25 красавiка 2024, Чацвер, 13:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Я павінен перапрацоўваць, а палову грошай атрымаюць іншыя?»

43
«Я павінен перапрацоўваць, а палову грошай атрымаюць іншыя?»
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА

Чаму будаўнік з Віцебску звольніўся з афіцыйнай працы і стаў працаваць на сябе.

Сваю гісторыю выданню vkurier.by распавёў будаўнік з Віцебску:

«Год таму мне надакучыла працаваць на «дзядзьку» і ўтрымліваць «кантору», таму са спакойным сэрцам напісаў заяву на звальненне на ўласнае жаданне. Ужо сваю тысячу беларускіх рублёў на месяц я атрымаю ў кожным выпадку, - пачаў аповед 39-гадовы будаўнік з Віцебску Анатоль (імя мужчыны на ягоную просьбу змененае).

«Стаж работы Анатоля у будаўніцтве - амаль 20 гадоў. Ён паспеў папрацаваць як у дзяржаўных будаўнічых арганізацыях, так і ў прыватных, з'ездзіць на заробкі ў Маскву і Сочы. Апошнія гады мужчына шмат «халтурыў»уў вольны ад асноўнай занятасці час. У выніку ў яго сфармавалася свая кліенцкая база, якая ўвесь час папаўняецца.

У мяне двое дзяцей, - распавёў Анатоль. - Дачка пайшла ў трэці клас, сыну - два гадкі. Бабулі з дзядулямі жывуць далёка, таму мы можам разлічваць толькі на сябе. У сувязі з гэтым на заробкі я з'ехаць больш не магу - трэба дапамагаць жонцы. Мой афіцыйны заробак практычна ніколі не перавышаў 1000 беларускіх рублёў, у добрыя месяцы столькі ж я мог зарабіць па вечарах і выходных на «халтурах».

Анатоль наважыў не афармляць ІП на наданне мантажна-санітарна-тэхнічных паслуг, бо гэта нявыгадна: заказаў у яго і без афіцыйнай рэкламы дастаткова. Сарафаннае радыё працуе добра, кліенты, якія засталіся задаволенымі ягонай працай, рэкамендуюць спецыяліста сваім сваякам, знаёмым і сябрам. Каб не ўважацца за дармаеда, мужчына аформіўся вартаўніком.

«Бярэм афіцыйны каштарыс ў адной з будаўнічых арганізацый горада. Трэба правесці ацяпленне на два паверхі і абсталяваць цеплавузел. У каштарысе закладзены заробак 13 тысяч беларускіх рублёў. Але рабочыя не атрымаюць гэтыя грошы, бо 30-50 адсоткаў ад сумы (усё залежыць ад канкрэтнай арганізацыі) ідзе на аплату працы дырэктара, эканамістаў, бухгалтараў, аддзела забеспячэння і іншых «канторскіх». І то гэта пры ўмове 100% выпрацоўкі. А калі рабочыя такую выпрацоўку не даюць, то яны заробяць яшчэ менш.

Дык чаму я павінен надрывацца, а палову грошай атрымаюць іншыя? Мы на будоўлі заўсёды смяяліся, што адзін працоўны корміць двух-трох інжынерна-тэхнічных работнікаў, і што без нас, рабацяг, яны нікуды. Так яно і ёсць», - пракаментаваў Анатоль.

Са слоў мужчыны, ахвотных скарыстацца ягонымі паслугамі нямала, прычым па-за залежнасцю ад сезону. Вядома, у цёплы час года заказаў больш, але і зімой іх нямала.

«Самыя выгадныя заказы - новыя дамы і катэджы, - адзначыў Анатоль. - Напрыклад, нядаўна працаваў у невялікім новым двухпавярховым доме. Гаспадары самі закупілі ўсё неабходнае. Трэба было зрабіць каналізацыю, ацяпленне і водаправод. Працавалі ўдваіх з сябрам чатыры дні з 8 раніцы і да 8 вечара, затое атрымалі на рукі 1,5 тысячы даляраў. На афіцыйнай працы такія грошы і за месяц не заўсёды выходзяць».

Калі няма буйных заказаў, Анатоль бярэцца і за дробныя. Напрыклад, усталяваць рукамыйнік (ад 10 рублёў), падключыць пральную машыну (30-70 рублёў) або душавую кабіну (60-150 рублёў у залежнасці ад таго, ці патрэбная зборка і які функцыянал). А калі ёсць вольны час, то мужчына прадаўжае будаўніцтва свайго лецішча.

«Вядома, месяц на месяц не прыпадае, але зарабляю я ўжо ніяк не менш, чым на афіцыйнай працы, - адзначыў Анатоль. - Да таго ж няма графіка з 8 да 17 і, самае галоўнае, табой не камандуюць людзі, якія нічога не разумеюць у тваёй працы, ім абы пакрычаць і паказаць, што яны начальнікі.

Калі ў нашай краіне не гатовыя плаціць афіцыйны заробак, за які можна нармальна жыць, дык няхай не дзівяцца, што будаўнікі з'язджаюць на заробкі ці пачынаюць працаваць на сябе. Як улада ставіцца да людзей, так і яны да яе. Нездарма кажуць, Беларусь - краіна для жыцця. Вось толькі кожны ўкладае ў гэта свой сэнс».

Напісаць каментар 43

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках