20 красавiка 2024, Субота, 5:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леанід Злотнікаў: У Беларусі магчымы дэфолт

52
Леанід Злотнікаў: У Беларусі магчымы дэфолт
ЛЕАНІД ЗЛОТНІКАЎ

Трэба спыніць неэфектыўнае кіраванне

Міжнародны валютны фонд (МВФ) рэзка пагоршыў прагноз у росце эканомікі Беларусі ў 2020 годзе. Ён упаў да 0,3% з 2,2%, што фактычна азначае стагнацыю.

Спецыялісты фонду таксама падкрэслілі, што тэмпы эканамічнага росту ў Беларусі могуць быць істотна ніжэйшыя, калі Расея не кампэнсуе страты пасля рэалізацыі падатковага манеўру. Адсутнасць такой кампенсацыі эксперты МВФ уважаюць асноўнай рызыкай для беларускай эканомікі ў цяперашні час.

Як гэта паўплывае на грамадзянаў Беларусі? На пытанні сайту Charter97.org адказвае эканаміст Леанід Злотнікаў.

– Як Вы пракаментуеце падзенне дынамікі ВУП да нулявога?

– Паказнікі блізкія да нуля, так бы мовіць «у межах шуму». Таксама адзначу, што ў Беларусі ВУП – не зусім ВУП. Ёсць шмат коштаў, якія рэгулююцца, а ВУП можна падлічыць пры рынкавых коштах. Вяртаючыся да прагнозу, гэта нізкія тэмпы росту. Усё роўна, што 1%, што 0,5% – гэта амаль нічога. Калі сцісла – гэта вельмі дрэнна для нашай эканомікі.

З іншага боку, мне здаецца, што сітуацыя значна горшая, чым кажа МВФ. Наколькі я ведаю, прадстаўнікі Сусветнага банка прагназавалі ў Беларусі магчымую рэцэсію эканомікі налета. Гэта больш рэальна.

– Нядаўна прэс-сакратар прэм'ера РФ з нагоды стратаў Беларусі ад падатковага манеўру заявіў, што «немагчыма страціць тое, што табе не належыць». Наколькі абвострыцца эканамічная сітуацыя, калі РФ адмовіцца ад кампенсацый?

– Сапраўды, мы патрабуем, каб Расея за свой кошт, за кошт паніжэння ўзроўню жыцця свайго насельніцтва, карміла Беларусь. Таму што нафта, якая належыць Расеі, можа быць прададзеная на сусветным рынку з больш высокімі коштамі, чым яна пастаўляецца ў Беларусь. Гэта значыць, Расея забірае сродкі са свайго бюджэту і аддае беларускаму.

Заява прэс-сакратара – правільная. Калі мы хочам жыць добра, мы павінны працаваць самі: стварыць эфектыўную эканоміку, іншую сістэму і г.д. І замест таго, каб нешта патрабаваць, трэба спыніць неэфектыўнае гаспадаранне гэтай улады разам з самой уладай. Гэтае патрабаванне больш важнае, чым прэтэнзіі да Расеі, каб яна нас карміла.

Падатковы манеўр толькі пачаўся – другі-трэці год. Да 2025 года мы павінны выйсці на нулявую падтрымку за кошт расейскага бюджэту. Cвае экспартныя мыты яна не атрымлівала – аддавала Беларусі. Цяпер Расея паступова памяншае гэтыя падачкі.

Калі палічыць да 2025 года, то ў пераводзе на адзін год – гэта прыкладна 2–2,5 мільярда даляраў штогадовых стратаў. Цяпер яны значна меншыя – за гэты год недзе 400 мільёнаў даляраў.

Потым страты ад выручкі, бо Беларусь зарабляла за кошт танных нафты і газу. Сёння ж гаворка ідзе толькі пра падатковы манеўр на устаноўленыя мыты на нафту. Кошты на газ застаюцца пакуль больш таннымі, чым у той жа Польшчы ці іншых краінах.

Так што Беларусь мае нейкія дадатковыя прыбыткі за кошт газу. Праўда, беларускія прадпрыемствы атрымліваюць газ паводле коштаў нават вышэйшых за сусветныя, але на ўваходзе ў краіну гэты газ становіцца таннейшым. Тут ужо іншае пытанне – гэта дапамога не прадпрыемствам, а дапамога ўраду і гэтай уладзе.

– На фоне агучаных МВФ лікаў даволі дзіўна выглядае незадаволенасць Лукашэнкі планамі ўрада ў росце ВУП усяго толькі на 2,5% і загад штучна разагрэць эканоміку да больш высокіх паказнікаў. Чым гэта можа скончыцца?

– Гэта скончыцца так, як заўсёды сканчалася – невыкананнем паказнікаў. Лукашэнка заўсёды патрабуе больш, чым наша эканоміка можа даць, як вынік – заўсёды атрымлівае менш.

У апошнія гады так адбываецца. Вядома, не заўсёды – скажам, высокія тэмпы росту ў нас былі ў сярэдзіне 2000-х. Тады быў рост ВУП 7-9% за год. А цяпер змагаемся за 0,7%, гэта значыць паволі спаўзаем ўніз.

Я думаю, што сітуацыя будзе горшая, чым нават 0,5%. Верагодна, што налета ў Беларусі будзе вельмі цяжкая сітуацыя, думаю, нават да канца гэтага года. І тут ужо не да эканамічнага росту – абы падзенне было меншым, чым яно можа быць. Урад будзе змагацца за меншую глыбіню падзення.

– З улікам таго, што незваротныя крэдыты беларускіх прадпрыемстваў і сума агульнай дзяржпазыкі Беларусі імкліва растуць, ці можа сітуацыя прывесці да дэфолту?

– Так, можа. Я не сказаў бы, што вонкавыя пазыкі ўрада хутка растуць – і два гады таму, і цяпер яны складаюць прыкладна 41 мільярд даляраў. Пры гэтым пазыку ўрад інвестуе, яна расце, але магчымасці яе аддаваць не растуць. Больш за палову таго, што мы павінны вярнуць у наступным годзе, мы аддамо за кошт новых пазыкаў.

Сітуацыя горшая ў самой эканоміцы. Атрымліваецца, што нават тыя традыцыйныя галіны, якія ў нас ёсць – машынабудаванне, лёгкая прамысловасць, дрэваапрацоўка, нават нафтахімічная – даюць меншы прыбытак, чым давалі раней. Цяпер у нас яны альбо не эфектыўныя, альбо з вельмі нізкай эфектыўнасцю (57%). Сярод гэтых прадпрыемстваў 26% стратныя, да 5% – нізкарэнтабельныя. Ва ўмовах інфляцыі яны ўсё практычна на нулі.

Але самае галоўнае нават не гэта, а тое, што ў Беларусі пагаршаецца фінансавая сітуацыя. У першым паўгоддзі 2019 года беларускія прадпрыемствы для вяртання сваіх актуальных плацяжоў, за якія яны павінны былі расплаціцца – вярнуць крэдыты банку, вонкавым пастаўшчыкам – выдаткавалі 27% сваёй выручкі! А іх сярэдні прыбытак пры гэтым склаў 7-8%.

Гэта значыць, што для таго, каб аддаць свае пазыкі, больш як палова беларускіх прадпрыемстваў плаціць заробкі людзям за кошт крэдытаў і страчвае зваротныя сродкі. Атрымліваецца, што з кожным годам усё больш і больш яны жывуць у пазыку.

У выніку нашы прадпрыемствы будуць вымушаныя затармазіць – бо крэдыты ім больш даваць не будуць, таму што крэдыторская запазычанасць сёлета нарастае. Прадпрыемствы і цяпер аддаюць вялікі адсотак свайго прыбытку, а налета будуць аддаваць яшчэ больш!

– Як гэта адаб'ецца на ўзроўні жыцця беларускіх грамадзянаў?

– Падзенне эканомікі – гэта перш за ўсё падзенне прыбыткаў, таму рэальны заробак можа зменшыцца. Не кажучы ўжо пра тое, што грашовая маса павялічыцца і адназначна будзе вялікая інфляцыя.

Але гэта не значыць, што падзенне заробкаў будзе ва ўсіх. Ёсць малая частка насельніцтва – 10–15%, у якой яна можа нават павялічыцца яшчэ больш, а другая частка будзе бяднець. Багатыя стануць багацейшыя, а бедныя – бяднейшыя.

Напісаць каментар 52

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках