18 красавiка 2024, Чацвер, 8:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнку зрэзалі паёк

22
Лукашэнку зрэзалі паёк
Фота: «Радыё Свабода»

Дыктатар у адказ спрабуе ўключыць заезджаную кружэлку.

Лукашэнка пастанавіў стрэсці нафталін са старога міфа пра «страшных беларускіх нацыяналістаў». Раней ён добра прадаваўся ўсходнім суседзям, піша на сайце naviny.by палітолаг Аляксандр Класкоўскі.

Учора беларускі кіраўнік раптам вымавіў дзіўную тыраду пра памерлага ў 2003 годзе Уладзіміра Мулявіна, кіраўніка знакамітага ансамбля «Песняры»: «Пасля нацыяналістычнага чаду (некалькі гадоў у Беларусі і гэта было) мне давялося яго як нашага, расейскага чалавека, падымаць на вышыню».

Але ўсё становіцца на свае месцы, калі ўзяць да ўвагі, у якім кантэксце і каму гэта было сказана.

Фраза прагучала на сустрэчы ў Менску з губернатарам Свярдлоўскай вобласці Яўгенам Куйвашавым. Мулявін нарадзіўся менавіта ў Свярдлоўску (цяпер Екацерынбургу). У беларускай жа сталіцы, як адзначае прэс-служба Лукашэнкі, «дзякуючы дапамозе ўрада Свярдлоўскай вобласці і асабістай падтрымцы губернатара быў усталяваны помнік гэтаму артысту».

Лукашэнка скарыстаўся тэмай, каб не толькі ўлагодзіць госця ўдзячнасцю, але і паслаць расейскай публіцы (перш за ўсё вярхам) мэсэдж: маўляў, я па-ранейшаму стаю на варце нашых брацкіх стасункаў ад замахаў «зласлівых нацыяналістаў».

Любімая пласцінка пра расейцаў на чамаданах

Гэты міф быў створаны яшчэ на світанку «братэрскай інтэграцыі», калі беларускі кіраўнік усяляк даводзіў Крамлю сваю патрэбнасць, незаменнасць у якасці партнёра і пад гэтую справу выбіваў рэсурсы ў тандэце.

У канцэнтраваным выглядзе гэтая міфалогія была сфармуляваная ў інтэрв'ю журналісту тэлекампаніі Russia Today у сакавіку 2012 года: «...Пры Шушкевічу ўсіх расейскіх людзей пасадзілі на валізы. Яны ўжо ўсіх падзялілі: вось беларус, расеец, паляк. І калі б не “дрэнны Лукашэнка”, то расейцам рабіць ужо ў Беларусі не было б чаго. Вы гэта не забывайце».

Пра расейцаў на валізах – адзін з любімых вобразаў Лукашэнкі. Ён прагучаў, напрыклад, у інтэрв'ю ТАСС у 2016 годзе: «...У нас таксама тры гады практычна нацыяналісты былі ва ўладзе, сябры цяперашніх асобных украінскіх (нават не сённяшніх, а учорашніх) нацыяналістаў. Мы маглі б зайсці вельмі далёка. І толькі прэзідэнцкія выбары [1994 г.] у свой час выратавалі нас. Невядома адкуль узяўся гэты Лукашэнка і правёў рэферэндум датычна саюзу Беларусі і Расеі. І нам давялося разгортвацца, у нас расейцы на валізках сядзелі».

Заўважце, тут яшчэ і тонкая гульня на адчувальнай (асабліва тады, у 2016-м) для расейцаў украінскай тэме. Маўляў, калі б не Лукашэнка, атрымалі б вы і ў Беларусі «бандэраўскую хунту».

БНФ заўсёды быў у апазіцыі

На самай справе «нацыяналісты» ў Беларусі ніколі не былі ва ўладзе. Іх фракцыя ў Вярхоўным Савеце XII склікання не выпадкова называлася «Апазіцыяй БНФ». Сама назва падкрэслівала, што гэтыя людзі былі ў меншасці. Як паведаміў naviny.by былы дэпутат гэтага склікання Сяргей Навумчык, колькасць чальцоў фракцыі не перавышала трох дзясяткаў, пры тым што ўсяго налічвалася 346 дэпутатаў.

Іншая рэч, што ў моманты разгубленасці намэнклятурна-камуністычная большасць апазіцыянераў умела ставіла парламент на вушы і праводзіла прагрэсіўныя пастановы.

Так было, напрыклад, пасля паразы антыперабудовачнага путчу ў 1991 годзе, калі атрымалася надаць канстытуцыйны статус Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі, а потым і зрабіць дзяржаўным (праўда, толькі на некалькі гадоў) гістарычны бел-чырвона-белы сцяг.

Ці сапраўды нацыяналісты «цкавалі Мулявіна»?

Фразу Лукашэнкі пра Мулявіна можна зразумець так, што той нібыта апынуўся ў 90-я ахвярай «нацыяналістычнага чаду». Калі потым давялося «падымаць на вышыню», значыць, «у чадзе» ўтоптвалі ў бруд? Ці было нешта падобнае?

Зміцер Падбярэзскі, намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Мастацтва», які шмат гадоў назірае за музычным жыццём Беларусі, заявіў у каментары для naviny.by: «Ніякага “цкавання Мулявіна нацыяналістамі” я не прыгадваю». Наадварот, ён быў у добрых стасунках з блізкім да БНФ пісьменнікам Васілём Быкавым, паэтам Генадзем Бураўкіным, дадаў суразмоўца.

Ён адзначыў, што ў другой палове 1990-х публіка сапраўды стала горш хадзіць на канцэрты «Песняроў», але гэта было звязана з крызісам унутры калектыву. У выніку ў 1998 годзе ад ансамбля адлучыліся «Беларускія песняры», нагадаў Падбярэзскі.

Як бачым, праблемы «Песняроў» і іх кіраўніка ў той час ляжалі зусім у іншай плоскасці, ніякім пераследам яго паводле этнічнай прыкметы і не пахла.

Са свайго боку Навумчык адзначыў, што тады, у 90-я, не чуў «не толькі ад прадстаўнікоў БНФ, але і ўвогуле ад актывістаў нацыянальнага адраджэння ніводнага выказвання пра Мулявіна, адрознага ад глыбокай павагі або піетэту». Больш за тое, дадаў суразмоўца, для многіх з гэтых людзей шлях да беларускасці пачынаўся з «Песняроў».

У нядаўнім вялікім інтэрв'ю «Радыё Свабода» Зянон Пазняк, які кіраваў апазіцыяй БНФ у Вярхоўным Савеце, з цеплынёй адгукаўся пра Мулявіна, аднёс яго нароўні з Быкавым да ліку людзей, якімі Беларусь можа ганарыцца, нагадаў Навумчык.

Масква за гэта ўжо не адсыпле пернікаў

Лукашэнка ў кантэксце размовы пра Мулявіна дазволіў сабе і такі патэтычны пасаж: «Я беларусам сказаў, што гэты расейскі расеец навучыў нас размаўляць на беларускай мове».

Так, «Песняры» ў свой час у многіх абудзілі гонар за Беларусь, цікавасць да мовы і культуры тытульнай нацыі. І ў пачатку 1990-х, пасля распаду камуністычнай імперыі, у нашай краіне – прынамсі, у прасунутым сегменце грамадства – адчувалася акрылёная атмасфера нацыянальнага ўздыму. Што выяўлялася ў танальнасці СМІ, навінках культуры, модзе на сімволіку і беларускую мову. Можа, гэты рамантычны ўздым цяперашні афіцыйны лідар і называе «чадам»?

Ва ўсякім разе менавіта Лукашэнка ініцыяваў у 1995 годзе рэферэндум з пытаннем пра наданне расейскай мове статусу дзяржаўнай, што на практыцы прывяло да яе амаль непадзельнага панавання і далейшай маргіналізацыі беларускай. Нацыянальна свядомая грамадзянская супольнасць апынулася пад прэсінгам.

Гэты разбуральны працэс прадаўжаецца, тым самым робячы Беларусь асабліва ўразлівай перад экспансіяй «расейскага свету», між тым як пагрозы суверэнітэту абвастрыліся ў сувязі з крамлёўскім прымусам да «паглыбленай інтэграцыі».

Прычым Масква даціскае ашчадна, метадычна. Сярод іншага – уразае хаўрусніку паёк, настойваючы на сваіх умовах. І наўрад ці яе расчуляць старыя байкі пра нібыта ўтаймаванне жалезнай далонню Лукашэнкі пагрозы «страшнага беларускага нацыяналізму».

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках