19 сакавiка 2024, aўторак, 6:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пагарэлы тэатр

2
Пагарэлы тэатр
Сяргей Законнікаў

Чым больш часу ў Беларусі і Расіі пануе аўтарытарызм, тым выразней бачна, як ён ператвараецца ў «пагарэлы тэатр».

Артыст пагарэлага тэатра — так іранічна называюць чалавека, які не мае патрэбных здольнасцяў, але спрабуе некага няўмела разыграць, рассмяшыць, падкалоць, або хітрага індывіда, прайдзісвета, прытым бачнага, як на далоні, а яшчэ адказную асобу, што не апраўдала ўскладзеных на яе людскіх надзей.

Сучаснае жыццё багата аснашчана разнастайнымі атрыбутамі прагрэсу: высокімі тэхналогіямі, новымі побытавымі прыладамі і рэчамі, магчымасцю мець стасункі з вялікім светам, імгненна атрымліваць патрэбныя звесткі. Яно дазваляе нават чалавеку з пасрэднымі здольнасцямі вынікова выдаваць сябе за значную асобу. Такім чынам з’яўляюцца і трымаюцца на плыву «артысты пагарэлага тэатра», асобы, падобныя на Хлестакова, вобраз якога вывеў геніяльны М. Гогаль у камедыі «Ревизор». Гэта тычыцца не толькі быцця народных нізоў, але і палітычнага бамонду, кантынгенту дзяржаўных кіраўнікоў.

Чым больш часу ў Беларусі і Расіі пануе аўтарытарызм, тым выразней бачна, як ён паступова ператвараецца ў «пагарэлы тэатр». Усюды, ад знешняй палітыкі, эканомікі і да сацыяльных праблем, рэгулярна адбываюцца правалы. Вядомы эканаміст Л. Заіка так характарызуе сітуацыю ў Беларусі: «Под нож мы пустили промышленность и сельское хозяйство… Агония от недомыслия». Ён тлумачыць: «Человек, который прорвался во власть из какого-нибудь коммунхоза, имеет кругозор не дальше трубы диаметром 80 см. Он прекрасно разбирается в трубах и давлении в кране, но не более». З вуснаў эксперта прагучала жорсткая ацэнка рэалій, якія існуюць у суседзяў: «В России наступил период торжества идиотов. Правящая бюрократия благоденствует, а интеллигенция, живя относительно комфортно, презирает верхи».

У расійскіх экспертаў таксама змрочны прагноз з прычыны неэфектыўнага кіравання эканомікай ва ўмовах аўтарытарызму. Дацэнт кафедры фінансавых рынкаў і фінансавага інжынірынгу РАНХ і ДС С. Хестанаў зрабіў каментар да прафіцытнага бюджэту Расіі: «Это может прозвучать смешно, но если бы суммы, предназначенные для нацпроектов, просто разбросали с вертолёта над населенными пунктами России, это дало бы больший эффект, чем их реализация. Просто потому, что нашедшие эти деньги люди скорее всего потратили бы их более эффективно, чем государство. Причем пользы было бы минимум на 30% больше, а то и на 50%».

Рэчаіснасць Беларусі і Расіі выклікае ў многіх грамадзян адчай, адчуванне безвыходнасці. Пасля таго, як у эфіры журналіст У. Салаўёў назваў слухача «мразью», аўтары «Татарского Прииртышья» напісалі: «Вот из «путинской России ведущего Соловьева» реально хочется бежать даже сторонникам Путина. Потому что в «соловьевской России» уныло, грустно, страшно и полностью отсутствует здравый смысл».

Значны адток моладзі і прадпрымальнікаў з Беларусі, які абмяркоўваецца ў незалежных СМІ, таксама звязаны з тым, што яны не бачаць перспектывы для свабоднага асабістага і прафесійнага развіцця...

Замежныя журналісты і некаторыя палітычныя дзеячы захапляюцца абаяннем «умеренного диктатора» А. Лукашэнкі, весела рэагуюць на яго плоскія жартачкі, недарэчныя або двухсэнсоўныя выразы, а пасля, пагасцяваўшы на халяву, з падарункамі рэціруюцца дадому, каб узахлёб расказваць пра «приятное общение». Але яны прыехалі, пабылі пару дзён у прылізаным «выставачным варыянце тутэйшага жыцця» і паехалі.

А ў гэты час у Беларусі сотні тысяч людзей штодня ламаюць галаву, як пракарміць сям’ю, адміністратыўны рэсурс жорстка распраўляецца з грамадзянамі, якія асмеліліся мець уласную думку і крытыкаваць уладу, прыватныя вытворцы, фермеры з апошніх сіл змагаюцца за выжыванне, барацьбіты за праўду і справядлівасць пакутуюць за турэмнымі кратамі.

Скрыўленая аўтарытарная сістэма нараджае дэфармаваную свядомасць і мараль. У Беларусі стала завядзёнкай вырашаць розныя праблемы толькі сілай, лаянкай і крыкам, біць малодшага, слабейшага, безабароннага і нават ляжачага. У Буда-Кашалёўскім раёне школьнік ударыў аднакласніка па шыі, і той памёр. Прадстаўнікі спецслужбаў ведаюць, што такое — «ударыць па шыі», гэта ў іх адзін з любімых прыёмчыкаў. Але адкуль такія замашкі ў школьніка?

З нядаўняга часу А. Лукашэнку пачалі прыпісваць якасці здольнага акцёра.

У друку з’явіўся цэлы мех публікацый, дзе ўсхваляецца яго ўдалы «тролінг украінскага калегі» на сустрэчы ў Жытоміры. Думаю, што гэта — вялікае перабольшанне. У. Зяленскі ўжо шмат гадоў на сцэне з’едліва парадзіруе А. Лукашэнку, ведае яму цану, што занатавана інтэрнэтам. Цяпер маладзейшы прэзідэнт з цікавасцю акцёра-прафесіянала і іранічнай усмешкай назіраў за паводзінамі састарэлага ўзурпатара ўлады. Тое, што беларускі правіцель пераблытаў Украіну з Расіяй, не «дамашняя нарыхтоўка», а вынік псіхічнага стану. Імперская суседка кругласутачна сядзіць у яго галаве, бо яна і «пастаянная ратавальніца», і патэнцыяльная «ўдаўка на шыі». Расійскія журналісты назвалі гэты выпадак «оговорочкой по Фрейду».

Усе палітыкі карыстаюцца папулізмам і піярам. Але яны бываюць рознымі. У. Зяленскі правёў 14-гадзінную прэс-канферэнцыю з журналістамі, адказаў на вострыя пытанні дзеля яднання грамадства ў вырашэнні складаных задач. А беларускі правіцель не вылазіць з тэлескрыні, каб захаваць уладу. Для яго выбарчы марафон ніколі не спыняецца.

Мяне здзіўляе іншае: як можна нармальным людзям, ды яшчэ з дыпломамі аб вышэйшай адукацыі, а тым больш журналістам так умільна рэагаваць на абсурдную трыбунную балбатню, захапляцца «акцёрскімі здольнасцямі»? Дзе вы ўбачылі іх?

Сутнасць беларускага правіцеля раскрываюць не яго ліслівыя ўсмешачкі і рэверансы багатым гасцям, якія могуць нешта даць у фінансавым або матэрыяльным плане, не расслабленасць у атачэнні прыгажунь, а крык душы непахіснага прыхільніка сілавых метадаў: «Да я на месте этого учителя голову бы отвернул щенку».

Нават вопытны польскі журналіст і палітык, былы дэсідэнт А. Міхнік, дзелячыся ўражаннямі ад паездкі ў Беларусь, заявіў: «Я бачыў у кнігарні разнастайныя кнігі. Чуў вельмі адкрытыя дыскусіі. Бізнес бывае дастаткова незалежным. Гэта дазваляе адчуваць умераны аптымізм у стаўленні да будучыні: нават Лукашэнка не вечны. Нават Сталін не быў вечным».

Усё гэта так, але, на жаль, не кнігі, гаворкі або адзінкавыя паспяховыя прадпрымальнікі з’яўляюцца паказчыкамі сапраўднай дэмакратыі, захаванасці Канстытуцыі, законнасці, асабістай і эканамічнай свабоды...

«Нявечны» Сталін пакінуў атрутную маральную спадчыну. Чым даўжэй пануе дыктатар або аўтакрат, тым складаней пасля яго сыходу грамадству вяртацца ў нармальнае жыццё. Сталінізм яшчэ дагэтуль не дае спакою постсавецкім народам.

А колькі часу давядзецца беларусам разграбаць «аўтарытарныя завалы» ў маралі, нацыянальнай сферы, палітыцы, эканоміцы, навуцы, адукацыі і культуры?

Свой настрой я выказваю проста:

Так абрыдзелі страх і ныццё грамады,

Зацяганасць старых дэкарацый…

Не хачу ў час апошні брысці ў нікуды,

Пустадомкам нахабным скарацца.

Аўтарытарызм — гэта «пагарэлы тэатр». Яго можна на ўсе лады ўсхваляць, піярыць і рэкламаваць, але туды, акрамя ўзурпатараў і іхніх падручных, ніхто займаць месцы не бяжыць.

Сяргей Законнікаў, sn-plus.com

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках