29 сакавiка 2024, Пятніца, 8:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Названы месяц, калі камуніста Карпенку могуць выправіць у адстаўку

17
Названы месяц, калі камуніста Карпенку могуць выправіць у адстаўку

Эксперты ацанілі «актыўнасць» міністра адукацыі.

На нарадзе 14 кастрычніка Лукашэнка заявіў, што ў беларускай адукацыі бардак, і калі гэта не будзе выпраўлена, то хутка ў Міністэрства адукацыі будзе новы кіраўнік.

UDF.BY папрасіў экспертаў даць ацэнку дзейнасці Ігара Карпенкі.

«З аднаго боку, міністр Карпенка зрабіў шмат памылак. Але...»

Былы прарэктар ЕГУ, прафесар Уладзімір Дунаеў неадназначна ацаніў працу міністра Карпенкі.

Фота: nn.by

«Увогуле нельга шмат чакаць ад Міністэрства адукацыі: згодна з законам палітыку ў гэтай галіне фармуе Лукашэнка. А паколькі ён не прымаў нейкіх выразных дакументаў, то міністэрства вымушанае было браць на сябе пэўную ініцыятыву, і далёка не заўсёды яе вынікі былі негатыўнымі», – сказаў Дунаеў.

Прафесар мяркуе, што ў цяперашняга міністра былі і поспехі, і няўдачы.

«Пазітыўныя рэчы рабіліся непаслядоўна і сціпла, занадта позна і занадта мала. Ёсць рэчы, якія можна аднесці да пралікаў міністра. Але я баюся, тое, што мы называем пралікамі, зусім інакш успрымалася кіраўніком дзяржавы. Ён бачыць недахопы ў адукацыі не ў тым, у чым бачым мы», – мяркуе Дунаеў.

Былы прарэктар ЕГУ падсумоўвае:

«З аднаго боку, міністр Карпенка зрабіў шмат памылак. Але больш важна тое, што ў гэтай сферы ў нас няма ніякай стратэгіі. Адміністрацыю Лукашэнкі цікавяць «стратэгічныя задачы» іншага ўзроўню: у колькі пачынаць заняткі і што рабіць з нядбайнымі вучнямі, якія грубіяняць настаўнікам».

Ці чакае Карпенку адстаўка ў найбліжэйшы час?

«У Беларусі ёсць фатальны месяц снежань, калі чарговы міністр адукацыі сыходзіць са сцэны. Так што цалкам можна чакаць, што цяперашні снежань будзе такім жа “прадуктыўным”. Але на пытанне, ці заслугоўвае Карпенка звальнення, я адкажу так: не больш і не менш, чым папярэдні», – падкрэсліў Дунаеў.

Дадамо, што ў снежні 2010-га быў адпраўлены ў адстаўку міністр адукацыі Аляксандр Радзькоў, у снежні 2014 года – Сяргей Маскевіч, у снежні 2016 – Міхаіл Жураўкоў.

Раней кіраўнік Беларусі анансаваў правядзенне ў канцы 2019 года нарады ў праблемах адукацыі:

«Сёлета мы плануем пасля парламенцкіх выбараў, правядзем такое сур'ёзнае мерапрыемства – мазгавы штурм».

«Актыўнасць Карпенкі шмат у чым апынулася разбуральнай»

Вядомы рэпетытар Яўген Лівянт таксама не стаў вінаваціць ва ўсіх праблемах сферы адукацыі цяперашняга міністра.

Фота: onliner.by

«З маіх адчуванняў прыкладна з 2007 года ў сістэме школьнай адукацыі (магу казаць толькі за яе) няма пазітыўных зменаў. Не магу сказаць, што вось пры папярэдніх міністрах было зроблена шмат добрага і карыснага. Мне здаецца, цяперашні міністр больш актыўны, чым папярэднія – такое адчуванне, што тыя ўвогуле ні чорта не рабілі. Але, на жаль, ягоная актыўнасць шмат у чым апынулася разбуральнай. Успомніць хоць бы скасаванне экзаменаў у гімназіі, змяненне сістэмы падлікаў балаў на ЦТ», – мяркуе Лівянт.

Пры гэтым вядомы рэпетытар адзначыў, што крызісныя з'явы пачалі назапашвацца задоўга да цяперашняга міністра.

«Не трэба думаць, што перад прыходам Карпенкі ўсё было добра, а пасля ягонага прызначэння раптам стала дрэнна. І не варта меркаваць, што калі памяняць аднаго міністра на іншага, усё адразу палепшыцца. Не. Каб нешта палепшылася, трэба распрацаваць і прыняць прадуманую і эфектыўную праграму рэформаў», – адзначыў Лівянт.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках