24 красавiка 2024, Серада, 15:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зяленскі рушыў на перадавую і ўручыў украінскім байцам узнагароды

11
Зяленскі рушыў на перадавую і ўручыў украінскім байцам узнагароды

Прэзідэнт Украіны павіншаваў вайскоўцаў са святам.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў Данецкай вобласці сустрэўся з украінскімі байцамі і ўручыў ім дзяржаўныя ўзнагароды, паведамляе «Украінская праўда».

«Канстытуцыя Украіны кажа, што Украіна незалежная, суверэнная, унітарная і дэмакратычная дзяржава. І калі хтосьці не згодны з гэтымі словамі і хоча гэтаму запярэчыць, то яму давядзецца мець справу з вамі, з нашымі Абаронцамі», - заявіў прэзідэнт Украіны.

Са слоў прэзідэнта, былі часы, калі Украіна жыла бесклапотна, а вайна здавалася чымсьці далёкім.

«Анэксаваны Крым і пачатак вайны на Данбасе, стужкі жудасных навінаў з колькасцю ахвяр, абстрэлаў, захопленых населеных пунктаў. Гэта ўсё была сапраўды шокавай тэрапіяй, нібы дзве тысячы вольт прапусцілі па целе нашай роднай Украіны», - сказаў ён.

«Такія моманты сапраўды з'яўляюцца момантамі ісціны, калі ў цэлага народа ёсць два шляхі: першы - здацца і назаўсёды знікнуць з твару зямлі. Ці нарадзіцца другім разам, насуперак усяму, на злосць усім ворагам, стаць на ногі, атрэсці пыл, усміхнуцца і сказаць: «Не, не дачакаецеся». Мы выбралі менавіта гэты шлях. Чаму? Адказ вельмі просты: таму што мы ўкраінцы, свабодныя і нязломныя», - заявіў Зяленскі.

Разам з тым, прэс-служба прэзідэнта паведаміла, што ён у рамках рабочай паездкі ў Данецкую вобласць азнаёміўся з сітуацыяй на лініі судакранання ў зоне правядзення Аперацыі аб'яднаных сілаў, а таксама з умовамі нясення службы і пражывання ўкраінскіх вайскоўцаў на перадавой.

«На ўласную ініцыятыву, без прадстаўлення Міністэрства абароны Украіны, прэзідэнт уручыў дзяржаўныя ўзнагароды і гадзіннікі пяці байцам 92-й асобнай механізаванай брыгады аператыўнага камандавання «Усход» Наземных войскаў Узброеных сіл Украіны», - гаворыцца ў паведамленні.

У той жа час населены пункт, дзе прэзідэнт сустракаўся з вайскоўцамі, не паказваецца.

Прэс-служба паведамляе таксама, што Зяленскі ўшанаваў памяць Героя Украіны, намесніка камандзіра батальёна 72-й асобнай механізаванай брыгады Андрэя Кызыла, усклаўшы кветкі да помніка абаронцам Аўдзееўкі ў Данецкай вобласці з партрэтам загінулага воіна.

Адзначаецца, што мемарыяльны памятны знак абаронцам Аўдзееўкі быў адкрыты 19 верасня 2017 года ў некалькіх сотнях метраў ад пазіцый праціўніка.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках