20 лiстапада 2019, Серада, 14:07
Праўда пра «выбары»
Рубрыкі

Дэмакратычнае цунамі

3
Дэмакратычнае цунамі
Фота: Alex Caparros/Getty Images

Барыкады на вуліцах Барселоны.

У Каталоніі прадаўжаюцца акцыі пратэсту ў сувязі з прысудамі, вынесенымі ў панядзелак Вярхоўным судом Гішпаніі дзевяці былым вышэйшым функцыянерам-прыхільнікам каталонскай незалежнасці, піша журналіст Віктар Чарэцкі для «Радыё Свабоды».

У закалотах маніфестантаў з сіламі правапарадку пацярпелі дзясяткі людзей, у тым ліку самі паліцыянты. Дзясяткі дэманстрантаў былі затрыманыя.

Каталонскія актывісты называюць свой пратэст «дэмакратычным цунамі», жадаючы такім чынам падкрэсліць разбуральную сілу свайго руху. З пачатку тыдня ў рэгіёне не спыняюцца бурныя пратэсты. Маніфестанты перакрываюць барыкадамі вуліцы Барселоны, шашэйныя дарогі і чыгункі, ладзяць падпалы, перашкаджаюць нармальнай працы Барселонскага аэрапорта, размалёўваюць свастыкамі штаб-кватэры партый, якія выступаюць супраць каталонскай незалежнасці.

Мітынгоўцы сцвярджаюць, што ўсё гэта толькі пачатак, што наперадзе ўсеагульны страйк. У планах прыхільнікаў незалежнасці таксама даўгачасная кампанія непадпарадкавання ўраду Гішпаніі - да таго часу, пакуль улады не вызваляць з турмы асуджаных функцыянераў і не дадуць Каталоніі, якая цяпер карыстаецца нацыянальнай аўтаноміяй, права на самавызначэнне. Заяву ў падтрымку асуджаных палітыкаў апублікаваў і футбольны клуб «Барселона». «Цяпер, як ніколі раней, клуб просіць усіх палітычных лідараў кіраваць працэсам дыялогу і перамоваў для ўрэгулявання гэтага канфлікту, што таксама павінна дазволіць вызваліць асуджаных грамадзянскіх і палітычных лідараў», - гаворыцца ў дакуменце.

Маніфестантаў на словах падтрымлівае і дзейная каталонская адміністрацыя. Вось зварот да насельніцтва кіраўніка рэгіёну Кіма Торы:

- Мы патрабуем пакласці канец рэпрэсіям і вызваліць палітычных зняволеных. Мы патрабуем амністыі для ўсіх рэпрэсаваных. Шлях развязання канфліктаў праходзіць праз свабоду слова і свабоду выбару. Пагрозы, турмы, пакаранні нічога не вызначаюць. Выкарыстанне Крымінальнага кодэкса для падаўлення народнай волі - гэта спадчына дыктатуры, чужая дэмакратыі. Адмова ўладаў Гішпаніі ад дыялогу для развязання палітычнага канфлікту не спыніць нас у імкненні дамагчыся незалежнасці. Мы пацвярджаем нашу бескампрамісную пастанову прасоўвацца шляхам будаўніцтва каталонскай Рэспублікі.

Фота: AFP

Зрэшты, такія выказванні не перашкаджаюць таму ж Кіму Торэ, як адзначае выданне La Gazeta, накіроўваць супраць маніфестантаў узмоцненыя патрулі паліцыі. А апошняя безцырымонна ўжывае спецсродкі, у тым ліку гумовыя кулі. У выніку - дзясяткі параненых. Справа ў тым, як адзначаюць назіральнікі, Торэ больш за ўсё асцерагаецца, што цэнтральныя ўлады на падставе таго, што мясцовыя не кантралююць сітуацыю - увядуць у Каталоніі наўпроставае кіраванне з Мадрыда і адправяць яго, Торэ, у адстаўку, а мажліва, і за краты. Прэцэдэнт ужо быў. У кастрычніку 2017 года каталонскія дзеячы, якія цяпер атрымалі ад 9 да 13 гадоў турмы, дамагаючыся незалежнасці, фактычна справакавалі беспарадкі і паралізавалі дзеянні паліцыі. У выніку Каталонія на некалькі месяцаў пазбавілася аўтаноміі. Аб магчымасці ў выпадку неабходнасці зноў звярнуцца да такога захаду неаднаразова заяўляў гішпанскі прэм'ер-сацыяліст Пэдра Санчэс. І ў гэтым яго падтрымліваюць большасць палітычных сіл Гішпаніі, уключаючы апазіцыю - лібералаў і кансерватараў. У сваім выступе з нагоды прысуду каталонскім функцыянерам Санчэс зняпраўдзіў развагі сепаратыстаў аб тым, што каталонцы нібыта пераследуюцца за ідэі:

- Ва ўмовах нашай дэмакратыі нікога не судзяць за ідэі або за падтрымку якога-небудзь палітычнага праекта. У нас судзяць толькі за парушэнне закона. У Каталоніі, у першую чаргу, былі парушаныя правы большасці насельніцтва, якое не падзяляе памкненні сепаратыстаў. Такім чынам каталонскае грамадства выявілася расколатым. Акрамя таго, пагрозу зазнала тэрытарыяльная цэласнасць дзяржавы, нацыянальны суверэнітэт, правы і свабоды як каталонцаў, так і ўсіх гішпанцаў. Урад Гішпаніі, выкарыстоўваючы наяўныя ў яго законныя паўнамоцтвы, мае намер гарантаваць бяспеку і захаванне законнасці ў Каталоніі. Што ж тычыцца каталонскіх уладаў, то яны абавязаныя бараніць інтарэсы ўсіх каталонцаў, а не толькі прыхільнікаў незалежнасці.

Фота: Reuters

Сапраўды, паводле апошніх апытанняў грамадскай думкі, ідэю незалежнасці падтрымліваюць толькі 44% каталонцаў. Асабліва антысепаратысцкія настроі моцныя ў прадпрымальніцкім асяроддзі. Так за апошнія 2 гады праз непрыманне сепаратызму ў іншыя раёны Гішпаніі перабраліся 5,5 тысяч каталонскіх кампаній. Ну а той факт, што прыхільнікі незалежнасці дамінуюць у парламенце і ў рэгіянальнай адміністрацыі, назіральнікі тлумачаць асаблівасцямі мясцовай выбарчай сістэмы. Яна была ўведзеная ў свой час, каб далучыць да палітычнага жыцця сельскія раёны. Гэтая сістэма дае ім магчымасць абіраць больш дэпутатаў, чым буйным гарадам. Ну а ў каталонскай глыбінцы моцныя сепаратысцкія настроі.