24 красавiка 2024, Серада, 14:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ці ёсць у беларускіх студэнтаў прадпрымальніцкі дух?

2
Ці ёсць у беларускіх студэнтаў прадпрымальніцкі дух?

Даследнікі заўважылі цікавую тэндэнцыю.

У снежні 2018 – студзені 2019 года Цэнтрам эканамічных даследаванняў BEROC было праведзенае другое апытанне студэнтаў установаў вышэйшай адукацыі Беларусі ў рамках «Глабальнага даследавання прадпрымальніцкага патэнцыялу студэнтаў» (GUESSS). Удзельнікамі гэтай хвалі глабальнага даследавання сталі 54 краіны. У беларускім апытанні ўдзельнічалі 504 рэспандэнты пры мінімальна неабходнай колькасці 384 (генеральная сукупнасць – 268100 студэнтаў, даверная верагоднасць – 95%, даверны інтэрвал – ± 5%), піша ej.by.

Як адзначае аўтар даследавання Радзівон Марозаў, большасць паказнікаў, якія адлюстроўваюць прадпрымальніцкія намеры і прадпрымальніцкую актыўнасць студэнтаў, прадэманстравалі негатыўную тэндэнцыю.

Толькі 7,3% гатовыя стварыць бізнэс адразу

Паводле апытання, толькі 7,3% студэнтаў у Беларусі маюць намер стварыць бізнэс адразу пасля заканчэння ВНУ (сярэднесусветны паказнік у 2018 годзе склалі 9%). Рэспандэнты тлумачаць гэта тым, што спачатку хацелі б набрацца досведу, бо ведаў, атрыманых падчас вучобы, не хапае. Перш за ўсё з прычыны адсутнасці спецыялізаваных курсаў у навучанні бізнэсу і эфектыўных цэнтраў падтрымкі прадпрымальніцтва ў краіне.

Між тым праз пяць гадоў пасля заканчэння вучобы беларусаў, гатовых стаць прадпрымальнікамі, становіцца значна больш – 47,5%, у той час як сярэднесусветны паказнік склаў 34,7%.

Дарэчы, звяртаюць увагу аўтары даследавання, прадпрымальніцкі досвед бацькоў таксама ніяк не ўплывае на пастанову адкрыць сваю справу адразу пасля заканчэння ВНУ. Аднак праз пяць гадоў пасля заканчэння вучобы ўжо 60% маладых людзей з прадпрымальніцкіх сем'яў гатовыя заняцца бізнэсам (з непрадпрымальніцкіх сем'яў – 44%).

У цэлым, робяць выснову даследнікі, гэта азначае, што ў беларускіх сем'яў хутчэй пазітыўны, чым негатыўны досвед вядзення ўласнага бізнэсу.

Вядуць свой бізнэс 4,3% студэнтаў

Таксама вынікі адказаў сведчаць, што пачаць уласную справу спрабавалі 22,2% беларускіх студэнтаў. Для параўнання: ва ўсім свеце гэты паказнік роўны 30,7%.

Вядуць уласны бізнэс або працуюць не ў найме 4,3% студэнтаў, у той час як сярэднесусветны паказнік склаў 11,2%, пішуць аўтары даследавання.

Успрыманыя ўзроўні прадпрымальніцкага асяродку ў ВНУ і навучання прадпрымальніцтву апынуліся ніжэйшыя за сярэднесусветны ўзровень – 4,1 (35-е месца) і 4,0 (38-е месца) адпаведна.

У даследаванні адзначаецца, што з 2016 года прыкметна знізілася дзель студэнтаў, якія не наведвалі курсы, звязаныя з прадпрымальніцтвам (-6,7 адсоткавых пункта). На думку аўтара Радзівона Марозава, гэта з'яўляецца вынікам дзяржаўнай палітыкі, накіраванай на пашырэнне навучання прадпрымальніцтву.

На нізкім узроўні і ў суседзяў

У даследаванні адзначаецца той факт, што тэндэнцыя да зніжэння асноўных паказнікаў прадпрымальніцкіх намераў і прадпрымальніцкай актыўнасці назіраецца і ў суседніх краінах: Расеі і Польшчы. Гэтыя змены адлюстроўваюць рух Беларусі, Расеі і Польшчы ў бок групы найбольш развітых краінаў, у якіх узровень прадпрымальніцкай актыўнасці і намераў студэнтаў нязменна знаходзіцца на больш нізкім узроўні.

«З улікам галоўным чынам абумоўленага неабходнасцю, а не інавацыйнага характару студэнцкага прадпрымальніцтва, у менш развітых краінах і рэгіёнах можна зрабіць выснову для Беларусі, што намаганні дзяржавы павінны быць сканцэнтраваныя на прасоўванні прадпрымальніцкага асяроддзя і адукацыі ў рэгіянальных універсітэтах», – мяркуе Радзівон Марозаў .

Паводле ягоных словаў, гэта будзе служыць мэтам рэгіянальнага развіцця (развіццю чалавечага капіталу і малога і сярэдняга прадпрымальніцтва), якое з'яўляецца адным з прыярытэтаў урада.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках