19 сакавiка 2024, aўторак, 8:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка запанікаваў

21
Лукашэнка запанікаваў
Валерий Карбалевич

Чаго ён так спалохаўся?

Дзіўная, нават загадкавая гісторыя з расейскай грамадзянкай Ганнай Багачовай, якую затрымалі ў Менску на запыт ЗША праз Інтэрпол, потым адпусцілі, а цяпер адмаўляюць сам факт затрымання, выклікае пэўны рэзананс і патрабуе тлумачэнняў.

Першае паведамленне аб затрыманні Ганны Багачовай з'явілася 15 кастрычніка і выглядала як інфармацыйная бомба. Нібыта Багачова - супрацоўніца расейскай «фабрыкі троляў», умешвалася ў амерыканскія выбары, і ЗША праз Інтэрпол дамагаюцца яе арышту і экстрадыцыі. Паводле інфармацыі СМІ, затрымалі яе яшчэ 13 кастрычніка блізу 22 гадзін у адным з менскіх гатэляў.

З самага пачатку была ўпэўненасць, што Злучаным Штатам яе ні ў якім разе не выдадуць. А вось выкарыстаць сітуацыю - гэта акурат тое, што беларускія ўлады рабіць любяць.

Гандаль вакол палітвязняў з Захадам, найперш з ЕЗ - гэта даўно стала «класікай жанру». Такіх гісторый было шмат. У 2008 годзе ў Беларусі арыштавалі амерыканскага адваката Эмануіла Зэльцэра і паспрабавалі таргавацца з ЗША аб скасаванні санкцый.

Былі такія спробы і ў дачыненнях з Расеяй. У 2013 годзе ў Менску арыштавалі гендырэктара расейскай кампаніі «Уралкалій» Уладзіслава Баўмгартнера, Расеі былі выстаўленыя эканамічныя патрабаванні. У 2017 годзе пад арышт трапіў блогер з патройным грамадзянствам Аляксандр Лапшын. Паколькі ніводная з краін, грамадзянінам якой ён быў (Расея, Ізраіль, Украіна), не захацела таргавацца, яго выдалі Азербайджану.

Здавалася, што і цяпер афіцыйны Менск пачне гандаль з Масквой з нагоды Ганны Багачовай. Маўляў, калі для Расеі яе вызваленне важнае, то давайце дамаўляцца, ідзіце на саступкі ў пытаннях нафты, газу, крэдытаў і інш.

Аднак нешта пайшло не так, першапачатковы план не спрацаваў. 15 красавіка Ганну Багачова выпусцілі на свабоду.

Тут можна выставіць некалькі версій. Магчыма, спачатку сілавікі дзейнічалі на аўтамаце, зрэагавалі на прозвішча, якое выявілася ў спісе Інтэрпола, а калі разабраліся, у чым справа, неўзабаве адпусцілі. Другі варыянт: закладніцу выпусцілі, як толькі справа здабыла рэзананс, бо такія аперацыі лепш ажыццяўляць у глыбокай таямніцы.

Але далей ва ўсёй гэтай гісторыі з'явіўся зусім скандальны паварот. Дзіўным чынам беларускія ўлады пачалі аспрэчваць відавочнае, спрабаваць давесці, што Ганна Багачова і не была затрыманая. І менавіта гэты фактар стаў ператвараць драму ў фарс.

Пра тое, што згаданая жанчына была затрыманая, паведамлялі не толькі СМІ, але і афіцыйныя крыніцы. 15 кастрычніка прэсавая сакратарка МУС Беларусі Вольга Чамаданава канстатавала: «Грамадзянка Расеі Ганна Багачова была затрыманая ў адным з гатэляў Менска, бо знаходзілася ў міжнародным вышуку. Ва ўстаноўленым парадку матэрыялы былі перададзеныя для вывучэння і прыняцця пастановы ў пракуратуру».

У той жа дзень афіцыйны прадстаўнік Генеральнай пракуратуры Беларусі Дзмітрый Брылёў заявіў: «Ганна Багачова вызваленая, яна сапраўды была затрыманая пазаўчора».

Пасольства Расейскай Федэрацыі паведаміла ў Twitter: «Сітуацыя ў сувязі з затрыманнем у Менску праваахоўнымі органамі Рэспублікі Беларусь грамадзянкі Расеі Ганны Багачовай знаходзіцца ў полі зроку консульскага аддзела пасольства Расеі ў РБ, супрацоўнікі якога надаюць ёй прадугледжаную ў такіх выпадках консульскую падтрымку».

Нарэшце, такая ж інфармацыя з'явілася ў афіцыйным Twitter Міністэрства замежных спраў Расеі.

І вось пасля ўсяго гэтага прэс-сакратарка Лукашэнкі Наталля Эйсмант з нявінным выглядам заявіла tut.by: «Яе не затрымлівалі і не арыштоўвалі. Гэта розная інтэрпрэтацыя адной і той жа падзеі».

Больш асцярожна пракаментаваў сітуацыю намеснік генпракурора Аляксей Стук. Ён паведаміў журналістам, што ў дачыненні да грамадзянкі Расеі Ганны Багачовай «не ўжываліся захады працэсуальнага прымусу, яна заставалася на свабодзе» і «мажліва, нашы прэс-сакратары не зусім даходліва данеслі гэтую інфармацыю». Куды ўжо больш даходліва?

Чаму ж беларускія ўлады адыгралі сітуацыю назад? Не так важна, ці быў нейкі званок з Масквы. Думаю, галоўнае ў тым, што беларускія ўлады не разлічылі палітычнага эфекту.

Адна справа - арыштаваць прадстаўніка буйнога расейскага бізнэсу Баўмгартнера, што выклікала маральную падтрымку большасці расейцаў. І зусім іншая справа - затрымаць «зацятага змагара» з галоўным ворагам Расеі - ЗША. Не выпадкова ў РФ падняўся вялікі шум, разгарэліся вострыя жарсці, Лукашэнку абвінавацілі ў здрадзе. Арышт Багачовай закрануў вельмі балючую тэму, нагадаў аб псіхалагічнай траўме як эліты, так і грамадства РФ. Таму адказ з Масквы мог быць вельмі жорсткім.

У Менску зразумелі гэта не адразу. А зразумеўшы, запанікавалі і пачалі даводзіць, што «я не я і хата не мая». Выйшла нязграбна. Як часта і бывае ў беларускай афіцыйнай палітыцы.

Валерый Карбалевіч, «Радыё Свабода»

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках