20 красавiка 2024, Субота, 9:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Нямеччыне знайшлі скарб элітнага ваяра бронзавага веку

2
У Нямеччыне знайшлі скарб элітнага ваяра бронзавага веку
Фота: THOMAS TERBERGER/UNIVERSITY OF GOTTINGEN

Воін прыбыў да месца бітвы здалёк.

Навукоўцы выявілі на дне ракі ў Нямеччыне рэшткі ёмістасці, напоўненай бронзавымі артэфактамі і інструментамі, нехарактэрнымі для гэтай мясцовасці, піша nv.ua.

Археолагі сцвярджаюць, што гэтая калекцыя бронзавых артэфактаў была страчаная на полі бітвы 3300 гадоў таму.

Тое, што засталося ад змесціва мяшка, было знойдзенае на дне ракі Талензе, недалёка ад месца першай вядомай бітвы на тэрыторыі Еўропы. Знаходка дазваляе выказаць здагадку, што некаторыя з удзельнікаў бітвы адправіліся змагацца за сотні кіламетраў. Гэта значыць, правадыры маглі заклікаць воінаў на аддаленыя палі бітвы, задоўга да з'яўлення дарог.

«Адшукаць такі куфар або мяшок на старажытным полі бітвы - гэта велізарная рэдкасць. Яго там відавочна згубілі», - каментуе адзін з удзельнікаў даследавання прафесар Томас Тэрбергер з Гецінгенскага ўніверсітэта імя Георга-Аўгуста.

Бітва праходзіла ў вузкай, балоцістай даліне, якая працякае ўздоўж ракі Талензе, за 160 кіламетраў на поўнач ад Берліна. Многія з артэфактаў патанулі пад вадой і былі захаваныя ў першапачатковым выглядзе. З тых часоў, як гэта месца было выяўленае ў 1996 годзе, археолагі выявілі металічную і драўляную зброю і больш за 12 000 рэшткаў костак.

Новая знаходка ўключае ў сябе цыліндрычныя аскепкі бронзы, бронзавы нож, шыла і дробнае зубіла. Перамешванне інструментаў і металалому нагадвае нечыя асабістыя рэчы, а не рытуальны скарб.

Дзясяткі такіх калекцый лому бронзы, разам з невялікімі інструментамі для яе рэзкі, знаходзілі раней у магілах воінаў з высокім статусам на поўдні краіны: ад усходняй францыі да Чэхіі. Але гэты набор бронзавых прадметаў з'яўляецца першым такога кшталту, знойдзеных так далёка на поўначы.

Новая знаходка пацвярджае гіпотэзу аб тым, што воіны прайшлі многія сотні кіламетраў ад сваёй радзімы да поля бітвы, дэманструючы грамадскую арганізацыю ў шырокім маштабе. Артэфакты адпавядаюць папярэднім довадам таго, што некаторыя косткі, знойдзеныя на полі бітвы, утрымлівалі стронцый, які не адпавядаў ізатопам, знойдзеным у людзей, народжаных у гэтым рэгіёне.

«Гэта паказвае, што людзі былі нашмат больш мабільнымі, чым мы думалі», - кажа археолаг Хеле Вандкілдэ з Орхускага ўніверсітэта ў Даніі, які не браў удзелу ў даследаванні.

За некалькі метраў ад бронзавых прадметаў дайверы выявілі наканечнікі стрэл, прыбраныя шпількі, бронзавы нож з касцяной ручкай, а таксама чалавечае рабро і чэрап. Усе знаходкі датуюцца блізу 1300 г. да н.э., пацвярджаючы ідэю, што яны былі часткай адной падзеі.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках