20 красавiка 2024, Субота, 10:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Увага! Адбылася аварыя на БелАЭС»

61
«Увага! Адбылася аварыя на БелАЭС»

Падчас вучэнняў у Астравецкім раёне ўлады прызналі, што ў іх няма адзінага алгарытму дзеянняў.

Хмурная раніца пятніцы невялікай вёскі Баброўнікі Астравецкага раёна пачалася з абвяшчэння трывогі праз гучнагаварыльнік: «Увага! Адбылася аварыя на АЭС! Вазьміце дакументы, пакіньце памяшканні». Людзі ў белых ахоўных касцюмах выйшлі на прасёлкавую дарогу, а ў кантрольна-размеркавальным пункце іх ужо чакалі псіхолагі, медыкі, ратавальнікі і шрубалёт. Ён для самых цяжкіх пацыентаў. Адзін дзень супрацоўнікі АЭС меркавалі, што можа адбыцца, калі на станцыі адбудзецца надзвычайнае здарэнне, паведамляе tut.by.

ФОТА: REUTERS

Паводле выдуманага сцэнара, на першым блоку АЭС адбылася выцечка цепланосьбіта, частка тэрыторыі Астравецкага раёна апынулася забруджанай.

Каб раніцай пранізлівы сігнал сірэны не напалохаў мясцовых жыхароў, напярэдадні іх абышлі супрацоўнікі МНС, папярэдзілі: на 11 кастрычніка запланаваныя вучэнні. Усяго пад трохкіламетровую зону адсялення трапляюць 183 чалавекі. Кажуць, у асноўным гэта пажылыя людзі, таму пастанавілі іх не трывожыць, ролю пацярпелых гулялі курсанты МНС.

Фота: tut.by

– Чаму зона ўсяго тры кіламетры? Напрыклад, нядаўна ў Літве праходзілі аналагічныя вучэнні. Зона адсялення – 30 кіламетраў, – удакладняе журналіст.

– Няма нейкіх міжнародных нормаў, дзе дакладна вызначалася б адлегласць, – тлумачыць афіцыйны прадстаўнік МНС Віталь Навіцкі. – Напрыклад, пасля аварыі на Фукусіме людзей адсялялі з трохкіламетровай зоны.

Ён адзначае: гэта не значыць, што службы будуць не гатовыя эвакуяваць людзей з таго ж Астраўца або Ашмянаў. Ратавальнікі ўвесь час адпрацоўваюць розныя сітуацыі. Напрыклад, 25 верасня ў Мёрах адбылася выцечка аміяку, і ўжо распрацоўваўся план эвакуацыі ўсяго раёна: аўтобусы рыхтаваліся вывозіць людзей, лякарні – іх прымаць, але абышлося.

Сігнал пра аварыю трапіў на пульт кіравання вучэбна-трэніровачнага цэнтра, тут знаходзіцца трэнажор пульта кіравання энэргаблока. Рыхтык сапраўдны, з цэнтра наладзілі сувязь з Масквой для кансультацыі.

Недалёка ад рэактараў выстройваюцца супрацоўнікі АЭС, у іх аварыйных камплектах ёд, рэспіратары, бахілы. Калі нехта, з усё той жа легенды, пацерпіць, у санітарнай дружыны ёсць бінты, шыны, лекі, насілкі. Сігнал пра аварыю разам з імі атрымліваюць ратавальнікі, і праз некалькі хвілінаў іх баявыя машыны мчаць да рэзервуара з палівам, які «загарэўся».

Хоць пра Чарнобыль падчас вучэнняў казаць не хочуць, але праца пажарнікаў у красавіку 1986 года дэталёва разбіраецца ў час вучобы будучых ратавальнікаў, да гэтага ж пытання яны вяртаюцца падчас службы.

Фота: tut.by

А ў гэты час у вёсцы Баброўнікі, дзе ў мясцовых жыхароў з вокнаў відаць АЭС, пачынаецца эвакуацыя. Па вуліцах і палях з гучнагаварыльніка разносіцца: «Увага! Адбылася аварыя на АЭС! Вазьміце дакументы, пакіньце памяшканні». У рэальнасці ўсе 70 мясцовых жыхароў сядзяць па хатах, сёння іх ролю гуляюць курсанты. Яны выходзяць з вёскі ў беласнежных касцюмах, якія практычна цалкам закрываюць целы, відаць толькі вочы.

Яшчэ падчас вучэнняў у 2017 годзе ўсім, хто трапляе ў трохкіламетровую зону, раздалі такія касцюмы і таблеткі ёду. На ўсялякі выпадак. Цяпер яны захоўваюцца ў кожнага мясцовага жыхара.

Несапраўдныя вяскоўцы падыходзяць да штаба-намёта, які разгарнуўся проста на ўездзе ў Баброўнікі. Спярша жанчыны перапісваюць іх звесткі, потым пытаюцца:

– Прымалі ёд ці не?

У МНС адзначаюць: ёд прымаецца ў залежнасці ад сітуацыі, павінна выконвацца дазаванне. Але як даведацца, што рабіць?

Фота: tut.by

– Калі раптам здарыцца аварыя, МНС пераб'е эфір радыё і тэлевізіі і пачне расказваць насельніцтву, што рабіць. Таксама ўся інфармацыя з'явіцца на нашым сайце, – запэўнівае Віталь Навіцкі, афіцыйны прадстаўнік МНС. – Няма адзінага алгарытму дзеянняў. Хутчэй за ўсё, людзям прыйдзе апавяшчэнне зачыніць вокны, дзверы і не выходзіць з дому. У кожнай канкрэтнай сітуацыі распрацоўваецца асобны план.

У методыцы вучэнняў ёсць асобная старонка «Памятка насельніцтву». Першым пунктам пасля таго, як чалавек пачуў сігнал трывогі, трэба выпіць ёдзісты калій. Потым апрануць ахоўны касцюм, зачыніць дома вокны і дзверы, адключыць газ, ваду, электрычнасць. Узяць дакументы, грошы, тэлефон, лекі і прыйсці на эвакуацыйны пункт.

ФОТА: REUTERS

Потым усіх эвакуяваных прывязуць у кантрольна-размеркавальны цэнтр. Гэта мноства намётаў, пастаўленых проста на дарозе, і падзеленых на два калідоры: левым ідуць тыя, хто адчувае сябе нармальна, пацярпелых правозяць па правым – там ужо працуюць медыкі і Чырвоны Крыж.

Курсанты МНС, яны ж мясцовыя, чаргой заходзяць у намёты. Іх рэгіструюць, потым адпраўляюць у душ, і хлопцы распранаюцца да ніжняй бялізны. Так трэба.

Фота: tut.by

Далей супрацоўнікі райпа, пераапранутыя ў стэрыльныя касцюмы, выдаюць ім вопратку: трусы, шкарпэткі, штаны, боты, куртку і іншае. Усё, мяркуецца, яны прайшлі санітарную апрацоўку. Наперадзе ў іх дарога ў Астравец. Цяжкахворых транспартуюць на шрубалёце Мі-8 МНС. Ён адвязе ў любую лякарню краіны.

Выдаўшы кожнаму падушку і коўдру, усіх накіроўваюць у актавую залу. У шэрагі ўжо ляжаць матрацы, супрацоўнікі Чырвонага Крыжа гатовыя прапанаваць медыцынскую дапамогу, а псіхолагі МНС – падтрымаць, паслухаць і пагаварыць. Адна з школьніцаў настолькі ўвайшла ў ролю, што здаецца, быццам яна сапраўды пацярпелая. Дзяўчынка нешта эмацыйна апавядае псіхолагу, хістае галавой і гатовая заплакаць.

ФОТА: REUTERS
Напісаць каментар 61

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках