18 красавiка 2024, Чацвер, 22:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лідар сірыйскіх курдаў: Прашу Трампа выканаць абяцанне і спыніць вайну

2
Лідар сірыйскіх курдаў: Прашу Трампа выканаць абяцанне і спыніць вайну

Вайсковая прысутнасць ЗША можа дапамагчы пачатку перамоваў.

Турцыя прадаўжае наступальную аперацыю на поўначы Сірыі, блакуючы спробы сірыйскіх дэмакратычных сіл выйсці з небяспечнай зоны. Пра гэта распавёў у суботнім інтэрв'ю Defense One галоўнакамандуючы СДС Мазлум Абдзі. Ён заклікаў Адміністрацыю прэзідэнта ЗША Дональда Трампа ўмяшацца, сцвярджаючы, што Злучаныя Штаты не забяспечваюць захаванне Турцыяй пагаднення аб 120-гадзінным замірэнні, якое павінна было б дазволіць сілам СДС адступіць. У той жа час ён падкрэсліў, што яго войскі ні супрацоўнічаюць ні з Расеяй, ні з сірыйскім рэжымам. Newsader прапануе поўны пераклад гутаркі Мазлума з амерыканскім выданнем.

«Я хацеў бы заявіць амерыканскай грамадскасці, што ўсё, што адбываецца цяпер, выглядае жудасна. Гэта прыводзіць да знішчэння курдскага народа ў Сірыі і этнічнай чысткі проста на вачах у амерыканскай адміністрацыі», – распавёў курдскі лідар у тэлефоннай гутарцы з карэспандэнтам амерыканскага выдання.

З ягоных слоў, СДС звярнуліся да Расеі і сірыйскага рэжыму ў Манбіджы і Кабане толькі для таго, каб у адсутнасць якой-небудзь іншай абароны стрымаць сілы, якія падтрымліваюцца Турцыяй. Цяпер, запэўніў ён, ні з Расеяй, ні з афіцыйным Дамаскам курды не вядуць ніякіх перамоваў. Яму зразумела, сказаў ён, што ні Масква, ні сірыйскі ўрад не могуць стаць «надзейнай гаванню» для СДС.

У той жа час Мазлум, які раней на гэтым тыдні ўжо пераконваў Трампа ў тэрміновым характары сітуацыі, у гутарцы з Defense One заклікаў амерыканскага лідара дапамагчы рэалізаваць пагадненне аб пяцідзённым спыненні агню - угоду, дасягнутую ў чацвер намаганнямі віцэ-прэзідэнта Майка Пэнса на сустрэчы з кіраўніком Турцыі Раджэпам Эрдаганам.

«Ён сказаў мне, што зробіць усё магчымае, каб спыніць гэтую вайну. Ён сказаў мне, што збіраецца пагаварыць з Эрдаганам. Я мяркую, што ён атрымаў некаторыя абяцанні з боку Эрдагана, аднак цяпер становіцца зразумела, што Эрдаган не слухае Трампа і не выконвае ўзятыя перад ім абавязацельствы, – сказаў Мазлум. - Я прашу прэзідэнта Трампа проста цяпер выканаць сваё абяцанне і спыніць гэтую вайну».

З ягоных слоў, цягам двух дзён з моманту дасягнення пагаднення аб спыненні агню ў Анкары яго сілы панеслі больш страт, чым у папярэднія дні, якія папярэднічалі дамове: амаль 50 яго байцоў былі забітыя і 100 параненыя ў выніку паветраных удараў у Турцыі, распавёў лідар СДС.

«Турэцкае войска і падтрымоўваныя Турцыяй найміты цалкам аблажылі горад Рас-эль-Айн. Наш горад і нашы жаўнеры акружаныя. Мы дамовіліся аб спыненні агню і адкрыцці бяспечнага калідора, прызначанага для вываду нашых людзей, – сказаў Мазлум. - Туркі адмаўляюцца адкрыць бяспечны калідор і не здымаюць аблогу горада».

Турцыя, мяркуе ён, мэтанакіравана перашкаджае вываду СДС з тым, каб пасля заканчэння тэрміну спынення агню ў аўторак Анкара магла б апраўдаць аднаўленне сваіх нападаў.

«Яны абложваюць горад і не дазваляюць нашым сілам выйсці, - сказаў Мазлум. - Яны будуць прадаўжаць забіваць нас цягам гэтых пяці дзён, а затым у выніку скажуць: «Курды не пакінулі горад», пасля чаго прадоўжаць ажыццяўляць этнічную чыстку нашага народа. Гэта адбываецца на вачах у Амерыкі».

Мазлум заявіў, што ягоны бок пагадзіўся на спыненне агню і вывад войскаў з памежнай зоны паміж Сераканіяй і Тал-Аб'ядам на ўсход ад Кабані, аднак, упэўнены ён, Турцыя не дазволіць ім сысці. У той жа час ён паведаміў, што курды не збіраюцца адмаўляцца ад усёй зоны, якая мяжуе з Турцыяй.

«Мы толькі пагадзіліся выйсці з Рас-аль-Айна ў Тал-Аб’яд і не абмяркоўвалі іншыя раёны, - сказаў Мазлум. – Іншыя раёны – гэта курдскія раёны, і гэтым людзям не будзе куды ісці. Куды пойдуць курды?»

Лідар курдаў заклікаў Злучаныя Штаты перагледзець пастанову аб вывадзе сіл і пакінуць на паўночным усходзе Сірыі хоць бы некаторую іх частку.

«Калі адбудзецца поўны вывад войскаў з Сірыі, то расейцы і туркі рэалізуюць свой супольны план – сказаў ён. - Гэта нівеліруе ўсе нашы супольныя з амерыканцамі дасягненні за апошнія пяць гадоў, а таксама падарве давер да Амерыкі сірыйскіх курдаў, якія працавалі, змагаліся і паміралі побач з амерыканцамі».

Са слоў Мазлума, вайсковая прысутнасць ЗША магла б забяспечыць буфер для палітычных перамоваў з Турцыяй.

«Амерыка павінна выконваць свае абавязацельствы і навязаць спыненне агню – менавіта так яны маглі б дапамагчы развязаць курдскае пытанне ў Сірыі, – сказаў Мазлум. - Размовы пра тое, што расейцы і сірыйскі рэжым будуць дапамагаць курдам – гэта хлусня. Пазіцыя расейцаў і сірыйскага рэжыму ў дачыненні да курдаў – гэта варожая пазіцыя».

20 кастрычніка СМІ паведамілі пра тое, што турэцкае войска без бою заняла горад Рас-эль-Айн на поўначы Сірыі. Гэта ім удалося зрабіць пасля таго, як сілы СДС цалкам эвакуявалі горад. На поўдзень з яго выехалі амаль 50 адзінак аўтатранспарту, у тым ліку і машыны хуткай дапамогі, на якіх вывозілі параненых. Карэспандэнт AFP паведаміў, што пасля выезду з лякарні персаналу будынак ахапіў пажар.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках