25 красавiка 2024, Чацвер, 14:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка пра сітуацыю з затрыманнем расейкі: Ніякіх варыянтаў, акрамя абароны інтарэсаў РФ

30
Лукашэнка пра сітуацыю з затрыманнем расейкі: Ніякіх варыянтаў, акрамя абароны інтарэсаў РФ

Дыктатар пракаментаваў гісторыю вакол супрацоўніцы фабрыкі «троляў» Багачовай.

Пра гэта Лукашэнка заявіў на сустрэчы з губернатарам Наўгародскай вобласці Расеі Андрэем Нікіціным, паведамляе карэспандэнт БелТА.

«Трэба разумець, што мы практычна дзейнічаем як на тэрыторыі адной дзяржавы ў падобных выпадках. Што Расея ў дачыненні да нашых грамадзянаў, што мы ў дачыненні да расейскіх. І тут не можа быць ніякіх іншых варыянтаў, як абарона інтарэсаў Расеі і грамадзянаў Расейскай Федэрацыі. Таму накручваць там няма чаго, што ў Беларусі затрымалі і гэтак далей...»– адзначыў Лукашэнка.

«А як інакш? Вось у нас адзіная сістэма. Чалавек, які прыбывае ў Беларусь, засяляецца, – мы ж IT-краіна – у кампутары высвечваецца прозвішча чырвоным шрыфтам. Гэта значыць ён знаходзіцца пад нечай увагай. Я вобразна кажу: чырвоны колер – паглядзелі, такі-такі чалавек... Што трэба зрабіць? Разабрацца. Можа быць, чалавек здзейсніў забойства, яшчэ нешта. Мы ж не ведаем, мы бачым толькі прозвішча. Вось мы і ўдакладнялі, што да чаго. Калі мы ўбачылі, што нібыта нехта ўмешваўся ў амерыканскія выбары, то пасля гэтай размовы не было», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым ён звярнуў увагу, што ў шэрагу інфармацыйных крыніцаў у Расеі пачалася накрутка вакол гэтай тэмы. «Розныя “Незыгари” вашыя і іншыя. І вось рознага кшталту такія каналы пачалі накручваць сітуацыю. Праўда, адзін наш апанент вельмі сур'ёзны, што мяне здзівіла, сказаў: слухайце, а як беларусы павінны былі зрабіць, яны ж павінны былі высветліць, што гэта за чалавек. А тое, што яна будзе адпушчаная, не выклікае сумнення», – сказаў Лукашэнка.

«Я спецыяльна прывёў вам свежы прыклад, як гэта часам робіцца. Праўда, у нас ужо іншая канспіралогія. Многія пачынаюць гаварыць: можа быць, расейцы гэта спецыяльна зрабілі, як лакмусавая паперка, каб праверыць Беларусь на стаўленне да Расеі. Калі гэта так у некага, то гэта лухта несусветная. Нам гэта не трэба», – падкрэсліў беларускі правадыр.

Каментуючы сітуацыю вакол расейскай грамадзянкі, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што пасля гэтых падзей «цэлая рэвалюцыя ўзнялася» супраць яго.

У сувязі з гэтым ён нагадаў, што ў свой час, больш за 10 гадоў таму, амерыканскі амбасадар у Беларусі разам з шэрагам іншых дыпламатаў пакінулі краіну на патрабаванне беларускага боку менавіта за ўмяшальніцтва ў выбары. «Адкрытае ўмяшанне. Удзел у дэманстрацыях і іншае, – адзначыў Лукашэнка. – Скажыце, як я пасля гэтага павінен ставіцца да ўмяшання ў амерыканскія выбары, калі нават было».

«У мяне ўжо выпрацаваны адпаведны да гэтага імунітэт. І я ведаю, што ўмешвацца ў амерыканскія выбары практычна нерэальна. Ну, а калі нехта выказваў сваю пазіцыю, то трэба перш за ўсё пачынаць з мяне. Вазьміце мае заявы адкрытыя, публічныя падчас выбараў у ЗША. Я тады адкрыта падтрымліваў Трампа, крытыкуючы дэмакратычную Амерыку, як яны дзейнічалі супраць Трампа. Вось маё стаўленне да гэтага», – сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што часта сустракаецца з кіраўнікамі рэгіёнаў Расеі, і падкрэсліў, што ў гэтым няма ніякай канспіралогіі. «Я вельмі часта кажу: калі нехта ў Расеі думае, што гэта іх Расея, яны памыляюцца. Гэта і наша Расея! Да гэтага трэба прывыкаць. Расея – гэта больш, чым краіна. Для Беларусі тым больш. Гэта ідэалогія, і яе з мяне не выбіць», – сказаў ён.

Нагадаем, пра затрыманне Ганны Багачовай у Менску стала вядома раніцай 15 кастрычніка. Пазней інфармацыю пацвердзілі ў МЗС Расеі, чалец Грамадскай палаты Аляксандр Малькевіч удакладніў, што жанчыну затрымаў Інтэрпол на запыт ЗША ў рамках справы пра ўмяшанне Расеі ў амерыканскія прэзідэнцкія выбары 2016 года.

Пазней стала вядома, што Багачова на волі.

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках