15 снежня 2019, Нядзеля, 6:38
Засталося зусім крыху
Рубрыкі

NZZ: Падрыхтоўка да рэвалюцыі

6
NZZ: Падрыхтоўка да рэвалюцыі

Палітыка страху больш не працуе.

«Маладыя расейцы не ведаюць нічога, акрамя сістэмы Пуціна, і пачынаюць усё часцей задаваць пытанні. Рэжым рэагуе бездапаможнай жорсткасцю», - піша швайцарскае выданне Neue Zürcher Zeitung, (пераклад - inopressa.ru).

«Зіма, жартуюць у Расеі, заўсёды прыходзіць нечакана. З пачаткам халадоў людзі часцей за ўсё яшчэ некалькі тыдняў чакаюць уключэння цэнтральнага ацяплення. (...) Адзінае, да чаго ўвесь час рыхтуецца расейская дзяржава - гэта рэвалюцыя. Не тое, каб меліся хоць бы драбнюткія прыкметы таго, што яна пачынаецца, але законы становяцца ўсё больш строгімі, апарат бяспекі ўсё больш буйным, яго дзеянні ўсё больш жорсткімі. А ахвяры дзяржаўнага гвалту становяцца прыкметна маладзейшымі, - адзначае аўтар публікацыі Мікалай Клімянюк. - Часам ствараецца ўражанне, што для таго, каб лічыцца для дзяржавы ворагам, дастаткова быць маладым. Маладыя расейцы, у сваю чаргу, усё больш цікавяцца палітычнымі і грамадскімі тэмамі».

21 жніўня 2017 года буйны пажар спустошыў гістарычны цэнтр Растова-на-Доне. «Полымя зруйнавала 120 большай часткай драўляных дамоў і вызваліла такім чынам дарогу гіганцкім будаўнічым праектам, якія падтрымлівала гарадская адміністрацыя і якім доўгі час працівіліся жыхары гэтых дамоў. 5 лістапада 17-гадовы Ян Сідараў і 20-гадовы Уладзіслаў Мардасаў прыйшлі да гарадской адміністрацыі, каб выказаць салідарнасць з пацярпелымі. Іх пратэст доўжыўся толькі некалькі хвілін, іх арыштавалі яшчэ да таго, як яны змаглі разгарнуць свае транспаранты (...) і дастаць прынесены мегафон. За гэта праз амаль два гады ўтрымання ў СІЗА іх прысудзілі да 6,5 гадоў пазбаўлення волі», - піша Клімянюк.

Перш чым наважыцца на дэманстрацыю, маладзёны абмяркоўвалі свае планы ў чаце. Група ў Telegram, якая налічвала амаль 200 удзельнікаў, называлася «Рэвалюцыя 2017.11.05. Растоў-на-Доне» - адсылка да прароцтва блогера Вячаслава Мальцава, на думку якога ў гэты дзень у Расеі адбудзецца новая Кастрычніцкая рэвалюцыя. У апошнія гады Мальцаў «прыцягваў да сябе ўвагу перш за ўсё сваімі эксцэнтрычнымі выступам і змоўніцкімі публікацыямі», адзначае выданне. У сувязі з прадказанай ім рэвалюцыяй ва ўсёй Расеі было арыштавана больш за 500 чалавек, падпісаных на ягоны блог або тых, што пакінулі там каментары. Некаторыя з іх адкараскаліся грашовымі штрафамі, іншым давялося на некалькі гадоў адправіцца ў турму.

«Там, дзе рэвалюцыі няма, яе фабрыкуе апарат бяспекі. нарэшце, ён павінен быць актыўным і даводзіць сваю неабходнасць. У сакавіку 2018 года ў Маскве былі арыштаваныя 10 меркаваных чальцоў экстрэмісцкай групоўкі «Новая веліч», яны нібыта планавалі ажыццявіць дзяржаўны пераварот з ужываннем гвалту. Аднак гэтай групоўкі ніколі не існавала, яна ад пачатку да канца была выдуманая супрацоўнікамі следчых органаў, якія працавалі пад прыкрыццём», - паказвае Клімянюк.

Сёння ў пратэстах удзельнічае, у асноўным, моладзь. «Гэтая характэрная змена вызначана звязаная са зменай пакаленняў: сённяшнія школьнікі і студэнты выраслі за Пуціным, яны не ведаюць іншай сістэмы. Немалую ролю, несумненна, адыгрывае і ажыццёўленая ў апошнія гады змена курсу дзяржаўнай моладзевай палітыкі. У першыя тры тэрміны Пуціна, на пасадзе прэзідэнта і прэм'ер-міністра ўнутраная палітыка была ў руках відавочна маніпулятыўнага намесніка кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Уладзіслава Суркова. Ягоная тактыка палягала ў заснаванні верных рэжыму моладзевых арганізацый для таго, каб лакалізаваць там актыўных маладых людзей. Тады яны маглі ўважаць сябе за частку няіснага руху і ўяўляць, што выступаюць за больш моцную Расею, пераследуючы ўсіх магчымых ворагаў, ад апазіцыянераў да тых, хто няправільна паркуецца (...). Пасля масавых дэманстрацый у 2011 і 2012 гадах Суркова прыбралі з пасады неафіцыйнага кіраўніка ўнутранай палітыкі. У далейшым дзяржава рабіла стаўку на грубае падаўленне ўсякай актыўнасці (...)», - гаворыцца ў артыкуле.

«Дзяржава як такая - а яе маладыя расейцы ведаюць толькі ў форме пуцінскага рэжыму - выклікае ў іх усё больш падазрэнняў. Тым часцей яны захапляюцца анархісцкімі і лібертарыянскімі ідэямі, адмаўляюць прынцып дзяржаўнасці з левых або правых пазіцый. Дзяржава карае за такія інтарэсы, нават у рамках адукацыі, выкарыстоўваючы звыклыя метады: арышты, катаванні, турму. Так усё больш расплывістай становіцца і розніца паміж вучобай і пратэстам».

Пасля таго, як два студэнты МДУ спыталі свайго рэктара на сходзе, ці цікавіцца ён лёсам іх таварыша, арыштаванага ў лютым, іх затрымалі. «Калі неўзабаве яны апынуцца перад судом як чальцы анархісцкай тэрарыстычнай групоўкі, ніхто не здзівіцца. (...)», - піша Клімянюк.