Беларускі гурт Re1ikt змяніў назву і выпусціў новы альбом
2- 14.10.2019, 13:26
- 10,309
У яго ўвайшлі дзесяць старадаўніх беларускіх народных песняў.
Беларускі гурт Re1ikt змяніў назву і выпусціў шосты студыйны альбом, у які ўвайшлі дзесяць старадаўніх беларускіх народных песняў, сабраных у розных кутках нашай краіны, піша tut.by.
Стылізаваная адзінка ў назве каманды (Re1ikt) саступіла месца лацінскай «L» – цяпер група называецца Relikt. Гэта зроблена для таго, каб пазбегнуць блытаніны. Яшчэ ў гурта новы лагатып, створаны на аснове шрыфту, якім быў напісаны Статут ВКЛ.
У новы альбом увайшлі дзесяць старадаўніх беларускіх народных песняў, сабраных у розных кутках нашай краіны. Навуковымі кансультантамі рэлізу выступілі гісторык, даследніца традыцыйнай культуры Алена Ляшкевіч і этнограф, спецыялістка ў этнічным спеўным выкананні Ірына Мазюк.
Шосты студыйны альбом Relikt запісваўся і зводзіўся на той самай легендарнай кансолі SSL 4000 з Лос-Анджэлесу студыі кампаніі Yamaha, з якой працавалі Motorhead, Стыві Уандэр, Цот Аткінс і іншыя зоркі.
Акрамя незвычайных гітарных эфектаў, якія сталі візітнай карткай Relikt, і шматстайнай перкусіі, у новых кампазіцыях калектыву можна пачуць мноства рэдкіх, незвычайных для рок-музыкі этнічных інструментаў: глюкафон ручной працы з нестандартным строем, беларускія дудкі, ксілафон, баян.
– Рэліз «Дрэва жыцця» звязаны з фундаментальнымі паняццямі чалавечага быцця: жыццё і смерць, дабро і ліха, а таксама з'яўляецца ключавым сімвалам беларускай міфалогіі і культуры. Нам хочацца, каб песні, якія спявалі нашыя продкі, бабулі і дзядулі, не зніклі, а прадаўжалі гучаць на фестывалях, у клубах і айпадах, каб дрэва нашага роду і народу не засыхала, а давала новыя парасткі, – кажа лідар Relikt бубнач Аляксандр Дземідзенка.