19 красавiка 2024, Пятніца, 1:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Справа медыкаў»: у судзе выступіў бізнэсовец Шакуцін, які маўчаў пад следствам

24
«Справа медыкаў»: у судзе выступіў бізнэсовец Шакуцін, які маўчаў пад следствам

Ён правёў больш за год у СІЗА.

Яшчэ ў першы дзень працэсу дырэктар кампаніі «Іскамед» Сяргей Шакуцін заявіў: «Віну не прызнаю». Ён адмовіўся даваць паказанні падчас папярэдняга расследавання і стаў адзіным бізнэсоўцам у масавай «справе медыкаў», які застаўся за кратамі да суда, піша tut.by.

Астатнім мера стрымання была змененая на хатні арышт. У Менскім гарадскім судзе Шакуцін распавёў, чаму ў яго не было неабходнасці даваць іншым абвінавачаным хабар, пра «прынцыповую пазіцыю быць сумленным» і чаму мяркуе, што яго агаварылі.

Абвінавачаны Сяргей Шакуцін быў дапытаны ў судзе самым апошнім з 20 фігурантаў. Яму інкрымінуюць ч.2 арт.431 (Дача хабару ў значнай суме). Паводле версіі следства, за сістэматычныя і бесперабойныя закупкі лекаў ён перадаў 10500 даляраў Вячаславу Гніцію, на той момант дырэктару Берасцейскага гандлёва-вытворчага прадпрыемства «Фармацыя». Грошы Гніцій нібыта атрымліваў з 2006 да 2012 года, дакладны час не ўстаноўлены. У матэрыялах крымінальнай справы, напрыклад, указаная такая фармулёўка: «У адзін з дзён 2006 года». Што тычыцца Вячаслава Гніція, віну ён прызнае цалкам і раскайваецца. А вось Шакуцін адмаўляе, што даваў якія-небудзь грошы дырэктару Берасцейскай «Фармацыі». Відэа і аўдыё перадачы грошай няма, але затое ёсць паказанні Гніція пра падзеі 13-гадовай даўніны.

— У выстаўленым абвінавачанні не ўказаныя канкрэтныя даты, канкрэтны час і канкрэтныя адрасы падзей меркаванага злачынства. Такая фармулёўка абвінавачвання парушае мае правы, бо пазбаўляе мяне магчымасці абараняцца належным чынам ад неабгрунтаванага абвінавачвання, - заявіў у судзе Сяргей Шакуцін. - Абвінавачванне заснаванае выключна на супярэчлівых паказаннях абвінавачанага Гніція. Не бяруся судзіць аб ягоных матывах агаварыць мяне. Спадзяюся, жыццё ўсё расставіць па сваіх месцах, а Высокі суд дасць аб'ектыўную ацэнку доказам паводле справы з пункту гледжання іх дакладнасці, дапушчальнасці і дастатковасці.

Як адзначыў бізнэсовец Сяргей Шакуцін, дамаўляцца з Гніціем аб закупках лекаў за хабар было бессэнсоўна. Па-першае, працэдура закупак была празрыстай. Па-другое, кампанія «Іскамед» прапаноўвала найлепшы кошт і ўмовы пастаўкі. Ён прыводзіць прыклад: у абласных РУП «Фармацыя» абавязкова павінен быць актываваны вугаль і псіхатропы — ксанакс і хальцыён. Дык вось, кошт вугалю ў «Іскамеда» быў удвая ніжэйшы, а праз складанасці працэдуры ўвозу гэтыя псіхатропы пастаўляў толькі «Іскамед».

Свае дачыненні з Гніціем ён называе прыяцельскімі, распавядае, што іх звязвала тэма медыцыны, яны маглі абмеркаваць працоўныя пытанні і сустрэчы заўсёды адбываліся толькі ў службовым кабінеце Вячаслава Гніція.

Паводле версіі следства, усе хабары Шакуцін перадаваў Гніцію ў берасцейскіх кавярнях «Стары горад», «Таймс», «Сядзіба Рынькаўка».

- Ніякія рэстарацыі ў абедзенны час з Гніціем з 2006 да 2012 года не наведваў, у кавярню яго не запрашаў і наогул не ведаў пра месцазнаходжанне якіх-небудзь кавярняў у Берасці. Звычайна мы з кіроўцам падчас вяртання ў Менск з камандзіроўкі абедалі ў прыдарожнай кавярні «Валянціна», - успамінае Сяргей Шакуцін.

Са слоў фігуранта крымінальнай справы, толькі 4 верасня 2013 года ён сапраўды сустракаўся з Гніціем у рэстарацыі, але не для таго, каб перадаць хабар. Вячаслаў Гніцій адзначаў 50-годдзе ў «Правансе», куды былі запрошаныя больш за сто чалавек, у тым ліку Шакуцін з жонкай. Ніякіх грошай ён не перадаваў.

- Гэта мая прынцыповая пазіцыя: ніколі не дару на ўрачыстасці грашовыя сродкі, а заўсёды набываю падарунак і кветкі. Хачу акцэнтаваць увагу: уручэнне падарунка ў дзень нараджэння Гніція не было абумоўленае займаным ім службовым становішчам і не прадугледжвала ніякіх дзеянняў у адказ з яго боку — тлумачыць Сяргей Шакуцін.

СЯРГЕЯ ШАКУЦІНА Ў СУДЗЕ ПАДТРЫМЛІВАЕ ЯГО БРАТ — ВЯДОМЫ БІЗНЭСОВЕЦ АЛЯКСАНДР ШАКУЦІН

Паводле матэрыялаў справы, 4 снежня 2014 года Гніцій атрымаў чарговы хабар ад дырэктара «Іскамеда». Бізнэсовец адмаўляе і гэты эпізод. У той дзень адзначалі 75-годдзе Берасцейскай «фармацыі», Шакуціна таксама запрасілі ў сядзібу, а ён не адмовіўся з ветлівасці.

- Я ніколі не злоўжываў знаёмствам з Гніціем, не прасіў аб датэрміновай аплаце пастаўленых лекавых сродкаў або аб закупцы іх завышаным коштам. Мая прынцыповая пазіцыя: быць сумленным у дачыненні да ўсіх партнёраў. Мне не трэба было ад Гніція нічога. Але так як чалавек цягнуўся да мяне, я стараўся гэтыя стасункі падтрымліваць — распавядае падчас допыту ў судзе Сяргей Шакуцін.

Не прызнае дырэктар «Іскамеда» і хабар на тысячу даляраў дырэктару цэнтра экспэртыз і выпрабаванняў у ахове здароўя Аляксандру Сталярову. Ён просіць суд звярнуць увагу: яшчэ 30 студзеня 2018 года было выдадзенае заключэнне аб неабходнасці разгляду рэгістрацыі прэпарата рэнгаліну, а 7 сакавіка ён нібыта дасягнуў дамоўленасці ў гэтым пытанні са Сталяровым. Як ужо гучала ў судзе, Сталяроў знаходзіўся ў распрацоўцы праваахоўных органаў з восені 2017 года, у яго кабінеце была ўсталяваная прыхаваная відэакамера. Але з довадамі злачынства Шакуціна не затрымлівалі, як агучваў бок абвінавачвання, ён перадаваў хабар 14 траўня.

- Са Сталяровым пазнаёміўся прыкладна гадоў дзесяць таму. Склаліся нармальныя стасункі сяброўскага і дзелавога характару. Мы размаўлялі яшчэ таму, што я з'яўляўся чальцом кансультацыйнай рады пры Міністэрстве аховы здароўя, мог задаваць пытанні ад імя ўдзельнікаў фармацэўтычнага рынку. Напрыклад, мы абмяркоўвалі са Сталяровым, што немагчыма было зарэгістраваць тэсты для правядзення алергічных спроб і прэпаратаў для лячэння алергіі, - дадае Шакуцін. - Беларусь прапанавала такі механізм рэгістрацыі, які з пункту гледжання гішпанскага вытворцы «Дыятэр» быў нелагічны і значна адрозніваўся ад патрабаванняў іншых краін. Пасля працяглай працы з дакументамі была прынятая пастанова не займацца гэтым пытаннем.

Ці, напрыклад, на форуме Беларусь прапанавала індыйскаму вытворцу прыйсці на рынак, але і тут узніклі праблемы. Прэпарат, са слоў Шакуціна, быў зарэгістраваны ў ЗША, Таджыкістане, Украіне, Манголіі, але беларускі бок адмовіўся прымаць гэты пакет дакументаў для рэгістрацыі і выставіў новыя патрабаванні да лекаў. Індыйскі бок не разумеў гэтых нюансаў, бо яны прапаноўвалі кошт удвая меншы за рынкавы.

Што ж тычыцца прэпаратаў рэнгаліну і эргаферону, якія фігуруюць у абвінавачванні і наконт якіх Шакуцін і Сталяроў дасягнулі дамоўленасці, то яны былі зарэгістраваныя 16 траўня і 18 ліпеня 2018 года. Выходзіць, адзін з лекаў зарэгістравалі ўжо пасля першых затрыманняў паводле «справы медыкаў». На гэты момант яны ёсць у продажы, рэгістрацыю не касавалі. Як кажа Шакуцін, гэта значыць, што ўсё было на законных падставах.

- Я прытрымліваўся меркавання: раз у Беларусі маюцца зарэгістраваныя гомеапатычныя прэпараты, то Цэнтр экспэртыз не павінен ствараць праблемы з рэгістрацыяй арыгінальнага прэпарата рэнгаліну і перарэгістрацыяй эргаферону. Альбо трэба скасаваць усе існыя рэгістрацыі, калі меркаванне дзяржавы да гамеапатыі адназначна адмоўнае. Гэтыя пытанні мы і абмяркоўвалі са Сталяровым — удакладніў Сяргей Шакуцін. - Калі я прыехаў да дома Сталярова, мы размаўлялі пра алергены і пра тое, што гэта важнае пытанне для дыягностыкі і лячэння людзей, а стаўленне да гэтай праблемы няправільнае і так быць не павінна. Сутнасць размовы зводзілася да таго, што мне сорамна перад вытворцам, займацца рэгістрацыяй мы не будзем. Мы адмовіліся ад ідэі вытворчасці гэтага лекавага прэпарата ў Беларусі. Ніякіх грашовых сродкаў Аляксандру Сталярову не перадаваў. Мяркую, ён агаварыў мяне, бо баяўся за лёс сваёй дачкі, якая таксама з'яўлялася супрацоўніцай цэнтра экспэртыз і выпрабаванняў і затрымлівалася ў рамках гэтай справы.

Працэс прадаўжаецца.

Нагадаем, 19 жніўня пачаўся масавы суд паводле «справы медыкаў». Абвінавачаных 20 чалавек, ім інкрымінуюць два артыкулы Крымінальнага кодэксу: арт.430 (Атрыманне хабару), арт 431 (Дача хабару). За кратамі сем фігурантаў: дырэктар Цэнтра экспэртыз і выпрабаванняў у ахове здароўя Аляксандр Сталяроў; яго намеснік Сяргей Зінчанка; начальнік управы медыцынскай тэхнікі Цэнтра экспэртыз і выпрабаванняў у ахове здароўя Сяргей Ляшчылоўскі; генеральны дырэктар гандлёва-вытворчага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Белфармацыя» Вячаслаў Гніцій; намесніца генеральнага дырэктара Віцебскага гандлёва-вытворчага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Фармацыя» Кацярына Шнітко; генеральны дырэктар Гарадзенскага РУП «Фармацыя» Андрэй Шчука і бізнэсовец, дырэктар кампаніі «Іскамед» Сяргей Шакуцін.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках