29 лiстапада 2020, Нядзеля, 13:41
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Украіна плануе перадыслакацыю войскаў з улікам пагрозы нападу РФ праз Беларусь

4
Украіна плануе перадыслакацыю войскаў з улікам пагрозы нападу РФ праз Беларусь

Украінскія экспэрты мяркуюць, што Расея рыхтуецца да шырокай ваеннай агрэсіі.

Міністр замежных спраў Украіны Вадзім Прыстайка заяўляе, што ўкраінскія ўлады разам са сваімі партнёрамі з Еўрапейскага Звязу і NATO аналізуюць рызыкі магчымага наступу Расеі на падставе назіранняў за перадыслакацыяй расейскіх войскаў у кірунку мяжы з Беларуссю, паведамляе «Радыё Свабода».

«Мы назіраем за тым, што адбываецца. Не толькі з нашымі партнёрамі з NATO, з Еўрапейскага Звязу; вядзецца дакладная праца, вядуцца спадарожнікавыя назіранні і дзейнічае выведка, каб зразумець, якая насамрэч існуе пагроза і чаго хочуць дасягнуць расейцы, калі праводзяць гэтыя манеўры; колькі баз, створаных для правядзення вучэнняў; колькі войскаў і сіл пасля іх застаецца; якім чынам залучаюцца, напрыклад, падраздзяленні Міністэрства надзвычайных сітуацый, вайсковых чыгуначных войскаў, Міністэрства ўнутраных спраў Расеі, як яны перамяшчаюцца, як аператыўна яны праходзяць і на якіх участках. Гэта не застаецца без нашага аналізу», - заявіў Вадзім Прыстайка сёння ў Вярхоўнай Радзе Украіны падчас адказаў на пытанні дэпутатаў.

Міністр замежных спраў Украіны падкрэсліў, што ў развязанні сітуацыі на Данбасе прэзідэнт Уладзімір Зяленскі абапіраецца на менскія дамоўленасці, дасягнутыя пяць гадоў таму папярэдняй украінскай уладай.

«Наколькі мы адчуваем, што Расея гатовая рухацца? Менавіта для гэтага прэзідэнт Украіны Зяленскі цяпер спрабуе зрабіць усё магчымае для правядзення сустрэчы ў нармандскім фармаце. Мы спадзяемся, што ў наступным месяцы такая сустрэча адбудзецца і мы станем сведкамі гатоўнасці рухацца па ўсіх чатырох кірунках, вызначаных менскімі дамоўленасцямі», - дадаў Вадзім Прыстайка.

Пра падрыхтоўку Расеі да маштабнага ўварвання ва Украіну заявіў намеснік начальніка Генеральнага штаба Узброеных сіл Украіны Аляксей Таран у апублікаваным сёння інтэрв'ю аднаму з украінскіх інтэрнэт-выданняў.

«Расея рыхтуецца да шырокай ваеннай агрэсіі. Гэтыя планы цалкам відавочныя. Узброеныя сілы Украіны адпаведна рыхтуюцца, каб адбіць яе на ўсіх межах Украіны. Гэта тычыцца не толькі лініі сутыкнення (на Данбасе. - Заўвага.), але і іншых раёнаў, пачынаючы ад мяжы з Беларуссю і далей побач з Крымам і Бесарабіяй. Сёння ў нас ёсць дастатковая колькасць падрыхтаваных кіроўных органаў, здольных планаваць і кіраваць войскамі ў гэтых важных раёнах», - заявіў Аляксей Таран.