25 красавiка 2024, Чацвер, 13:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ірына Яскевіч: Прадпрымальнікам патрэбны свой прафесійны звяз

8
Ірына Яскевіч: Прадпрымальнікам патрэбны свой прафесійны звяз
ІРЫНА ЯСКЕВІЧ
ФОТА: UCPB.ORG

Настроі ў беларускіх ІП усяляюць аптымізм.

Пра гэта ў інтэрв'ю сайту ucpb.org заявіла лідарка прадпрымальнікаў з Віцебска Ірына Яскевіч.

– Якія праблемы сёння з'яўляюцца найбольш актуальнымі для індывідуальных прадпрымальнікаў?

– Сёння на першае месца выходзіць маркіроўка абутку. Калі яна праскочыць на нявыгадных для прадпрымальнікаў умовах, то наперадзе будзе маркіроўка усяго ўвезенага тавару.

Другая праблема – гэта накладныя, якія часта прызнаюцца нядобрасумленнымі.

Нашы прадпрымальнікі практычна не могуць паўплываць на гэта, таму што контрагент, бок продажу, можа адмовіцца ад іх і сказаць, што нічога нашаму прадпрымальніку не прапаноўваў.

Трэцяя праблема – неабароненасць прадпрымальнікаў, неадпаведнасць заканадаўства, асабліва новага, самому паняццю пра прадпрымальніцтва. Гэта і працоўны дзень, які большы за восем гадзінаў. А мы ж таксама жывыя людзі! І калі ў нас няма наёмных асобаў, то нам вельмі цяжка працаваць 12–14 гадзінаў. Прычым без абеду, без выхадных.

– Гэта значыць, працоўны дзень нармуеце не Вы?

– На жаль не. Мы ў Віцебску ў свой час здолелі "адбіць" 8 гадзінаў. Мы змянілі ў дамове пункт і такім чынам не парушалі рэжым працы будынка. А ўсе астатнія працавалі паводле графіку гандлёвага цэнтра: калі гандлёвы цэнтр працаваў з 8-й раніцы да 9-й вечару, то і прадпрымальнік павінен быў знаходзіцца там увесь гэты час.

– Чаму гэтыя пытанні не развязаныя? Бо паўсталі яны не сёння.

– Мы пра гэта гаворым паўсюль, дзе можам гаварыць. Але, верагодна, тыя людзі, якія заняліся ўдасканаленнем працы прадпрымальнікаў, самі не былі прадпрымальнікамі і паняцця не маюць, як усё ідзе на самай справе. Г.зн. яны ніколі не былі ў полі, але дакладна ведаюць, што, як і дзе трэба саджаць.

– Якімі Вам бачацца шляхі развязання праблемаў?

– Я мяркую што прадпрымальнікам патрэбны прафзвяз. Таму што прадпрымальніку вельмі складана мець юрыдычнае ўяўленне пра развязанне праблемы, якія дакументы на яго ўплываюць. Яму няма калі з імі пазнаёміцца. А наша падатковая інспекцыя не дае тлумачэнняў. Яна пасылае ў інтэрнэт або да нейкага неймавернага кансультанта...

Шмат што залежыць і ад таго, як будуць трактавацца расейскія дакументы, іх патрабаванні. У дакуменце Еўразійскай эканамічнай камісіі ёсць пункт, што частку праблемаў можна развязаць на нацыянальным узроўні, але наш урад альбо не хоча, альбо не можа іх развязаць. Таму нават першыя ластаўкі паляпшэнняў на справе абарочваюцца не лепшымі ўмовамі, а чарговымі ўмовамі, якія трэба растлумачваць. На мой погляд, тут патрэбен закон, а не куча тлумачэнняў да нарматыўных актаў.

– Ці ёсць перспектывы ў індывідуальных прадпрымальнікаў у Беларусі.

– У душы я аптымістка. Я мяркую, што ІП будуць існаваць. Гэта добры сегмент эканомікі. Ёсць першыя крокі насустрач, жаданне зразумець, што ж такое прадпрымальнікі. І калі мы будзем падымаць, агучваць праблемы, калі за намі будуць жывыя актыўныя прадпрымальнікі, то развязаць праблемы можна.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках