25 красавiка 2024, Чацвер, 11:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Літва мяняе гелікаптэры МІ-8 на амерыканскія Black Hawk

3
Літва мяняе гелікаптэры МІ-8 на амерыканскія Black Hawk

Краіна адмаўляецца ад савецкай тэхнікі.

Кіраўніцтва сістэмы абароны Літвы наважыла адмовіцца ад савецкіх шрубалётаў МІ-8, якія ўсё яшчэ выкарыстоўваюцца ва Узброеных сілах Літвы, паведамляе карэспандэнт Charter97.org у Вільні.

Краіна наважыла пачаць перамовы з ЗША аб куплі вайсковых гелікаптэраў UH-60M Black Hawk, якія могуць выкарыстоўвацца для пошукава-выратавальных работ, а таксама для задач Узброеных сіл Літвы і батальёна NATO.

Цяпер Узброеныя сілы Літвы выкарыстоўваюць тры савецкія МІ-8 і тры шрубалёты AS365 N3 + Dauphin. Са слоў міністра абароны, замена савецкіх гелікаптэраў абумоўленая іх тэрмінам эксплуатацыі, дарагоўляй абслугоўвання, а таксама цяжкасцямі ў рамонце - запчасткі неабходна пастаўляць з Расеі.

Мінабароны Літвы пачне перамовы з урадам ЗША аб куплі шасці новых шрубалётаў UH-60M Black Hawk. Плануецца, што пагадненне аб куплі будзе падпісанае да канца наступнага года, а першыя гелікаптэры паступяць у Літву да канца 2024 года. Кошт угоды ацэньваецца прыкладна на 300 мільёнаў даляраў.

Пастанову Літвы перайсці на амерыканскія шрубалёты падтрымала кіраўніцтва Нацыянальнай гвардыі Пенсільваніі, якая 26 гадоў з'яўляецца партнёрам Узброеных сіл Літвы. Гвардыя гатовая дапамагчы Літве ў навучанні новых шрубалётных экіпажаў і тэхнікаў.

На гэтым тыдні ў Літву прыбылі першыя 200 амерыканскіх вайскоўцаў з батальёна ЗША. Усяго ў складзе батальёна - больш за 500 жаўнераў, амаль 30 танкаў «Абрамс», больш за 20 баявых машын пяхоты «Брэдлі» і іншыя тыпы вайсковага транспарту. Батальён разам з вайсковай тэхнікай будзе разгорнуты на палігоне ім. генерала Жукаўскаса ў Пабрадўе - прыблізна ў 10 км ад беларускай мяжы.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках