19 красавiка 2024, Пятніца, 2:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мікола Статкевіч: Мяне ўразіла адвага людзей

Мікола Статкевіч: Мяне ўразіла адвага людзей
Мікола Статкевіч

Лідар БНК апавёў, як дзясяткі тысячаў пратэстоўцаў на вуліцах Менска выратавалі Беларусь.

Лідар Беларускага нацыянальнага кангрэсу Мікола Статкевіч успамінае на сайце palitviazni.info пра «Марш свабоды» дваццацігадовай даўніны, які скончыўся сутыкненнямі дэманстрантаў з міліцыяй, а таксама падзеі пасля «рэферэндуму», які прайшоў 17 кастрычніка 2004 года.

17 кастрычніка 1999 года ў Менску прайшоў «Марш Свабоды», які скончыўся сутыкненнямі дэманстрантаў з міліцыяй і салдатамі ўнутраных войскаў і шматлікімі арыштамі.

Таксама 17 кастрычніка 2004 года прайшоў «рэферэндум», паводле вынікаў якога тэрмін прэзідэнцкіх паўнамоцтваў фактычна станавіўся неабмежаваным. На наступны дзень пасля «рэферэндуму» беларуская апазіцыя арганізавала акцыю пратэсту.

– І ў маім асабістым жыцці, і для грамадскай дзейнасці гэтая дата вельмі важная, – кажа Мікола Статкевіч. – З гэтай датай звязаныя дзве падзеі. Першае – 17 кастрычніка 1999 года прайшоў «Марш свабоды», калі беларускія ўлады гатовыя былі ўжо здаць краіну Расеі. Адначасова з гэтым адбываліся выкраданні і забойствы вядомых беларускіх палітыкаў.

«Марш свабоды» ўсё гэта спыніў. Дзясяткі тысячаў людзей выйшлі на вуліцы Менска. Тады мяне ўразіла адвага людзей – іх нельга было напалохаць. Калі дарогу перакрываў ланцуг АМАПу, яго прарывалі. Калі ж напалі ззаду, народ браў тое, што было пад нагамі. Былі дзясяткі параненых з розных бакоў.

Вынікам акцыі стала тое, што ў краіне спыніліся палітычныя выкраданні, а актыўны гандаль незалежнасцю быў спынены. Я атрымаў крымінальную справу, але выйшаў з СІЗА на Валадарскага пасля двух тыдняў галадоўкі.

– Наколькі вядома, справу з часам закрылі...

– Напярэдадні саміту АБСЕ беларускаму кіраўніку паставілі ўмову – маё вызваленне. І вызвалілі.

Праўда, за акцыю, якая прайшла пасля рэферэндума 17 кастрычніка 2004 года, улады мяне выправілі ўсё ж такі на 3 гады на «хімію».

Але цяпер я ні пра што не шкадую. Усё прымаю і нічога не змяніў бы. Ганаруся. І кажу вялікі дзякуй людзям, якія ў той час тады ратавалі Беларусь.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках