24 красавiка 2024, Серада, 18:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Арсень Чыгір: Месцы старой наменклатуры павінны заняць маладыя людзі

5
Арсень Чыгір: Месцы старой наменклатуры павінны заняць маладыя людзі
АРСЕНЬ ЧЫГІР

Цяперашняя ўлада не ў стане развязаць элементарныя дробныя пытанні.

Пра гэта апавёў удзельнік грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Арсень Чыгір, які высунуў сваю кандыдатуру ў Бабруйска-Першамайскай выбарчай акрузе №79, паведамляе прэс-служба грамадзянскай кампаніі:

– Мае ўражанні ад этапу збору подпісаў цалкам дадатныя. Мы абышлі велізарную колькасць людзей, правялі з імі працу, атрымалі магчымасць для далейшага ўзаемадзеяння.

Пра дзейную ўладу, асабліва пра чыноўнікаў, людзі кажуць не ў найлепшых тонах. Мне апавядалі часта, як былі хаджэнні ў розныя інстанцыі са зваротамі, з тым, што ўжо сапраўды накіпела, а людзей літаральна «адфутбольвалі», інакш гэта не назваць. Цяперашняя ўлада не ў стане развязаць элементарныя дробныя пытанні. Трэба разумець, што каб атрымаць гэтыя адпіскі, людзі прарабляюць велізарны шлях, толькі дзеля таго, каб дастукацца да гэтых чыноўнікаў, марнуюць велізарную колькасць свайго асабістага часу.

Яшчэ ёсць такі нюанс, што звароты грамадзянаў чыноўнікі выконваюць, калі праблема закладзеная ў планы. Тады ўлада прыпісвае гэта сабе ў заслугу, быццам гэта яны самі зрабілі актуальным, а не людзі, якія з гэтай праблемай прабіваліся да іх у чарзе. Яны ж сябе піяраць, кажучы «глядзіце, гэта мы самі пастараліся», а пра людзей з іх патрэбамі і слова не скажуць.

Пакуль чакаю рэгістрацыі ў кандыдаты. Як толькі зарэгіструюць – адразу пачнем весці агітацыйную працу. Будзем выстаўляць пікеты, распаўсюджваць друкаваную прадукцыю, сустракацца з выбарнікамі.

Я, на самай справе, вельмі шмат сутыкаўся з тым, што мой узрост вызначае многае. Людзі часта і адкрыта кажуць, што месцы старой наменклатуры павінны заняць маладыя людзі, якія са свежым поглядам бачаць развязанне актуальных праблемаў у краіне. А тыя, хто не ўпэўнены ў тым, што я ў сілу свайго ўзросту здольны што-небудзь зрабіць, часцяком змяняюць свой пункт гледжання, калі даведваюцца, што я ўжо зрабіў для горада, пра дасягненні. Людзі мяняюць сваё меркаванне, калі даведваюцца, што перад імі чалавек, за якім рэальныя дзеянні і вынік.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках