29 сакавiка 2024, Пятніца, 18:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Што змяніў месяц забароны мабільнікаў у школах

15
Што змяніў месяц забароны мабільнікаў у школах
ФОТА: СВЯТЛАНА МАКАВЕЕВА

У некаторых школах бацькі набылі спецыяльныя скрыні.

Тэма з забаронай мабільных тэлефонаў у школах вечная, але чарговы выбух цікавасці да яе адбыўся месяц таму, калі ў інтэрнэт трапіла відэа чацвёртакласніка з гомельскай школы, на якога настаўніца з партай у руках крычыць матам, піша kp.by.

Здарылася гэта 13 верасня, а ўжо праз некалькі дзён у школах сказалі здаваць усе тэлефоны перад урокамі і забаранілі відэаздымку. У Міністэрстве адукацыі кажуць, што прамой сувязі паміж падзеямі няма, загад быў падпісаны ў сакавіку.

У кожнай школе рэалізавалі забарону па-свойму: недзе забаранілі карыстацца тэлефонамі ўвесь час, пакуль дзіця знаходзіцца ва ўстанове адукацыі, у большасці – на перапынках. У некаторых школах з бацькоў нават сабралі грошы, каб набыць шафкі для мабільнікаў. А самыя прадпрымальныя майстры нават хуценька сталі прадаваць сімпатычныя скрыні, зробленыя ўручную.

– Адразу быў эксперымент са здачай мабільных у скрыначкі. Аднак дзеці не ўсе здаюць, пакідаюць тэлефоны ў заплечніках, – расказвае настаўніца менскай гімназіі Ірына Богіна. – Таму мы тэлефоны не забіраем, але сочым, каб дзеці не даставалі іх на ўроках на парты. Завучы часам прыходзяць з праверкай на ўрок і глядзяць, як ідуць справы з тэлефонамі.

Яшчэ ў адной менскай школе пастанавілі быць мякчэйшымі: каб дзеці маглі звязацца ў любы час з бацькамі, тэлефонамі карыстацца можна, але толькі кнопкавымі, не смартфонамі.

– Калі прынёс у школу смартфон, будзь ласкавы, здай яго, калі ўрокі пачынаюцца, а забярэш толькі сыходзячы дадому. На перапынках таксама браць нельга, – апавядае мама трэцякласніка Вольга. – Паглядзела я аднойчы ў тую шафу дзеля цікавасці: большасць тэлефонаў, якія дзеці здаюць у шафу, – кнопкавыя чорна-белыя, якімі іх бацькі ў школах карысталіся – такія «бабуліны» тэлефоны. Ну хто паверыць, што ў паловы класа ў 2019 годзе такія мабільнікі?

Пацвярджае такую пазіцыю і педагог.

– Дзеці часам здаюць пустышкі і з сабой носяць сапраўдныя мабільныя, – кажа Ірына. – Думаю, што з часам усё ж такі гэта будзе на ўсвядомленым узроўні. Нядаўна да мяне прыехаў мой вучань, які пераехаў з сям'ёй у Польшчу. Кажа, што там ужо даўно такая практыка: школьнікі здаюць тэлефоны з раніцы ў скрыню, могуць іх узяць толькі на вялікім перапынку. І ніякіх парушэнняў. Думаю, у нас таксама з часам гэта будзе.

Дарэчы, ў многія школы ў рэгіёнах тэлефонныя забароны не дайшлі.

– У дачкі ў класе месяц таму нічога не змянілася, – апавядае мама чацвёртакласніцы з Віцебскай вобласці Кацярына. – Як і летась, і залетась: на ўроках у тэлефонах не сядзець, на перапынку рабі што хочаш.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках