19 красавiка 2024, Пятніца, 12:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леанід Заіка: Урад проста робіць скокі на месцы

30
Леанід Заіка: Урад проста робіць скокі на месцы
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА pfrf.ru

Кіраванне эканомікай адбываецца «на каленцы».

Ураду Беларусі даводзіцца тэрмінова пераглядаць прагнозы эканамічнага развіцця на наступны год.

Рэч у тым, што параметр «росту ВУП» 2,5%, які прапанаваў урад, здаўся Лукашэнку «недастаткова напружаным».

У абмеркаванні гэтага пытання ўдзельнічаюць многія дзяржорганы і нават «савет рэспублікі», якім кіруе былы прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч.

Што можа ў выніку атрымацца з гэтай задумы? На пытанні Charter97.org адказвае кіраўнік аналітычнага цэнтра «Стратэгія», эканаміст Леанід Заіка.

– Як Вы ацэньваеце тое, што для абмеркавання эканамічнага развіцця краіны запрасілі Міхаіла Мясніковіча? Дарэчы, ён практычна даслоўна паўтарыў патрабаванне Лукашэнкіі заявіў, што «заданні 2020 года павінны быць вельмі напружанымі».

– Шчыра кажучы, для любой краіны з нізкім узроўнем жыцця, рост ВУП 2–2,5% – паказнік вельмі маленькі. Калі гэта перавесці на мову макраэканамічных агрэгатаў – гэта дзесьці менш за два адсоткі прыросту прыбыткаў, што з'яўляецца вельмі цяжкім. Ужо цяпер у Беларусі афіцыйны рост прыбыткаў – 12%. Гэта значыць, такія паказнікі нават няма сэнсу абмяркоўваць.

– Адна з прапановаў, якую абмяркоўваюць улады – «падштурхнуць» эканоміку ў наступным годзе за кошт «інвестыцыйнага крэдытавання». Ці трэба эканоміку «падштурхоўваць» і што гэта за «інвестыцыйнае крэдытаванне»?

– У прынцыпе, у Беларусі недзе на 45% «інвестыцыйнае крэдытаванне» забяспечваецца самафінансаваннем прадпрыемстваў – гэта значыць палова. Цяпер прыбытак у банкаўскай сістэме блізу 40%. І банкі гуляюць, як каты на даху.

Што б ні казалі ва ўрадзе, мадэль інвестыцыйнага развіцця ў нас гадоў 15 адна і тая – максімум 17 млрд даляраў гадавых інвестыцый. Прыкладна палова з іх – грошы саміх прадпрыемстваў. Насельніцтва ў гэтым рэальна не ўдзельнічае. А ў інвестыцыях – маса нявыкарыстаных магчымасцяў.

– Адзін з «клопатаў» уладаў: 2020 год – апошні ў «пяцігодцы», а планы на яе цягам папярэдніх 4 гадоў не выконваліся. Каб наблізіцца ў будучым годзе да выканання задання на «пяцігодку», рост ВУП павінен скласці ў раёне 6%. Ці дасягальна гэта ў сённяшняй сітуацыі?

– Гульні ў «напампоўванне» росту ВУП тут досыць нецікавыя. Па-першае – яны не прафесійныя. Па-другое – інвестыцый няма, ёсць проста бюджэтнае субсідаванне прадпрыемстваў.

Гэта ўсё выдаецца за інвестыцыйны працэс, хоць гэтыя грошы як правіла закопваюцца і згараюць. З гэтай прычыны, да таго часу, пакуль гэтае субсідаванне будзе доўжыцца – эфектыўных інвестыцый абсалютна не будзе. Гэта павінны рабіць альбо прыватныя асобы, інвестары, альбо буйны бізнэс – а яго ў нас няма.

– Ці патрэбныя ўвогуле нам пяцігадовыя планы і пагоня за паказнікамі, як у СССР, калі рапартавалі пра «пяцігодку» ў чатыры ці нават у тры гады?

– Што тычыцца методыкі, ніхто ўраду не павінен забараняць складаць нейкія планы. У бюджэтнай палітыцы, скажам, двухгадовы, у малочнай прамысловасці – пяцігадовы.

Калі гэта план-прагноз, які ў Беларусі, шчыра кажучы, ніколі не выконваўся, то хай урад гуляе ў гэтыя гульні. Але значна больш цікавай з'яўляецца перспектыўная праграма развіцця тых ці іншых сектараў эканомікі – напрыклад, адукацыйнага сектару, IT, электратранспарту і г.д.

А гэтая метадалогія ўсёабдымнага характару – як у матэрыялах КПСС – яна не з'яўляецца эфектыўнай. Таму гэта тое, што хлопцы робяць «на каленцы».

– Міністр фінансаў Максім Ермаловіч упершыню заявіў пра фармаванне дэфіцытнага бюджэту на наступны год. З улікам прапанаванага Мясніковічам «інвестыцыйнага крэдытавання» – ці не прывядзе гэта да рэзкага росту незваротных пазыкаў у прадпрыемстваў?

– Ермаловіч – дзіцё наргаса. Ён там вучыўся і на ім усе родавыя плямы ёсць.

Прывяду на прыкладзе адной з самых «слаўных» структураў у Беларусі. Неяк сюды прыязджалі мае калегі з Нямеччыны і я іх знаёміў з працай Нацбанка і Міністэрства фінансаў. Дык яны былі ў шоку ад працы апошняга. Гэта было раней – можа быць, цяпер там працуюць трошкі іншыя людзі.

Міністэрства фінансаў не павінна займацца нейкімі інвестыцыйнымі праграмамі. Яно павінна працаваць у пытаннях выканання бюджэту і не трэба лезці ні ў якія іншыя нетры.

Прадукцыйнасць працы ў Беларусі ў 6 разоў ніжэйшая, чым у ЕЗ. Пры гэтым кіраўніцтва краіны ў сувязі з «выбарамі» перыядычна нагадвае чыноўнікам пра неабходнасць павышэння заробкаў для электарату. Якія наступствы для эканомікі даюць такія падыходы?

– Тут назіраецца парушэнне эканамічных законаў. Таму што ў нас блізу 1% прырост ВУП і 12% прырост намінальнай зарплаты – гэта вядзе да дыспрапорцыі. Пры Сталіну за такое б расстралялі. На мой погляд, цяперашняя сітуацыя ў Беларусі яшчэ горшая, чым была ў часы СССР.

Прадукцыйнасць працы – у Беларусі даволі складаны паказнік. У нас хутчэй за ўсё вымяраюць выпрацоўку працы, а не прадукцыйнасць. Але, што рабіць, шмат хто проста не разумее розніцу паміж гэтымі двума паняццямі. Гэта – вынік дрэннага ведання пытання.

– Да чаго ўвогуле можа прывесці задума штучна, у ручным рэжыме, «разаграваць» эканоміку дзеля паказнікаў на канец «пяцігодкі» і ў перыяд «выбараў»?

– Я яшчэ сам пісаў у 90-я гады, калі міністрам эканомікі быў Уладзімір Шымаў, што там было «разаграванне» эканомікі метадам «левых кейнсіянцаў» – штучнае павелічэнне ўнутранага попыту.

Цяпер чамусьці сталі зноў выкарыстаць гэты тэрмін, але я пакуль не бачу падставаў сцвярджаць, што гэта менавіта «разагрэў». Хутчэй за ўсё, тут гэта проста спроба скачкоў на месцы. Крок налева, крок направа – скачок на месцы. «Разагрэву» эканомікі Беларусі, на жаль, няма.

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках