29 сакавiка 2024, Пятніца, 11:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Выцек мазгоў» з Расеі перавысіў 10 мільёнаў чалавек

17
«Выцек мазгоў» з Расеі перавысіў 10 мільёнаў чалавек

7,4% насельніцтва эмігравалі з РФ, падлічыў Сусветны банк.

Краіны былога СССР, уключаючы Расею, а таксама дзяржавы «савецкага блока» ва Усходняй Еўропе прадаўжаюць губляць працоўную сілу і кадры праз эміграцыю, канстатуе Сусветны банк у дакладзе «Міграцыя і выцек мазгоў у Еўропе і Цэнтральнай Азіі», піша finanz.ru.

На 2017 год, паводле інфармацыі банка, 10,6 мільёна грамадзян РФ пакінулі краіну для працы за мяжой.

У абсалютнай колькасці эмігрантаў Расея трывала трымае лідарства сярод 24 дзяржаў, якія СБ адносіць да рэгіёну «Еўропа і Цэнтральная Азія».

У адносным вылічэнні страты складаюць 7,4% насельніцтва (144 млн чалавек). Калі ж выключыць з разлікаў пенсіянераў (35 млн чалавек), то краіна пазбавілася 9,7% ад існай колькасці грамадзян працаздольнага ўзросту (рабочай сілы) і дзяцей.

Варта адзначыць, паміж эмігрантамі і імігрантамі ёсць істотная розніца: у Расею прыязджаюць у асноўным нізкакваліфікаваныя рабочыя з цэнтральна-азіяцкіх рэспублік. Сярод іх толькі 13-17% маюць вышэйшую адукацыю, адзначаюць экспэрты РАНГіДС.

З Расеі ж, наадварот, ідзе «інтэлектуальная міграцыя»: вышэйшую адукацыю маюць 70% беларусаў, якія з'язджаюць, што значна вышэй за сярэдні ўзровень у краіне.

Апытанне Boston Consulting Group, у якім удзельнічалі 24 тысячы рэспандэнтаў, паказала, што хочуць працаваць за мяжой 50% расейскіх навукоўцаў, 52% топ-мэнэджараў, 54% IT-cпецыялістаў. Да іх гатовыя далучыцца 49% работнікаў інжынерных спецыяльнасцяў і 46% лекараў.

Амаль дзве траціны патэнцыйных эмігрантаў (65%) - гэта «лічбавыя таленты»: спецыялісты ў штучным інтэлекце, скрэм-майстры, дызайнеры карыстацкага інтэрфейсу і г.д.

57% з іх - гэта моладзь ва ўзросце да 30 гадоў. У асяроддзі студэнтаў (да 21 года) доля яшчэ вышэйшая і дасягае 59%.

Сярод развітых краін расейскія спецыялісты ў масе аддаюць перавагу Нямеччыне: туды з'язджае 11,84% эмігрантаў. Яшчэ 7,25% пакідаюць РФ у кірунку Ізраіля, 2,07% едуць у Швайцарыю.

Калі ацэньваць «выцек мазгоў» па статыстыцы краінаў, якія прымаюць, то штогод Расею пакідаюць 100 тысяч чалавек, падлічылі ў РАНГіДС. Гэта амаль у 7 разоў больш за афіцыйную лічбу ад Расстата (15,5 тысячы чалавек).

У краін, якія страчваюць насельніцтва, узнікае спакуса дырэктыўна паставіць заслон на шляху эмігрантаў, але, як паказвае практыка, з эканамічнага пункту гледжання такі падыход неэфектыўны, адзначаюць экспэрты Сусветнага банка.

«Высокакваліфікаваныя працаўнікі не заўсёды прадуктыўныя ў краінах з нізкім прыбыткам. У значнай часткі іх прадуктыўнасць на высокааплатных рынках вызначае працоўнае асяроддзе i іншыя фактары. Да таго ж, абмежаванне міграцыі знізіць жаданне людзей назапашваць чалавечы капітал», - пішуць яны.

У Расеі гэтага жадання і так не шмат - умовы для рэалізацыі талентаў не створаныя, адзначае BSG: так, напрыклад, розніца ў аплаце працы кіроўцы і лекара ў Расеі складае ўсяго толькі 20%, тады як у Нямеччыне - 174%, у ЗША - 261%, у Бразіліі - 172%.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках