16 снежня 2019, панядзелак, 11:17
Засталося зусім крыху
Рубрыкі

У Менску работнікаў школ зганяюць прыбіраць лісце ў парку

20
У Менску работнікаў школ зганяюць прыбіраць лісце ў парку
Фота: «Белсат»

Патрабаванне па школах разаслалі чыноўнікі.

Ва ўсіх школах на тэрыторыі Ленінскага раёна чыноўнікі разаслалі патрабаванне накіраваць на ўборку лісця ў парку Грэкавай па 8-10 чалавек. Гэтую інфармацыю belsat.eu пацвердзілі ў некалькіх установах адукацыі.

Як вынікае з дакумента, апублікаванага на тэлеграм-канале NEXTA, з 16 да 18 кастрычніка работнікаў школ абавязваюць удзельнічаць у «якаснай уборцы і пагрузцы лісця». Адказнымі за выкананне прызначылі намеснікаў дырэктараў у гаспадарчай частцы. Апошнія павінны знаходзіцца на месцы і кантраляваць працэс.

«Урокі ў другую змену. Прыбярэм лісце і пойдзем вучыць»

Журналісты наважылі праверыць, ці сапраўды настаўнікаў прымушаюць убіраць лісце. Накіроўваемся на месца. А 9:00 у парку імя Грэкавай амаль 50 жанчын і мужчын з граблямі. Каля натоўпу ходзіць жанчына з дакументамі і задае ўсім адно пытанне: «З якой вы школы?» А потым нешта запісвае ў дакументы.

Калі кожны педагог атрымаў граблі, яны разбрыліся па парку і пачалі зграбаць апалае лісце ў купкі. У размовах людзі прадстаўляюцца тэхнічкамі, школьным персаналам, аператарам ЭВМ, прыбіральшчыцай і нават пенсіянеркай, якая «проста прыйшла дапамагаць».

- Дзяўчаты, вы таксама не настаўнікі? - пытаюся ў трох жанчын з граблямі.

- Як гэта не настаўнікі? - абураюцца яны. – Мы настаўнікі!

— А як жа ўрокі?

- Яны ў другую змену.

- Зграбяце лісце і пойдзеце вучыць?

— Так.

Частка тых, хто прыбіраў парк, рэагавалі досыць агрэсіўна: патрабавалі не здымаць іх, спасылаючыся на нейкі закон, які забараняе здымкі ў грамадскіх месцах.

- Не фатаграфуйце мяне! Праз вас у мяне будуць праблемы з мужам – выгукнула адна дама.

Пытаюся ў мужчын:

- Вы дворнікі і таму прыйшлі сюды збіраць лісце?

- Не дворнікі, рабочы, - кажа адзін

– А я аператар ЭВМ, - дадае іншы.

Яшчэ адзін мужчына распавёў, што выконвае ў школе тэхнічную працу.

— А як жа самапавага, годнасць? Вы ж педагогі. Дзе цяпер вашы вучні?

- Дастанеш самапавагу – есці не будзе чаго – адказвае жанчына ў чырвонай куртцы. Яе калега па граблях абураецца і абяцае даць мне граблямі пад зад.

Яшчэ ў адной жанчыны пытаюся, ці працуе яна ў школе.

- Якая вам розніца, кім я працую? Сказалі зграбаць лісце, значыць, неабходна дапамагчы. Тут жа і дзеці гуляюць, неабходна навесці парадак.

Іншыя дзве жанчыны прызналіся, што працуюць выхавальніцамі групы падоўжанага дня. Збіраюся сыходзіць і чую, як крычыць дама, якая назвалася прыбіральшчыцай у школе:

- Куды пайшла? Ідзі вазьмі граблі і з намі паграбі, а то бегаеш тут без справы.

У гімназіі №1 Менска пацвердзілі, што «пэўная частка настаўнікаў» знаходзіцца ў парку да 12: 00.

Выканаўца абавязкаў дырэктара СШ №189 Жанна Канапацкая сказала, што ад яе школы на «суботнік» паехалі 3 чалавекі – «загадчык гаспадаркі», праграміст (які не быў заняты раніцай 18 кастрычніка) і рабочы для абслугоўвання будынка. На пытанне, наколькі мэтазгодна пасылаць на такія мерапрыемствы педагогаў, яна кажа:

«Адназначна немэтазгодна, бо калі ідзе навучальны працэс, мы іх нікім замяніць не можам. Летась прасілі накіроўваць педагогаў, але тады ўжо пачаліся восеньскія вакацыі, таму яны таксама пагадзіліся паехаць».

Разам з тым, удзел ва ўборцы ў гарадскім парку Жанна Канапацкая ўважае за «дабрачынную, добраахвотную дапамогу» школы і падкрэслівае, што сёння яе падначаленыя паехалі збіраць лісце на ўласнае жаданне.

У школе №55 прадстаўнік адміністрацыі, які не пажадаў прадставіцца, паведаміў: на ўборку яны адпраўляюць сваіх работнікаў штогод, «у тым ліку свабодных ад заняткаў настаўнікаў». Навучальны працэс пры гэтым, з ягоных слоў, не пакутуе.