25 красавiка 2024, Чацвер, 15:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Хто нахлебнік?

69
Хто нахлебнік?
Фота: Коммерсант

Эканаміст адказаў камуністу.

Доктар эканамічных навук Барыс Жаліба апублікаваў артыкул у «Народнай Волі»:

«Нядаўна лідар партыі “Справядлівы свет” Сяргей Калякін даў інтэрв'ю Радыё Свабода. Адказваючы на пытанні журналіста, ён заявіў: “Ніхто іншы, акрамя Расеі, Беларусь карміць не будзе”. Пагадзіцеся, гэтыя словы не могуць не кранаць пачуцці тых беларусаў, а іх, я думаю, пераважная большасць, якія і ў думках не дапускаюць, што яны нахлебнікі.

У савецкія часы Беларусь была рэспублікай-донарам і літаральна карміла Маскву і Ленінград мясам, малаком, бульбай, іншым харчаваннем. Сёння нашы аграрнікі і перапрацоўшчыкі маюць цесныя сувязі амаль з усімі рэгіёнамі Расеі. І давайце наўпрост скажам: мы не нажываліся на рэалізацыі сельгаспрадукцыі праз расейскія сеткі, хутчэй іх пакупнікі ў выгодзе ад нашых паставак, чым непасрэдныя вытворцы.

Калі Калякін падлічвае так званы расейскі інтэграцыйны вуглевадародны грант, які палягчае жыццё эканоміцы Беларусі, то яму можна адказаць, што Беларусь:

– не бярэ плату з Расеі за знаходжанне на яе зямлі двух важных расейскіх вайсковых аб'ектаў – цэнтра кіравання расейскімі падводнымі лодкамі ў паўночнай Атлантыцы ў раёне Вілейкі і станцыі папярэджання пра ракетны напад загарызантальнага дзеяння ў раёне Ганцавічаў;

– не спаганяе паўнавартасную плату за транзіт па беларускай тэрыторыі нафты, грузаў і пасажыраў;

– дае Расеі мільёны працоўных месцаў на прадпрыемствах, якія працуюць у кааперацыі з беларускімі вытворцамі;

– пастаўляе ў Расею дастаткова танныя і якасныя сельгастэхніку, грузавыя аўтамабілі, дарожныя машыны, кар'ерныя самазвалы і да таго падобнае.

За арэнду касмадрома Байканур Расея плаціць Казахстану штогод 115 мільёнаў даляраў, за два расейскія вайсковыя аб'екты ў Беларусі такую арэнду можна ацаніць на 100 мільёнаў даляраў штогод, а за ўсе гады іх эксплуатацыі набягаюць ужо мільярды даляраў.

Сёлета беларускі ўрад спадзяецца атрымаць ад транзіту ў сферы транспарту больш за 1,5 мільярда даляраў. З іх: 150 мільёнаў даляраў – за транзіт нафты, 476 мільёнаў – за прапампоўку газу, 879 мільёнаў – за транспартныя паслугі. Аснову транзітных патокаў, якія праходзяць праз нашу тэрыторыю, складаюць знешнегандлёвыя грузы Расеі. Беларусь мае права павысіць транзітныя тарыфы і сама менш падвоіць гэтыя сумы.

Пастаўляючы ў Беларусь нафту і газ, Расея дзеліцца з Беларуссю прыроднай рэнтай. Трэба асобна яшчэ паглядзець, якая частка расейскага вуглевадароднай гранту даставалася простым беларусам. Ды і грант вычарпаецца да 2025 года: расейскія кошты на нафту набліжаюцца да сусветных. Сёння для Беларусі кошты на нафту, якая пастаўляецца Расеяй на нашы НПЗ, дасягнулі 80–85 адсоткаў ад сусветных.

Памятаецца, на нарадзе беларускіх эканамістаў на пачатку 1990-х гадоў адзін з прадстаўнікоў былой партгаснаменклатуры сцвярджаў, што Беларусь без Расеі можа самастойна стварыць толькі 4 адсоткі свайго ВУП. На гэта прафесар М.Савіцкі запярэчыў: так што, я без Расеі ў прыбіральню схадзіць не магу (маючы на ўвазе, відавочна, туалетную паперу, якую мы тады набывалі ў іх)? Заўважу, сёння ў нас свайго гэтага дабра хапае.

Сяргей Калякін палохае нас, што без дапамогі Расеі ўзровень жыцця беларусаў панізіцца на 40 адсоткаў. Якая, прабачце, лухта! Нашы суседзі, я маю на ўвазе Польшчу, Літву, Латвію, Эстонію, ужо гадоў дваццаць з лішнім як вырваліся з абдымкаў Расеі, і што – жыццёвы ўзровень іх грамадзянаў упаў на 40 адсоткаў? Наадварот, прыкметна вырас.

Так, народы тых жа краінаў Балтыі не глядзелі на свет праз катлету, а, памятаеце, узяліся за рукі і пасталі жывым ланцугом на сотні кіламетраў, сімвалізуючы сваю нацыянальную незалежнасць. Мерзлі, нягледзячы на холад зімой, калі Расея падвысіла кошты на газ. Але дамагліся свайго! Ужо даўным-даўно і не мерзнуць, і не галадаюць. Больш за тое, і заробкі, і пенсіі выраслі ў некалькі разоў.

Возьмем іншы прыклад. Эканоміка Украіны мела не меншую залежнасць ад Расеі. Але яна паказала, што можна развівацца і без донарства імперскай суседкі. Важна толькі наладзіць цеснае супрацоўніцтва з іншымі краінамі, перш за ўсё з дзяржавамі Еўразвязу. Сёння, у сутнасці, яшчэ краіна ў стане вайны паказвае добрую эканамічную дынаміку. Сярэдні заробак ва Украіне ўжо набліжаецца да 500 даляраў.

Сцвярджэнні Калякіна, што Еўразвяз спыніў дапамогу краінам былога сацыялістычнага лагеру, няслушныя. Яны як атрымлівалі штогод мільярды еўраў, так і атрымліваюць. Калі мы, беларусы, будзем нарошчваць аб'ёмы гандлю з Еўрапейскім звязам, то, я ўпэўнены, і наша краіна стане атрымліваць немалыя дывідэнды.

Не вытрымліваюць крытыкі і выказванні Калякіна наконт таго, што ў нашых суседзяў, скажам прыбалтаў, узровень жыцця не нашмат перавышае той, які мы, беларусы, маем. Тады, Сяргей Іванавіч, як паставіцеся да таго, што тысячы нашых грамадзянаў выязджаюць і працаўладкоўваюцца ў той жа Літве?

А колькі беларусаў працуе ў Польшчы, Чэхіі, Славакіі! Паспяховым эканамічным развіццём гэтыя краіны абавязаныя як рынкавым рэформам, працавітасці насельніцтва, так і шматмільярднай дапамозе краінаў-донараў ЕЗ.

Не, я далёкі ад думкі, што нам трэба адвярнуцца ад Расеі і што калі пойдзем па гэтым шляху, то Беларусь будзе ашчасліўленая Захадам. Мы павінны з усімі – і блізкімі, і далёкімі – суседзямі падтрымліваць сяброўскія, цывілізаваныя стасункі, будаваць партнёрства на ўзаемавыгаднай аснове. І не жабракі мы, не чыесьці нахлебнікі, а маем усё для таго, каб нармальна развівацца, жыць у поўным прыбытку. Зразумела, для гэтага шмат яшчэ трэба зрабіць. І зробім!

Калі я вяртаюся да інтэрв'ю Калякіна і ўспамінаю ягонае камуністычнае мінулае, у мяне ствараецца ўражанне, што ён зусім не супраць апынуцца ў складзе Расейскай Федэрацыі. Але радуе, што такіх людзей, як сведчаць сацыялагічныя апытанні, вельмі і вельмі мала.

Значыць, быць Беларусі незалежнай, суверэннай краінай. І самадастатковай».

Напісаць каментар 69

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках