым стылі. За гэта амерыканцы і NATO павінны нам проста дзякаваць, што яны, напэўна, і робяць, размаўляючы паміж сабой. Але сёння яшчэ можна развязаць гэты канфлікт, таму што дыягназ вызначаны, і трэба пачынаць лячыць».

Вось і ўсё. Дыягназ – Украіна падараваная Амерыцы. Вылечыць яе і паставіць на ногі можна хіба што з сябрам Уладзімірам Уладзіміравічам Пуціным.

Больш ні з кім, бо, як сказаў Лукашэнка ўсё ў тым жа выступе, «Беларусь, Расея, Украіна – гэта нешта адзінае. Я не хачу сказаць, што адзін народ – ад гэтага сёй-той шалее. А фактычна адзін народ. І мы ваюем і не можам разабрацца. Еўропа быццам бы дапамагае. Ну так дапамагайце, каб быў вынік!» Гэта значыць адзін з адным ваююць прадстаўнікі «фактычна аднаго народа» – а гэта і ёсць грамадзянская вайна, калі думаць пра фармулёўку.

Так заўсёды бывае, калі з кантэксту вырываецца адна асабліва гучная фраза. Яна становіцца сенсацыяй, хоць у кантэксце вялікай прамовы нічога сенсацыйнага з сябе не ўяўляе. Прычым у загадзя падрыхтаваным прэс-службай Лукашэнкі тэксце ягонага выступу ёсць толькі пасаж пра адзін народ. Але няма ні слова пра тое, як Аляксандр Рыгоравіч разам з сябрам Уладзімірам Уладзіміравічам падарылі Украіну Амерыцы, ні пра тое, што Расея – удзельнік вайны ў Данбасе.

Варта разумець, што вусныя выказванні Лукашэнкі – гэта ўвядзенне ў свет вялікіх фантазій. Толькі за апошні месяц ён паспеў апавесці чалавецтву, што аўтамабіль «Тэсла» яму падарыў асабіста Ілан Маск: «У мяне ёсць электрычная машына “Тэсла”, я часам яе тэстую. Маск падараваў. Убачыў мяне на матацыкле і кажа: “Што гэта ў вас прэзідэнт на двухколавым ездзіць?”» Сам Маск у твітэры аспрэчыў гэтую прыгожую гісторыю лаканічным «Uh no».

А яшчэ Аляксандр Рыгоравіч сказаў, што Мелані Трамп з ног збілася ў пошуках вырабаў з беларускага лёну, усё пытае, дзе ўсё гэта можна набыць.

Яшчэ – што Менск хутка стане сталіцай Злучаных Штатаў Амерыкі.

І ўвогуле, казаў ён нядаўна, заўсёды марыў на ровары на працу ездзіць, але тут Зяленскага абралі, і цяпер ровар адпадае, таму што пераймаць прэзідэнта Украіны не хочацца. Не заўважыў, верагодна, што чвэрць стагоддзя правёў у браняваным аўтамабілі да таго, як Зяленскага з роварам абралі.

Гэтую самую чвэрць стагоддзя ва ўладзе, якая ніяк не ўпісваецца ў кантэкст сучаснай еўрапейскай гісторыі, Аляксандр Лукашэнка на тым самым «Менскім дыялогу» паспрабаваў выставіць перавагай: Беларусь, паводле ягоных словаў, увесь гэты час выступае «донарам стабільнасці». Бездакорны, трэба сказаць, рэцэпт стабільнасці: улада не павінна мяняцца ніколі, а ўсе, хто за яе змяняльнасць, павінны знікнуць з палітыкі, з краіны або з жыцця. І будзе шчасце.

Ірына Халіп, «Новая газета»

Напісаць каментар 31

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках