25 красавiка 2024, Чацвер, 16:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вынесены новы прысуд паводле «справы медыкаў»

20
Вынесены новы прысуд паводле «справы медыкаў»

Экс-намесніку міністра аховы здароўя далі шэсць гадоў пазбаўлення волі.

Суд Савецкага раёна Менска прысудзіў былога намесніка міністра аховы здароўя Валерыя Шаўчука да шасці гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму. Такое ж пакаранне запытваў пракурор, піша tut.by.

Валерыя Шаўчука прызналі вінаватым на падставе ч.3 арт.430 КК (Атрыманне хабару ў асабліва значнай суме) і на падставе ч.1, 2 арт.209 КК (Махлярства). Таксама ён не зможа займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў цягам пяці гадоў. Пра гэта TUT.BY паведамілі ў судзе Савецкага раёна сталіцы.

Нагадаем, раней пракурор Сяргей Гіргель папрасіў суд прызнаць Валерыя Шаўчука вінаватым у атрыманні хабараў і махлярстве і прысудзіць да шасці гадоў пазбаўлення волі.

Шаўчука затрымалі 25 лютага 2019 года. Спачатку яго вінавацілі толькі на падставе ч.3 арт.430 КК (Атрыманне хабару ў асабліва значнай суме), але ўжо падчас працэсу пракурор выставіў новае абвінавачанне - дадалася ч.1, 2 арт.209 КК (Махлярства).

Былога намесніка міністра аховы здароўя абвінавачвалі ў тым, што ад Ларысы Рубцовай ён атрымаў iPhone 5 і скураны партфель. Бок абвінавачвання расцаніў гэта як махлярства, бо Шаўчук не збіраўся нікому дапамагаць, а падарункі ўсё адно прыняў. А вось настольны набор з мармуру і дзве тысячы даляраў, на думку пракурора, гэта ўжо хабар. Атрымаўшы гэта, абвінавачаны ўзгадніў наменклатуру кампаніі «Сцімэнэрджы» на фасоўку і ўпакоўку лекавых сродкаў, якая належыць мужу Рубцовай.

- Я сапраўды ўзгадніў наменклатуру, але такіх за час сваёй практыкі ўзгадніў больш за 500. Не было ніводнага выпадку адмовы, я быў зацікаўлены ў вытворчасці лекавых сродкаў, - тлумачыў у судзе Шаўчук.

- Але ж павінны быць хоць нейкія доказы, апроч слоў Рубцовай! - звяртаў увагу суда абвінавачаны.

Ларыса Рубцова, кіраўніца прадстаўніцтва французскай кампаніі, асноўны хабарадавальнік не толькі паводле справы Валерыя Шаўчука, але і начальніцы ўправы фармацэўтычнай інспекцыі і арганізацыі лекавага забеспячэння Міністэрства аховы здароўя Людмілы Рэуцкай. Сама Рубцова ад крымінальнай адказнасці вызваленая, яе ў якасці сведкі некалькі дзён дапытвалі паводле справы Рэуцкай.

- Без крыўд, але ёсць такі дыягназ, як старэчы маразм. Ларыса Леанідаўна (сведка Рубцова. - Заўвага.TUT.BY) памятае, што было два гады таму, але не памятае, што было ўчора. Яна памятае толькі тыя моманты, якія ёй выгадныя, - звяртаўся да суда Валерый Шаўчук.

Шаўчук не прызнаваў віну ні па адным з пунктаў абвінавачвання. Ён сцвярджаў: падораны iPhone і скураны партфель - гэта не махлярства або хабар, а падарунак. Што датычыцца куплі набору мэблі за кошт іншага заснавальніка камерцыйнай кампаніі Алега Галавача, Шаўчук гэты эпізод адмаўляў.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках