28 сакавiка 2024, Чацвер, 19:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Якуцкі шаман Габышаў: Трэба выгнаць дэмана

2
Якуцкі шаман Габышаў: Трэба выгнаць дэмана
АЛЯКСАНДР ГАБЫШАЎ
ФОТА: ЧИТА.РУ

Чаму расейцы паверылі ў паход на Маскву.

Доўгавалосы шаман прыйшоў пешшу з замерзлай Поўначы, цягнучы за сабой вазок, піша Антон Траяноўскі ў артыкуле для The New York Times (пераклад – inosmi.ru).

Шаману цяпер пагражае змяшчэнне ў псіхіятрычную лякарню, і гэта нагадвае тое, як ставіліся да іншадумцаў у СССР. Ягоныя адвакаты кажуць, што на мінулым тыдні ў ФСБ (пераемніцы КДБ) ім сказалі, што іх кліент мае патрэбу ў псіхіятрычным лячэнні.

«Гэта самае страшнае – тое, чаго мы вельмі баяліся, – сказаў Барыс Андрэеў, адзін з адвакатаў.

У камандзе Аляксандра Габышава кажуць, што яны будуць змагацца з спробамі пазбавіць яго свабоды, і на гэта можа спатрэбіцца не адзін месяц. А пакуль ён знаходзіцца ў Якуцку пад падпіскай аб нявыездзе.

Патрыятычны чад, які зацямніў эканамічныя праблемы Расеі пасля анэксіі Крыма ў 2014 годзе ў асноўным паменшыўся, а рэальныя прыбыткі насельніцтва ў параўнанні з 2013 годам істотна знізіліся. Расейцы, якіх падганяе наяўнасць доступу да таннага высакахуткаснага інтэрнэту, які атрымлівае шырокае распаўсюджанне і ў асноўным не ведае цэнзуры, становяцца смялейшыя ў сваіх выказваннях, бо ведаюць, што нават калі дзяржаўныя СМІ ігнаруюць іхняе меркаванне, іх могуць пачуць мільёны людзей у інтэрнэце.

Менавіта таму Дзмітрый Баіраў, таксіст, акцыя якога дазволіла прывабіць больш увагі да Аляксандра Габышава, рэдка выходзіць з хаты без двух смартфонаў у шэрай наплечнай торбе, зараднай прылады ў кішэні і мацавальніка для штатыва, што звісае з карабіна.

«Я бачу, што ёсць несправядлівасць – я чую яе, я бачу яе, і я кажу пра яе, – кажа Баіраў і дадае, што Ютуб «з'яўляецца адзіным сродкам – як гэта назваць? – свабоды слова».

50-гадовы Аляксандр Габышаў, які працаваў раней зваршчыкам, вадаправоднікам і цесляром, прыйшоў да шаманізму – традыцыйнай рэлігіі свайго народа саха – больш за 10 гадоў таму, пасля смерці жонкі. Паводле ягоных словаў, ён больш за два гады жыў пустэльнікам у сібірскай тайзе.

У канцы жніўня ён дайшоў да Улан-Удэ, прайшоўшы за паўгода блізу 2500 кіламетраў. Ён прадказаў, што тысячы людзей далучацца да яго падчас ягонага паходу ў Маскву, куды ён будзе дабірацца два гады, пераадолеўшы 8000 кіламетраў. Людзі далучацца, каб дапамагчы яму выгнаць Пуціна.

Інфармацыю пра ягоны паход распаўсюджвалі людзі, якія праязджалі міма па трасе, размяшчаючы відэаролікі, у якіх шаман з рэдкай барадой прамаўляе спеўным голасам.

Дзмітрый Баіраў даведаўся пра Габышава ад іншых відэаблогераў у Ютубе. У чаце для таксістаў у Вайберы ён прасіў людзей дапамагчы шаману, калі той набліжаўся да Улан-Удэ.

Дзявятага верасня, пасля таго, як улады затрымалі аднаго з аднадумцаў Габышава, Баіраў падышоў да мэра Ігара Шуцянкова – гэта было побач з самай вядомай славутасцю горада, помнікам у выглядзе скульптурнай статуі галавы Леніна вышынёй блізу васьмі метраў.

Шуцянкоў пры падтрымцы пуцінскай партыі «Адзіная Расея» толькі што перамог на выбарах папулярнага ў горадзе кандыдата ад камуністаў. Выбары крытыкі назвалі сфальсіфікаванымі. Пасля таго як Баіраў прыпаркаваў свой аўтамабіль на цэнтральнай плошчы на знак пратэсту супраць таго, як улады абышліся з чальцамі «атрада» шамана, непадалёк прыпаркавалі мікрааўтобус камуністы, каб выказаць сваю нязгоду з вынікамі выбараў.

На наступны дзень пад пільным поглядам Леніна людзі ў цывільным і ў масках пры падтрымцы амапаўцаў, размахваючы сякеркамі, кінуліся штурмаваць два аўтамабілі, разбілі шкло, зацягнулі Баірава і палітыка-камуніста ў белы фургон без апазнавальных знакаў і з'ехалі.

Сведкай гэтага «налёту» стала Ганна Зуева, даўняя вядоўца мясцовага праўладнага тэлеканала, яна выклала відэа ў Ютуб, дзе яно атрымала блізу 800 тысячаў праглядаў. На наступны дзень яна звольнілася з працы і ператварылася з «прапагандысцкага рупара» ў крытыка-блогера.

«Я не хачу заключаць угоду са сваім сумленнем», – напісала яна ў Інстаграме. А пазней у інтэрв'ю дадала: «Людзі больш не могуць маўчаць».

Пратэсты, якія адбыліся пасля гэтага, былі нечуванымі для Улан-Удэ, сталіцы рэспублікі Бурація, размешчанай недалёка ад мяжы з Манголіяй. Тут пражываюць бураты, народ мангольскага паходжання, і жыхары ўважацца вельмі спакойнымі.

Больш за тысячу пратэстоўцаў патрабавалі правядзення перавыбараў і адстаўкі прызначанага Пуціным губернатара Бураціі Аляксея Цыдзенава. Яны вырабілі велізарныя транспаранты з перакрэсленай сякерай – інструментам, які імгненна стаў сімвалам бязмежжа ўладаў.

Дзеячы культуры, у тым ліку мастацкі кіраўнік фінансаванага ўрадам Дзяржаўнага рускага драматычнага тэатра Сяргей Лявіцкі, выступілі ў падтрымку пратэстоўцаў, нягледзячы на тое, што многіх арганізатараў пратэсту пасадзілі ў турму.

«Што ні адбывалася б у Маскве або ў іншых гарадах, у нашым горадзе заўсёды было ціха – сказаў Лявіцкі. – Людзі перайшлі рысу».

У першыя 10 гадоў знаходжання Пуціна ва ўладзе ўзровень жыцця дзякуючы эканамічнаму росту, падсілкаванаму нафтадалярамі, павысіўся, і вырасла ягоная папулярнасць. З тых часоў праз падзенне коштаў на нафту і заходнія санкцыі краіна апынулася ў цяжкім эканамічным становішчы, але цягам многіх гадоў у Пуціна атрымоўвалася пераконваць расейцаў у тым, што аднаўленне статусу іхняй вялікай дзяржавы вартае таго, каб пераносіць гэтыя эканамічныя нягоды.

Міхаіл Дзмітрыеў, маскоўскі эканаміст, які для вывучэння грамадскай думкі звяртаецца да фокус-групаў па ўсёй краіне, кажа, што прычына расейскай незадаволенасці носіць эканамічны характар. Паводле ягоных словаў, адсутнасць росту асабістых прыбыткаў цягам многіх гадоў выклікае адмоўнае стаўленне, пагарду да ўладаў, недавер да дзяржаўных СМІ і з'яўляецца прычынай адсутнасці цікавасці да знешнепалітычным авантураў Пуціна.

Але летась Дзмітрыеў выявіў прыкметныя змены: упершыню з пачатку 1990-х гадоў большасць ягоных рэспандэнтаў заявілі, што пашырэнне палітычных свабодаў важнейшае, чым павелічэнне прыбыткаў.

"Умоваў для сур'ёзнай дэстабілізацыі абстаноўкі ў краіне ў цяперашні час не існуе, але, з іншага боку, гэта не статычная сітуацыя, а дынамічная», – сказаў ён.

Пытанне цяпер заключаецца ў тым, колькі яшчэ людзей пяройдуць ад таемнай незадаволенасці да публічнага пратэсту, які, на думку многіх аналітыкаў, з'яўляецца адзіным эфектыўным спосабам ціску на Крэмль.

31-гадовая Настасся Матвеева, прадпрымальніца з Улан-Удэ, якая робіць рамесныя кірмашы і вечарынкі ў начных клубах, да гэтага года палітыкай не цікавілася. Але потым адна з яе любімых зорак Ютубу, папулярны журналіст Юрый Дудзь, стаў больш жорстка крытыкаваць дзяржаву і падтрымліваць пратэсты ў Маскве.

Яна пачала чытаць блог апазіцыянера Аляксея Навальнага, які выкрывае карупцыю сярод расейскай кіроўнай эліты. На мітынгі ва Улан-Удэ яна не хадзіла, але пачынае думаць, што павінна адказваць за будучыню сваёй краіны.

«Я разумею, што, напэўна, трэба нешта рабіць, – кажа Наста.

Паводле словаў 55-гадовай жанчыны, якая апынулася побач з месцам, дзе праходзіла нядаўняя дэманстрацыя, яна падтрымлівае пратэстоўцаў, але ўдзельнічаць у пратэстах баіцца. Паводле яе словаў, ёй як кіраўніку кампаніі ёсць што страчваць, яна занадта многім рызыкуе. Яна адмовілася назваць сваё імя, баючыся пераследу.

«Я – жанчына з мінулай эпохі», з тых людзей, чыіх сваякоў расстралялі Саветы, сказала яна. Страх у мяне ў крыві. Рэжым вяртаецца».

Шаман Габышаў сказаў, што для правядзення абраду выгнання Пуціна ён запаліць вогнішча на Краснай плошчы, проста ля Крамлёўскай сцяны. Паводле якуцкай традыцыі ён збіраўся «накарміць» агонь кумысам і конскім воласам, біць у скураны бубен і здзяйсняць малітву, а «Пуцін адумаецца і спакойна сыдзе ў адстаўку».

Калі ўлады забароняць здзейсніць гэты рытуал, сказаў ён, людзі паднімуцца мільёнамі, заклікаючы Пуціна сысці.

А пакуль ён чакае вызначэння свайго лёсу. Ён пераехаў з дому сваёй сястры, дзе пасля затрымання спаў на двух тонкіх сініх матрацах на свабодным пятачку на падлозе, і жыве ў асобнай хаце ў двары. Але ўсе па-ранейшаму карыстаюцца ўсімі надворнымі пабудовамі.

Габышаў параўнаў сябе з вусенем, які «поўз па дарозе, доўга поўз, а потым ператварыўся ў лялячку, у кокан».

«З гэтага кокана з'явіцца новы свет, які ляціць вельмі хутка, – сказаў Габышаў. – Ніхто не ведае, калі».

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках