20 красавiка 2024, Субота, 12:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзмітрый Савіч - пра ўлады: На злодзею і шапка гарыць

5
Дзмітрый Савіч - пра ўлады: На злодзею і шапка гарыць

Кампанія збору подпісаў паказала, што ўлада нервуецца і рэфлексуе.

Актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Савіч распавёў прэс-службе кампаніі, як праходзіў збор подпісаў у Светлагорску:

«7 кастрычніка скончыўся збор подпісаў за вылучэнне кандыдатамі ў дэпутаты прадстаўнікоў грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь». На тэрыторыі Светлагорскай выбарчай акругі №46, дзе збірала подпісы мая ініцыятыўная група, выбаршчыкаў чакана хвалявала больш за ўсё адкрыццё завода беленай цэлюлозы на тэрыторыі Светлагорскага цэлюлозна-кардоннага камбіната.

Людзі абураюцца, што пабудаваная вытворчасць нясе рэальную пагрозу іх жыццю і здароўю, навакольнаму асяроддзю і ўсяму рэгіёну цалкам. Кажуць, што жыхароў раёна цынічна падманулі. Улады абяцалі суперсучаснае прадпрыемства, пабудаванае паводле самых надзейных аўстрыйскіх тэхналогій. А на справе выявіўся кітайскі завод з вялікай колькасцю парушэнняў яшчэ на стадыі ўзвядзення і абсталяваннем праславутай кітайскай якасці.

Ужо цягам амаль двух гадоў прылеглыя да завода жылыя гарадскія кварталы і сельскую мясцовасць накрывае смуродны дым з завадскіх труб, якія раздражняе не толькі нюхальныя рэцэптары, але і нясе рэальную пагрозу праз канцэнтрацыю ў ім небяспечных рэчываў - высокатаксічных злучэнняў хлору, з дапамогай якога адбельваюць цэлюлозу, і мецілмеркаптана. Сітуацыя пагаршаецца тым, што, на думку мясцовых экалагічных актывістаў, у ліку якіх людзі працавалі раней непасрэдна на хімічных вытворчасцях і ў гарадскіх хімічных лабараторыях, дагэтуль не існуе дзейсных спосабаў вымярэння канцэнтрацыі гэтых рэчываў у атмасферы.

Былі і дробныя паскудствы з боку ўладаў. На пікеты прыходзілі спецыяльна падасланыя правакатары з райвыканкама і міліцыі. Адміністрацыі гандлёва-забаўляльных аб'ектаў, каля якіх праходзілі нашы пікеты, уключалі гучней, чым звычайна, музыку і інфармацыйна-рэкламныя аб'явы, каб перашкаджаць гаварыць з людзьмі. Камунальнікі нечакана ладзілі рамонтныя працы з процьмай будаўнічай тэхнікі і рабочых у непасрэднай блізкасці ад намётаў і стэндаў нашых актывістаў.

Менавіта гэта ўсё кажа пра тое, што мы на правільным шляху. Улада рефлексуе і нервуецца. Як гаворыцца ў знакамітай прыказцы, «на злодзею і шапка гарыць». На пікетах людзі выказвалі сваё меркаванне аб палітычных і эканамічных працэсах, якія адбываюцца ў краіне, разважалі пра дзяржаўны лад, недахопы беларускай эканамічнай мадэлі.

Расказвалі пра самавольства ўладаў на месцах, жабрацкія заробкі і пенсіі, завышаныя кошты спажывецкіх тавараў і камунальныя паслугі, адсутнасць свабоды слова, нармальнага парламента і незалежнага суда, пра неэфектыўнасць агулам нашай мадэлі дзяржкіравання, якая не можа забяспечыць годнае жыццё большасці грамадзянаў. Але надзеі на перамены да лепшага ў людзей ёсць. І звязаныя яны, перш за ўсё, з прыходам новых, не звязаных з цяперашняй уладай палітыкаў. Змена ўлады - ключавое пытанне».

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках