28 сакавiка 2024, Чацвер, 14:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Казлоў: Мы выкарыстоўваем магчымасць разварушыць беларусаў

Зміцер Казлоў: Мы выкарыстоўваем магчымасць разварушыць беларусаў
ЗМІЦЕР КАЗЛОЎ
ФОТА: RACYJA.COM

Актывіст «Еўрапейскай Беларусі» распавёў, як простыя аршанцы рэагавалі на пікеты збору подпісаў.

Відэаблогер Зміцер Казлоў, які бярэ ўдзел у «парламенцкай кампаніі» ў Аршанскай гарадской выбарчай акрузе №25, распавёў прэс-службе грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» аб выніках першага месяца кампаніі:

- Збор подпісаў адбываецца добра, са старту я б сказаў. Узгадваю першы пікет збору подпісаў. Гэта быў аўторак, 10 верасня. Як толькі разгарнуў сцягі, адразу ж падыходзіць хлопец, дастае пашпарт і падпісваецца за мяне. Кажа, што рады ўбачыць нацыянальную сімволіку ў Воршы. Тады я зразумеў, што ўсё пойдзе добра, гэта быў добры знак.

З кожным днём цікавасць да нашых пікетаў збору подпісаў узрастала. Кожны дзень павялічвалася колькасць подпісаў. Часта людзі, у якіх з сабой не было пашпарта, вярталіся, каб падтрымаць мяне і паставіць подпіс.

Наша кампанія, у незалежнасці ад яе далейшага зыходу, ужо прынесла станоўчы плён. Напрыклад, пасля пікетаў у Воршы мяне сталі пазнаваць людзі. Асабліва кіроўцы маршрутак, якія штодня пракладалі свой маршрут праз месцы нашага збору подпісаў. Спецыяльны ехалі да месца пікету. Я пасля гэтага заходзіў у маршруткі, кіроўцы, якія пазнавалі мяне, цікавіліся вынікамі і зычылі мне поспеху. Узрасла наведвальнасць і майго відэаблогу, асабліва сярод жыхароў горада. Многія, калі даведваліся, што я вяду свой блог, казалі, што спачатку паглядзяць яго, а потым падумаюць і вызначаць, ці ставіць подпіс. І многія вярталіся з пашпартамі, пры гэтым яшчэ станавіліся і падпісантамі канала.

Досвед ад кaмпаніі я атрымаў. Зрабіў пэўныя назіранні. Напрыклад, калі я хадзіў па кватэрах і збіраў подпісы, то звярнуў увагу, што ў шматлікіх, асабліва ў пенсіянераў, працаваў тэлевізар і па гэтым тэлевізары ішлі расейскія прапагандысцкія перадачы. Наглядны прыклад таго, як рэжым Лукашэнкі, навязвае беларусам чужую ідэалогію.

Усім тым, хто разам са мной удзельнічае ў гэтай парламенцкай кампаніі, ва ўсёй Беларусі, я проста хачу пажадаць поспеху. Бо насамрэч, гэта вельмі працаёмкі працэс, гэта велізарнае марнаванне часу, сіл, здароўя. І гэта робіцца не проста так. Мы ўжо змаглі выкарыстоўваць магчымасць для гутарак з людзьмі для таго, каб разварушыць народ і знайсці масу сваіх прыхільнікаў. Наперадзе яшчэ цэлы месяц напружанай і цікавай працы. Я ўпэўнены, што зможам зрабіць яшчэ больш.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках