29 сакавiка 2024, Пятніца, 8:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Палітолаг: Лукашэнку няма куды падзецца з падводнай лодкі

23
Палітолаг: Лукашэнку няма куды падзецца з падводнай лодкі
Фота: Коммерсант

Дыктатара будуць даціскаць.

Тэарэтычна афіцыйны Менск можа адмовіцца ад «саюзнай дзяржавы» з Расеяй.

«Але паклаўшы руку на сэрца – вожыку зразумела, што на такі дзёрзкі крок цяперашняе беларускае кіраўніцтва ніколі не пойдзе», – піша палітолаг Аляксандр Класкоўскі ў артыкуле для belsat.eu.

На думку палітолага, Лукашэнка «не падобны на камікадзэ»:

«Нутром адчуваючы пагрозу, беларускі кіраўнік адразу прымерыў на падуладную яму тэрыторыю крымскі сцэнар 2014 года. Крэмль жа адхапіў Крым перш за ўсё таму, што спалохаўся амерыканскіх эсмінцаў у Севастопалі. Спрацавалі фобіі, што Украіна пасля скідання Віктара Януковіча наўпрост пойдзе ў NATO і праклятыя супастаты падбяруцца яшчэ бліжэй.

Беларусь для Масквы – перш за ўсё стратэгічны плацдарм, гаўбец, які навісае над еўрапейскім тэатрам ваенных дзеянняў (пакуль гіпатэтычных). Капрызнаму беларускаму дыктатару дазваляецца франдзіраваць, але разрыву інтэграцыйных путаў, адмовы ад саюзніцкіх абавязальніцтваў (асабліва ў ваенна-палітычнай сферы) Крэмль не пацерпіць».

Крэмль сочыць за вернасцю хаўрусніка, і «эканамічная інтэграцыя» так сама небяспечная для суверэнітэту Беларусі, як і наўпростая інкарпарацыя.

«Па-першае, беларуская эканоміка слабая і намёртва прылепленая да расейскай. Далейшае збліжэнне спрыяе банальнаму паглынанню.

Па-другое, Масква прадаўжае ціснуць адмовай ад ранейшых эканамічных прэферэнцыяў (нафта, газ, крэдыты і інш.)

Да таго ж у Расеі сталі прыдзірліва адсочваць прыкметы беларускай «здрады»: вось глядзіце, патураюць «мясцовым бандэраўцам», вось заляцаюцца да амерыканцаў, якія часта наведваць Менск з візітамі, а вось – жах-жах-жах – нашу грамадзянку гатовыя здаць праклятым заакіянскім супастатам», – мяркуе палітолаг.

Апошняя фраза – намёк на скандал з расейкай Ганнай Багачовай.

«У апошнім выпадку я маю на ўвазе скандал з затрыманнем у Беларусі на запыт Інтэрпола расейкі Ганны Багачовай, якую звязваюць з “фабрыкай троляў” Яўгена Прыгожына і якую амерыканцы абвінавачваюць ва ўмяшанні ў іх выбары.

Страх беларускага кіраўніцтва, якое міжволі падставіў невядомы службіст, прабіўшы Багачову ў базе, апынуўся настолькі вялікім, што ўлады сталі нязграбна адмаўляць нават сам факт затрымання.

Больш за тое, сёння Лукашэнка асабіста апраўдваўся за гэтую гісторыю на сустрэчы з губернатарам Наўгародскай вобласці Андрэем Нікіціным», – піша палітолаг.

Але Лукашэнка сам вінаваты ў сітуацыі, якая склалася:

«Лукашэнка сам быў у 90-я палымяным інтэгратарам, прыспешваў у гэтым плане Маскву, спяшаўся каваць гэтую самую “саюзную дзяржаву”. Іншая рэч, што тады былі віды на Крэмль, а цяпер думка – як хоць бы ацалець, застацца пры сваіх.

Але адмовіцца ад «саюзнай дамовы», за якую сам выступаў, для беларускага кіраўніка неймаверна, акрамя ўсяго іншага і таму, што гэта азначала б прызнаць тупік, заганнасць усёй сваёй шматгадовай палітыкі «братэрскай інтэграцыі», – піша палітолаг.

Масква будзе ўсё мацней шантажаваць няўдачлівага беларускага дыктатара:

«Рэальны шантаж – гэта калі пагроза мацнейшая за выкананне. А пра беларускага партнёра Масква даўно зразумела: ну куды ён дзенецца з падводнай лодкі! Лукашэнка сам прызнаецца, што ў Еўропе яго (праўда, абагульнена гаворыцца “нас”) не надта чакаюць. Дык куды – з саўковай эканомікай і паўфеадальным рэжымам абсалютнай улады.

І таму Крэмль будзе даціскаць», – упэўнены Аляксандр Класкоўскі.

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках