25 красавiка 2024, Чацвер, 19:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эканаміст: Улады зноў будуць раскідвацца грашыма

14
Эканаміст: Улады зноў будуць раскідвацца грашыма

«Ратаваць» рэгіёны-аўтсайдары пастанавілі савецкімі метадамі.

Экспэрты раскрытыкавалі ўрадавы план для «развіцця» адсталых рэгіёнаў за савецкія падыходы ў развязанні праблем. Дакумент больш нагадвае ім дэкларацыю аб намерах, чым рэальную працу для выратавання рэгіёнаў-аўтсайдэраў, пішуць naviny.by.

Народ бяжыць з правінцыі

Урад вызначыў, што ў Беларусі 31 раён з'яўляецца адсталым паводле ўзроўню сацыяльна-эканамічнага развіцця. На пачатак гэтага года там пражывала амаль 600 тысяч чалавек. Блізу 250 тысяч было занята ў эканоміцы.

Намінальны налічаны сярэдні заробак за мінулы год у адсталых рэгіёнах (за выключэннем двух раёнаў) склаў менш за 75% да сярэдняга значэння ў краіне.

У большасці адсталых рэгіёнаў няма буйных вытворчых арганізацый. У многіх раёнах прамысловыя прадпрыемствы фактычна спынілі дзейнасць або вычарпалі патэнцыял для развіцця. У выніку прамысловы комплекс прадстаўлены ў асноўным прадпрыемствамі жыллёва-камунальнай гаспадаркі і суб'ектамі малога прадпрымальніцтва.

Асновай эканомікі адсталых у развіцці раёнаў з'яўляецца сельская гаспадарка, сказана ва ўрадавым плане.

Да ключавых праблемах адсталых рэгіёнаў урад аднёс значны фізічны і маральны знос асноўных сродкаў; нізкія эканамічная эфектыўнасць і фінансавыя вынікі дзейнасці, брак уласных абаротных сродкаў, высокая закрэдытаванасць суб'ектаў гаспадарання; брак рабочых кадраў, адток кваліфікаваных спецыялістаў у іншыя рэгіёны рэспублікі і за яе межы; неразвітасць сферы паслуг, сацыяльнай інфраструктуры.

Самай вялікай праблемай адсталых рэгіёнаў навуковы супрацоўнік Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC Алег Мазоль назваў зніжэнне якасці чалавечага капіталу.

Паводле ягоных слоў, людзі проста пераязджаюць у абласныя цэнтры ці Менск, а таксама едуць на працу вахтавым метадам у Расею, Украіну, Польшчу. Прычым у Еўропу едуць больш кваліфікаваныя спецыялісты. Напрыклад, лекары.

Паводле ацэнак урада, за 2016-2017 гады колькасць занятага ў эканоміцы насельніцтва ў адсталых раёнах скарацілася на 5,2% (на 13,6 тысячы чалавек) пры сярэднім у краіне скарачэнні на 3,2%.

Адток працаздольнага насельніцтва з рэгіёнаў-аўтсайдэраў адбываецца, у першую чаргу, праз малы заробак, адзначыў Алег Мазоль у каментары для naviny.by. Са слоў экспэрта, заробкі ў рэгіёне не дазваляюць нармальна забяспечваць сям'і.

Акрамя гэтага насельніцтва адсталых раёнаў не можа рэалізаваць атрыманыя веды і навыкі. Адсутнасць нармальнай сацыяльнай інфраструктуры таксама спрыяе міграцыі насельніцтва. Да прыкладу, для сельскай мясцовасці музычная школа, куды можна аддаць дзіця, - вялікая рэдкасць.

Стаўка - на буйныя праекты

Урад мае намер ратаваць адсталыя рэгіёны за кошт «раскрыцця, аднаўлення і нарошчвання вытворчага патэнцыялу, развіцця інфраструктуры, фармавання камфортнага асяроддзя для пражывання на аснове канкурэнтных пераваг, назапашаных кампетэнцый кожнага рэгіёну».

План прадугледжвае рэалізацыю 282 інвестыцыйных праектаў на агульную суму больш за 10 млрд рублёў. Прычым больш за 75% усіх выдаткаў прыпадае на два праекты. Гэта калійныя камбінаты ў Петрыкаўскім і Любанскім раёнах, якія рэалізуюцца за кошт уласных сродкаў прадпрыемстваў і крэдытаў.

Горна-абагачальны камбінат у Гомельскай вобласці будуе «Беларуськалій». Кошт праекта складае 3,27 рублёў. Магутнасці прадпрыемства складуць 1,5 млн тон хларыду калію на год. Там плануецца стварыць больш за 1500 працоўных месцаў.

Горна-абагачальны комплекс у Менскай вобласці будуе кампанія «Слаўкалій» расейскага мільярдэра Міхаіла Гуцырыева. Кошт праекта складае 4,2 млрд рублёў. Магутнасці прадпрыемства складуць ад 1,1 да 2 млн тон хларыду калію на год. Там плануецца стварыць 2 тысячы працоўных месцаў.

У плане гэтыя два комплексу значацца ў ліку «інавацыйных праектаў для асваення цалкам новых для рэгіёнаў кірункаў з высокім дададзеным коштам».

Грошы могуць быць змарнаваныя

Экспэрты раскрытыкавалі ўрадавы план для развіцця адсталых рэгіёнаў.

Алег Мазоль уважае яго больш за дэкларацыяй аб намерах, чым рэальны план для працы з праблемнымі рэгіёнамі. Паводле ягоных слоў, улады выкарыстоўваюць палітыку, якая практыкавалася яшчэ ў савецкія часы. У пры праблемным раёне стваралі буйное прадпрыемства і прыцягвалі туды людзей з іншых рэгіёнаў.

«Такая арыентацыя на буйныя праекты зноў сутыкнецца з тымі ж бар'ерамі, якія ў нас сфармаваліся за мінулыя гады. Гэта неэфектыўная мадэрнізацыя, неэфектыўныя выдаткі. Гэта зноў у большасці выпадкаў змарнаваныя грошы», - адзначыў навуковы супрацоўнік Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC.

Паводле ягоных слоў, калі і выдаткоўваць грошы, то на стварэнне магчымасцяў для людзей. Па-першае, на ягоную думку, трэба развіваць інфраструктуру. Да прыкладу, грошы можна ўкладаць у дарогі і інфармацыйныя тэхналогіі. У тым ліку падвышаць хуткасць інтэрнэту і даступнасць электронных сэрвісаў, каб насельніцтва з правінцыі не ездзіла развязваць пытанні ў буйныя гарады, а магло зрабіць гэта дома.

Акрамя таго, чыноўнікі на месцах павінны больш актыўна тлумачыць людзям, як можна весці свой бізнэс у рэгіёнах.

«Трэба проста даць людзям магчымасць ствараць малы і сярэдні бізнэс. Гэта ключавы прыярытэт, каб спыніць адток насельніцтва і падняць рэгіёны», - адзначыў Алег Мазоль.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках