26 красавiка 2024, Пятніца, 0:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як рэагавалі на нобелеўскі трыумф суайчынніцаў польскія і беларускія ўлады

9
Як рэагавалі на нобелеўскі трыумф суайчынніцаў польскія і беларускія ўлады
СВЯТЛАНА АЛЕКСІЕВІЧ І ВОЛЬГА ТАКАРЧУК

Інакш, чым ганебнай, рэакцыю нашых уладаў не назваць.

Гэтая падзея ўскалыхнула ўсю Польшчу, хоць да нобелеўскіх трыумфаў ёй не прывыкаць – Такарчук стала пятым польскім пісьменнікам, які быў узнагароджаны Нобелеўскай прэміяй. Тым не менш радасці палякаў не было межаў, прычым радаваліся не толькі простыя грамадзяне, але і высокапастаўленыя чыноўнікі, піша «Салiдарнасць».

Так міністр фінансаў Польшчы Ежы Квечыньскі паведаміў у сваім Twitter, што вызваліў Такарчук ад падаходнага падатку на Нобелеўскую прэмію. У грашовым выразе прэмія складае 9 мільёнаў шведскіх кронаў або блізу 900 тысячаў даляраў. Стаўка падатку на прыбытак ад грашовых узнагародаў у Польшчы – 10%. Без пастановы міністра лаўрэатцы давялося б заплаціць падатак памерам прыкладна 90 тысячаў даляраў.

Віцэ-прэм'ер урада Польшчы, міністр культуры і нацыянальнай спадчыны Пётр Гліньскі паабяцаў прачытаць усе кнігі Такарчук. Раней ён прызнаваўся, што пачынаў чытаць яе кнігі, але ніводнай не дачытаў да канца.

«У сувязі з узнагародай спадарыні Такарчук як міністр культуры тым больш абавязуюся вярнуцца да незакончанага раней чытання твораў нобелеўскай лаўрэаткі», – напісаў чыноўнік у сваім Twitter.

Але найбольш арыгінальным чынам нобелеўскі трыумф зямлячкі пастанавілі адзначыць улады Кракава – у гарадскім раёне Нова Хута будзе разбіты лес Prawiek, назва якога суадносіцца c адной з кніг пісьменніцы – «Правек і іншыя часы».

У лесе будзе высаджана 25 тысячаў саджанцаў дуба, ліпы і бука. Пасадка дрэваў запланаваная на 29 кастрычніка.

– Вольга Такарчук у сваіх кнігах, а таксама ў час сустрэчаў з чытачамі заўсёды падкрэслівала, што тэматыка правоў жывёлаў, экалагічнага крызісу надзвычай важная не толькі для яе, але і для ўсяго свету, – падкрэсліў прэс-сакратар бюро праграмы «Кракаў – горад літаратуры ЮНЕСКА» Міхал Залеўскі.

А што ў нас?

У 2015 годзе беларуская пісьменніца Святлана Алексіевіч стала першай у гісторыі незалежнай Беларусі лаўрэаткай Нобелеўскай прэміі ў літаратуры. Здавалася б – вось падстава для ўрачыстасцяў дзяржаўнага маштабу! Ды не так проста.

Інакш, чым ганебнай, рэакцыю беларускіх уладаў на гэтую падзею не назавеш. Лукашэнка знайшоў час павіншаваць Святлану з вялікім спазненнем, калі ўсе, хто хацеў гэта зрабіць, ужо яе павіншавалі. Нават украінскі прэзідэнт Пётр Парашэнка зрабіў гэта раней, чым ягоны беларускі калега.

Ніякіх урачыстасцяў у гонар нобелеўскага трыумфу не здарылася. Больш за тое, праз два тыдні, Лукашэнка абрынуўся на Алексіевіч са з'едлівай крытыкай.

Цікава, што словы гэтыя ён прамовіў на творчым вечары расейскага кампазітара Віктара Дробыша, якому ўручыў ордэн Францыска Скарыны. Нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч ніякім ордэнам узнагароджаная не была.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках