25 красавiка 2024, Чацвер, 7:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вывад расейскіх грошай у афшоры паскорыўся ў сем разоў

4
Вывад расейскіх грошай у афшоры паскорыўся ў сем разоў

За трэці квартал у выглядзе «наўпроставых інвестыцый» з Расеі ў афшорныя зоны перацяклі $7,5 млрд.

Санкцыі Захаду, амністыя капіталаў, заклікі да дэафшарызацыі і патрыятычных інвестыцый не змаглі спыніць раку расейскіх грошай, якая цячэ ў кірунку папулярных афшорных зон, піша finanz.ru.

Адток капіталу з Расеі ў выглядзе наўпроставых інвестыцый у замежныя, пераважна афшорныя кампаніі, зноў паскорыўся, а па шэрагу юрысдыкцый, уключна з Кіпрам і Сінгапурам, дасягнуў гістарычных рэкордаў, сведчыць статыстыка ЦБ.

У трэцім квартале грамадзяне і кампаніі РФ вывелі з краіны 7,5 млрд даляраў праз інвестыцыі ў замежны бізнэс, даў справаздачу цэнтрабанк у аператыўнай ацэнцы аплатнага балансу (.xls).

У параўнанні з другім кварталам (4,4 млрд даляраў) сума вырасла ў 1,7 разы, а калі параўноўваць з аналагічным перыядам мінулага года (1,1 млрд даляраў) - больш чым у 7 разоў.

Назапашаным вынікам за 9 месяцаў у выглядзе наўпроставых інвестыцый краіну пакінулі 20,7 млрд даляраў - на 13% больш, чым у 2018 годзе. Агульны адток з пачатку 2017 дасягнуў 86,8 млрд даляраў.

Краінавая структура гэтых плыняў застаецца афшорнай амаль на 100%. Паводле апошніх звестак ЦБ (на красавік-2019), дзве траціны ўсіх інвестыцый расейцаў за мяжой прыпадаюць на Кіпр (.xls).

У першым квартале грамадзяне РФ і бізнэс перавялі туды яшчэ 5,389 млрд даляраў. Агульная сума размешчаных на Кіпры расейскіх грошай дасягнула 186,3 млрд даляраў і ў 8 разоў перавысіла ВУП паўвострава. З пачатку моманту санкцый, пагаршэння стасункаў з Захадам і абвяшчэння курсу на дэафшарызацыю інвестыцыі на Кіпр выраслі на 22%, або 34 млрд даляраў (.xls).

Яшчэ 267 млн даляраў было выведзенае ў Ірландыю, якая захоўвае статус падатковага раю праз нізкія стаўкі падатку на прыбытак; 196 млн даляраў выцеклі на востраў Джэрсі; 263 млн - на Віргінскія выспы, 160 млн - у Люксембург, 552 млн - у Нідэрланды, 47 млн - на Багамы.

Складанасці, паводле інфармацыі ЦБ, паўсталі ў заможных расейцаў у Швайцарыі, адкуль у першым квартале давялося вывесці 1,284 млн даляраў. У якасці новай «скарбонкі» афшорных капіталаў быў абраны Сінгапур: за квартал туды было перапраўлена 1,797 млрд даляраў, а з пачатку 2017 года - амаль 10 млрд.

У выніку сума наўпроставых інвестыцый з Расеі ў Сінгапур вырасла ў 4,5 разы і на красавік устанавіла новы гістарычны рэкорд – 3,749 млрд даляраў.

Зваротная плынь грошай – наўпроставыя інвестыцыі з-за мяжы - не кампенсуе вывазу капіталу. «Аб'ём наўпроставых інвестыцый рэзідэнтаў за мяжу прадаўжае пераважаць над інвестыцыямі нерэзідэнтаў у Расею», - канстатуе аналітык «Прамсувязьбанка» Дзяніс Папоў: з пачатку года розніца склала 1,2 млрд даляраў.

Услед за рэальным сектарам грошы выводзяць банкі: у другім квартале яны інвеставалі ў замежныя актывы 13,2 млрд даляраў, а ў трэцім - яшчэ 1,2 млрд, паказвае галоўны эканаміст РФНІ Дзмітрый Палявы.

Чысты адток капіталу, паводле інфармацыі ЦБ, запаволіўся з 34,4 млрд даляраў летась да 24,8 млрд даляраў (за студзень-верасень). Аднак той факт, што прыватны сектар прадаўжае актыўна акумуляваць замежныя інвестыцыі, выглядае трывожна, бо сведчыць пра нежаданне бізнэсу інвеставаць унутры краіны, адзначае галоўны эканаміст ING у Расеі і СНД Дзмітрый Далгін.

Гэта фактар рызыкі і для рубля, кажа ён: валютны рынак становіцца залежным ад плыняў спекулятыўнага замежнага капіталу ў дзяржпазыку, якія пакуль падтрымліваюць рубель, але могуць разгарнуцца ў зваротным кірунку ў выпадку, напрыклад, пагрозы новых санкцыяў або пагаршэння кан'юнктуры.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках