24 красавiка 2024, Серада, 11:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ЗША: Выбух ля Северадзвінска адбыўся пры спробе падняць «Буравеснік»

4
ЗША: Выбух ля Северадзвінска адбыўся пры спробе падняць «Буравеснік»

Расейская ракета апынулася на дне Белага мора.

Злучаныя Штаты прыйшлі да высновы, што выбух на палігоне ў Архангельскай вобласці, які прывёў да выкіду радыяцыі і гібелі некалькіх чалавек, як мяркуецца, у выніку радыяцыйнага пашкоджання, адбыўся падчас аперацыі ўздыму з дна Белага мора ракеты «Буравеснік» з ядзернай ракетнай устаноўкай, паведамляе «Голас Амерыкі».

Гэта вынікае з тэксту выступу супрацоўніка Дзярждэпартамента ЗША ў адным з камітэтаў ААН 10 кастрычніка.

«Выбух... быў вынікам ядзернай рэакцыі, якая ўзнікла падчас уздыму расейскай крылатай ракеты з ядзернай устаноўкай», – гаворыцца ў выступе намесніка памочніка дзяржсакратара ЗША Томаса дзі Нана.

Такім чынам, афіцыйна пацвярджаюцца вынікі расследавання Радыё Свабода, у якім раней менавіта гэтая версія здарэння называлася найбольш верагоднай.

«Ракета ляжала на дне Белага мора пасля яе няўдалага выпрабавання раней у гэтым годзе, непадалёк ад буйнога населенага пункта», – заявіў Дзі Нана. Гаворка ідзе пра Северадзвінск, побач з якім размешчаны палігон Нёнакса.

Выбух пад Северадзвінскам адбыўся 8 жніўня. Расейскія ўлады прызналі факт выбуху, кароткатэрміновага выкіду радыяцыі і гібелі людзей – пяцярых супрацоўнікаў Расатама і двух вайскоўцаў. У афіцыйных паведамленнях гаварылася, што ён адбыўся пры выпрабаванні новай тэхнікі з «ізатопнай крыніцай харчавання». Пра тое, якая гэта тэхніка, аднак, афіцыйна не паведамлялася. У розных расследаваннях называліся розныя версіі – аж да выбуху самой ракеты «Буравеснік». Радыё Свабода, абапіраючыся на адкрытыя крыніцы, здолела вызначыць найбольш верагодную прычыну выбуху.

Пра ракету, пасля названую «Буравеснікам», казаў прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін у пасланні ў сакавіку 2018 года, сцвярджаючы, што гэтая зброя не мае аналагаў у свеце, здольная фактычна неабмежаваны час знаходзіцца ў паветры і змяняць траекторыю палёту. Выпрабаванні гэтай ракеты засакрэчаныя. СМІ, спасылаючыся на звесткі выведак, пісалі пра некалькі няўдалых выпрабаванняў «Буравесніка» ў Расеі, аднак гэтыя паведамленні не пацверджаныя.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках