18 красавiка 2024, Чацвер, 9:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Амерыканскія журналісты раскрылі факт злачынстваў РФ у Сірыі

15
Амерыканскія журналісты раскрылі факт злачынстваў РФ у Сірыі
ФОТА: РІА НАВІНЫ, РАМІЛЬ СІТДЗІКАЎ

Выданне The New York Times правяло расследаванне.

«Спрацаваў», – сказаў расейскі пілот. «Гэтае слова на расейскай мове... было пацвярджэннем таго, што ён скінуў бомбу на цэль у Сірыі: на хірургічны шпіталь Набад аль-Хаят недалёка ад горада Хаас у правінцыі Ідліб», – піша The New York Times (пераклад – inopressa.ru).

«Каманда The Visual Investigations газеты The New York Times адсачыла неаднаразовыя бамбаванні сірыйскіх лякарняў, пачынаючы з 2017 года – відавочную стратэгію сірыйскіх вайскоўцаў і Расеі, іх хаўрусніцы. Паводле звестак Управы Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, з канца красавіка больш за 50 медыцынскіх установаў пацярпелі ад нападаў у ходзе наступу з мэтай адваяваць правінцыю Ідліб у баевікоў, якія выступаюць супраць прэзідэнта Сірыі Башара Асада», – гаворыцца ў артыкуле.

Журналісты выдання сабралі сотні фатаграфій і відэа моцна разбураных сірыйскіх лякарняў у групах у Facebook і на каналах у Telegram, «дзе сірыйскія журналісты і грамадзяне дзеляцца гадзінамі здымак». «Акрамя звестак пра медыцынскія і гуманітарныя арганізацыі, карыстальнікі гэтых платформаў даслалі нам і іншыя дакументы, уключаючы ўнутраныя справаздачы і неапублікаваныя відэаролікі», – паведамляюць яны.

«Хаця Расею даўно падазраюць у тым, што яна стаіць за гэтымі бамбаваннямі лякарняў, прамыя доказы яе датычнасці было цяжка знайсці, і расейскія чыноўнікі адмаўляюць адказнасць. У ходзе нашага расследавання мы атрымалі дзясяткі тысячаў раней неапублікаваных аўдыязапісаў перамоваў паміж пілотамі ВПС Расеі і афіцэрамі наземнага кантролю ў Сірыі. Мы таксама атрымалі звесткі пра палёты за некалькі месяцаў, зарэгістраваныя сеткай сірыйскіх назіральнікаў, якія адсочваюць ваенныя самалёты, каб папярэджваць цывільнае насельніцтва пра блізкія авіяўдары. Назіранні за палётамі праводзіліся з фіксацыяй часу, месцазнаходжання і агульнага тыпу кожнага самалёта», – пішуць аўтары расследавання.

«Ці могуць гэтыя камунікацыі, кожная з якіх доўжыцца ўсяго некалькі секундаў і перасыпаныя быццам бы не расшыфравальным ваенным жаргонам і кодавымі словамі, быць прамым доказам парушэння Расеяй аднаго з самых старых правілаў вайны?» – разважаюць рэпарцёры, якія «патрацілі многія тыдні на пераклад і расшыфроўку закадаваных словаў, каб зразумець, як расейскія пілоты праводзяць авіяўдары па Сірыі».

«Нам трэба было праверыць і супаставіць расейскія камунікацыі і бартавыя журналы з іншай інфармацыяй пра авіяўдары, якую мы атрымалі, уключаючы спадарожнікавыя здымкі і сведкавыя паказанні лекараў. Расшыфроўка камунікацый і вызначэнне дакладнага часу і месца кожнага ўдару па шпіталі выканалі ключавую ролю», – пішуць яны, дадаючы, што «пастанавілі засяродзіцца на 5 і 6 траўня, калі бамбардаванне зазналі 4 лякарні. Кожная з іх, паводле звестак СААЗ, уваходзіла ў падтрыманы ААН «спіс урэгулявання канфлікту», што азначала, што яны павінны былі быць абароненыя ад нападаў».

«У выніку мы ўбачылі заканамернасці ў звестках. Чым ясней станавілася карціна, тым больш выкрывальнай яна рабілася для Расеі», – піша газета.

«...У дачыненні да кожнага авіяўдару мы вывучылі доказы, зарэгістраваныя падчас нападу: ці знаходзіліся самалёты расейскіх ВПС у паветры? Ці бачылі іх ля лякарняў? Пра што былі перамовы на перахопленых аўдыязапісах?»

«У выпадку хірургічнага шпіталя Кафра Набла... атака адбылася прыкладна ў 17.30 5 траўня», – паведамляецца ў публікацыі. Паводле словаў лекара, які працаваў там, «першы ўдар па шпіталі адбыўся ў 17.30, і за ім рушылі яшчэ тры ўдары з розніцай пяць хвілінаў». «Актывісты мясцовых СМІ пачалі здымкі пасля першага ўдару. Наступны ўдар на відэа зафіксавалі чацвёра з іх», гаворыцца ў артыкуле.

Каб высветліць, ці сапраўды ўсе відэа былі знятыя ў Кафра-Набле, журналісты, выкарыстоўваючы Google Earth, змаглі «вызначыць геалакацыю ўсіх відэа і вызначыць, што ўсе выбухі адбыліся ў хірургічным шпіталі Кафра Набла». «...Вывучыўшы кожнае відэа кадр за кадрам і параўнаўшы некалькі відэаролікаў адзін з адным, мы зразумелі, што ў нас ёсць кадры трох розных удараў з розных кутоў. Аналіз ценяў на відэа дазволіў нам ацаніць час нанясення ўдараў. Але каб даведацца дакладны час, мы папрасілі мясцовых журналістаў і інфармацыйныя агенцтвы даслаць свае здымкі, каб мы маглі выкарыстоўваць метазвесткі файлаў і вызначыць, калі быў здзейснены кожны ўдар па лякарні, з дакладнасцю да секунды: 17:36:12, 17:41:14 і 17:49:17», – паведамляюць яны, дадаючы, што ў той дзень «актыўныя былі і расейскія, і сірыйскія ваенна-паветраныя сілы», і бамбіць лякарню «павінен быў хтосьці з дзвюх».

«Самы дакладны доказ адказнасці Расеі падалі камунікацыі расейскіх ВПС, паколькі мы ведалі дакладны час выбухаў дзякуючы метазвесткам відэа. Менавіта ў гэты самы час чатыры бомбы скінуў расейскі лётчык», – падкрэслівае The New York Times.

«Пілот, які называе сябе “72”, прамаўляе “cпрацаваў” у 17:30. Ён паўтарае гэта праз пяць хвілінаў, у 17:35, у 17:40 і ў 17:48. Усяго былі скінутыя чатыры бомбы, кожная з інтэрвалам прыкладна 5 хвілінаў і прыкладна за 40 секундаў да часу ўдару, які мы разлічылі з метазвестак відэа», – паведамляецца ў артыкуле.

«...Мы бачылі тры іншыя выпадкі, калі расейскія ВПС “спрацавалі” над лякарнямі цягам 12 гадзінаў у пачатку траўня. У кожным выпадку доказы былі яснымі», – сцвярджаюць журналісты газеты.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках