19 лiстапада 2019, aўторак, 14:51
Дзень другі
Рубрыкі

На карабель ВМС ЗША пачалі ўсталёўваць першы баявы лазэр

11
На карабель ВМС ЗША пачалі ўсталёўваць першы баявы лазэр
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА

Новая зброя прызначаная для знішчэння невялікіх суднаў і беспілотных лятальных апаратаў.

Баявы лазэр, створаны ў кампаніі Northrop Grumman, дастаўлены ў Сан-Дыега, дзе яго неўзабаве будуць усталёўваць на дэсантны карабель USS Portland (LPD-27), паведамляе выданне The Drive. Лазэр, магутнасць променя якога, са слоў стваральнікаў, дасягае 150 кВт, стане першай такой прыладай на караблях ВМС ЗША, паведамляе РБК.

Карпарацыя Northrop Grumman, якая спецыялізуецца на аэракасмічных і вайсковых тэхналогіях, здабыла кантракт на выраб баявога лазэра яшчэ ў 2015 годзе. У 2018 годзе, калі USS Portland уводзілі ў дзеянне, ужо было вядома, што першы доследны ўзор усталююць менавіта на гэтым караблі.

Паводле задумы стваральнікаў з дапамогай лазэра можна будзе знішчаць невялікія судны, а таксама беспілотныя апараты.

Northrop Grumman, створаная ў 1994 годзе пасля зліцця кампаній Northrop і Grumman, за сваю гісторыю распрацавала у тым ліку бамбавік B-2, беспілотнік RQ-5 Hunter, выведны самалёт E-8C, а таксама розныя радары.

Як раней паведамляла выданне We Are the Mighty, у ЗША вядуцца і іншыя распрацоўкі вайсковых лазэраў. Так, гаворка ідзе пра планы ўсталяваць такую зброю на гелікоптэр H-60.