24 красавiка 2024, Серада, 16:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пад іх танчыў Юрый Шаўчук, а Пітэр Гэбрыэл запрашаў на свае фестывалі

Пад іх танчыў Юрый Шаўчук, а Пітэр Гэбрыэл запрашаў на свае фестывалі

Этна-трыа «Троіца» святкуе 20-годдзе.

Этна-трыа «Троіца» святкуе 20-годдзе вялікім сольным канцэртам у Менску. Іван Кірчук, Юры Паўлоўскі і Юры Дзмітрыеў запрашаюць у чарговае магічнае падарожжа па беларускай этнічнай музыцы, якое немагчыма прапусціць! 2 снежня ў менскім Палацы прафсаюзаў упершыню разам з «Троіцай» зайграюць і знакавыя беларускія музыкі, імёны якіх будуць раскрытыя трохі пазней, паведамляюць Сharter97.org арганізатары.

Адзін з самых вядомых беларускіх гуртоў у свеце за дваццаць гадоў існавання выступіў на сотні буйных фестываляў ад Малайзіі да Чылі, на рахунку «Троіцы» і выступы на папулярным у Еўропе SZIGET Festival, а таксама ўдзел у найбуйнейшым этна-фэсце WOMAD, які арганізоўвае экс-удзельнік брытанскага гурта Genesis і прадусар этна-выканаўцаў Пітэр Гэбрыэл.

«На гэтым фестывалі мы былі ў Чылі, Англіі, Маскве і Пяцігорску. Гэта найвышэйшыя world-music фэсты, на якія трапіць вельмі складана. Гэта, напэўна, адно з самых прыемных дасягненняў за 20 гадоў існавання трыо», - узгадвае Іван Кірчук выступы на WOMAD.

Напраўду гісторыя «Троіцы» налічвае больш за 20 гадоў. Збіраць фальклор, апрацоўваць і выкладаць яго Іван Кірчук пачаў яшчэ ў пачатку 1980-х. Тады ж з выпускнікоў «культасветвучылішча» быў створаны ансамбль «Дзіва». Аднойчы ў сярэдзіне 1990-х музыкі Віталь Шкілёнак і Зміцер Лук'янчык прапанавалі Кірчуку запісаць супольна народную песню, якая б добра легла пад гітарны рыф. І пачалося...

«У мяне як раз была палеская песня «Трава, мая травіца». Я і кажу: «Давайце паспрабуем!», - узгадвае Іван Кірчук першыя крокі «Троіцы». - Песня вельмі ўдала легла, і яны прапанавалі збірацца. І тут нас пачалі клікаць амбасады: амерыканская, індыйская... Пасля нас запрасіў Юрый Шаўчук выступіць на разагрэве DDT у Менску і выступіць на піцерскім рок-фэсце, дзе ён танцаваў пад «Яблынь мая». Далей Стас Намін паклікаў у Маскву... За тры гады мы даволі добра пашумелі. Адно за іншае і ўсё пайшло».

Пасля з'яўлення першага альбома пад назвай «Троіца», які выйшаў у Нідэрландах, склад гурта змяніўся. На змену Лук'янчыку і Шкілёнку ў 1999-м прыйшлі два Юры - Паўлоўскі і Дзмітрыеў. Мала, хто ведае, што тады трыо нават змяніла назву на «Этна», але пад націскам прыхільнікаў перайменаваны ў Этна-трыо «Троіца». З таго часу сённяшні калектыў і адлічвае свой пачатак. Таму менавіта сёлета адзначае 20-годдзе і запрашае ўсіх адсвяткаваць юбілей разам у Палацы культуры прафсаюзаў (Мінск, пр-т Незалежнасці, 25). Музыкі, а на рахунку «Троіцы» 7 альбомаў, абяцаюць самае найлепшае і цікавых гасцей, з якімі выканаюць вядомыя хіты. Квіткі ўжо ў продажы ва ўсіх касах і на сайтах білетных аператараў. Кошт: ад 28 рублёў.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках